18 лютага 2019, панядзелак, 16:19
Захаваць «Хартыю»! Стаць нацыяй!
Рубрыкі

Падвышэнне ПДВ - «падарунак» Пуціна расейцам у 2019 годзе

7

Наступным крокам Крамля можа стаць павелічэнне падаходнага падатку, але гэта не ўратуе эканоміку РФ.

У многіх краінах палітыкі раздаюць шчодрыя абяцанні падчас перадвыбарнай кампаніі, а пасля абрання імкнуцца пазбегнуць выканання найбольш складаных або марнатраўных з іх. У Расеі ўсё інакш: галоўныя абяцанні прэзідэнт Пуцін раздае не падчас перадвыбарнай кампаніі, а пасля яе, піша расейскі журналіст, вядоўца праграм тэлеканала «Дождь» Канстанцін Эгерт для «Нямецкай хвалі».

«Выдатная Расея будучыні» Уладзіміра Пуціна

Дакладней, няма і самой перадвыбарнай кампаніі - ёсць шоў з удзелам спецыяльна падабраных камедыянтаў у дыяпазоне ад Ксеніі Сабчак да Уладзіміра Жырыноўскага, шматкроць праверанага часам і адміністрацыяй прэзідэнта (версія 2018 года). Пуцін у шоў не ўдзельнічае, бо не царская гэта справа - быць цыркачом. Затое адразу пасля інаўгурацыі, а, фактычна, цырымоніі самапрызначэння, прэзідэнт падпісвае ўказ з абяцаннем ільгот, паляпшэння сістэм адукацыі, аховы здароўя, сацыяльнага забеспячэння і іншых радасцяў. Гэта сучасны аналаг раздачы падарункаў манархам простаму люду з нагоды каранацыі.

Пасля гэтага міністэрства фінансаў атрымлівае ўказанне знайсці грошы для выканання прэзідэнцкіх абяцанняў. І робіць гэта за кошт саміх грамадзян. Так было пасля абодвух так званых травеньскіх указаў - і ў 2012, і ў 2018 годзе.

2018 год выявіўся асабліва запамінальным. Уладзімір Уладзіміравіч падпісаў указ, у якім паабяцаў ператварыць Расею да канца свайго чацвёртага тэрміну ў Еўразійскі аналаг Сінгапура паводле ўзроўню жыцця, аховы здароўя, адукацыйнай інфраструктуры і інавацый. Пасля гэтага ён загадаў дэпартаменту сваёй адміністрацыі пад назвай «Дзяржаўная дума» павялічыць узрост выхаду на пенсію, а таксама падвысіць ПДВ з 18 да 20 адсоткаў з 1 студзеня 2019 года. Мяркуецца, што гэты крок будзе штогод прыносіць у дзяржбюджэт амаль 600 мільярдаў рублёў. Прычым, калі паглядзець на спецыфіку «падарункавага» ўказа 2018 года, грошы гэтыя, у значнай ступені, пойдуць падрадчыкам, якія павінны будуць рэалізоўваць прэзідэнцкі праект стварэння мары Расеі.

Пенсійная рэформа выклікала пратэсты, якія, па традыцыі, неўзабаве заглухлі. Расейцы добра ведаюць, што бізуном абуха не перабіць. Павелічэнне ПДВ спародзіць рост коштаў, з якім грамадзянам, якія выходзяць са святочнага сезону, яшчэ трэба прызвычаіцца. Хоць рост коштаў паліва, які пачаўся ў лістападзе, павінен быў падрыхтаваць людзей да таго, што іх чакае ў 2019 годзе. Пры гэтым прагноз эканамічнага росту застаецца кволым: традыцыйна «аптымістычнае» Міністэрства эканамічнага развіцця прадказвае не больш за 1,3-1,4 адсотка, такія ж традыцыйна «песімістычныя» рэйтынгавыя агенцтвы - і таго менш.

«Новае дваранства» Расеі губіць яе эканоміку

Як і падвышэнне пенсійнага ўзросту, павелічэнне ПДВ не выкліча масавых пратэстаў і не прывядзе да драматычнага росту папулярнасці апазіцыі. Расейцы прывыклі ва ўмовах эканамічных цяжкасцяў не бунтаваць, а прыстасоўвацца. Хоць, як і ад гісторыі з пенсіямі, асадак, што называецца, застанецца.

Так, у вачах грамадства Уладзімір Пуцін паступова перастае адрознівацца ад ягоных «дрэнных баяраў». Але непазбежны працэс страты аўтарытэту цяперашняга «нацыянальнага лідара» ў вачах шырокай грамадскасці зойме час. Іншы працэс - усведамленне таго, што расейская эканоміка знаходзіцца ў тупіку - ідзе хутчэй.

Выхад з цяперашняй сітуацыі можа быць толькі адзін - поўны дэмантаж сістэмы крывога дзяржкапіталізму, спароджанай у Расеі. Краіна, якая перажыла за апошнія 15 гадоў паўзучую рэнацыяналізацыю нябачаных маштабаў, проста больш не можа развівацца.

Пуцінскае «новае дваранства», якое марыць перадаць актывы дзецям, не здольнае рэфармаваць эканоміку, не адмаўляючыся адначасова ад кантролю над гэтымі самымі актывамі.

Фінансавыя чараўнікі, падобныя Антону Сілуянаву, вымушаныя вынаходзіць усё новыя трукі. Каб, з аднаго боку, не друкаваць грошы і не раскручваць інфляцыю (Пуцін гэта не ўхваляе), а з другога - падтрымліваць на плыву ўсе гэтыя растэхі, раснафты, газпрамы і дзясяткі іншых дзяржкарпарацый, чые даходы часта асядаюць у прыватных кішэнях, а ўсе страты кампенсуюцца за кошт абірання грамадзян і нармальнага бізнэсу. А яшчэ ёсць войны ў Сірыі і ва Украіне, утрыманне Крыму, Абхазіі і Паўднёвай Асеціі, уласных сілавікоў.

Павелічэнне ПДВ не ўратуе эканоміку

Павелічэнне ПДВ - апошняя магчымасць папоўніць бюджэт, закранаючы даходы жыхароў Расеі ўскосна, а не наўпрост. Далей - толькі змена шкалы падаходнага падатку. А гэта можа выклікаць нашмат больш масавы пратэст актыўнага насельніцтва ўсіх узростаў. Таму што людзі згаджаюцца плаціць больш грошай толькі ў абмен на канкрэтнае і бачнае паляпшэнне паслуг, якія ім надае дзяржава. Такога паляпшэння пры цяперашняй эканамічнай сістэме проста не можа быць.

Але яе дэмантаж будзе мець вялікія сацыяльныя наступствы. Сумленную прыватызацыю правесці наогул цяжка. Пайсці пры гэтым на скарачэнне мільёнаў працоўных месцаў – значыць, валодаць фантастычнай палітычнай воляй і сталёвымі нервамі. Аднак толькі гэта разам з поўнай трансфармацыяй судовай сістэмы здольнае выратаваць Расею ад паступовага апускання ў бездань эканамічнага заняпаду і адставання.

Падвышэнне ПДВ на два адсоткі, якое само па сабе перажываецца, стала сімвалам паступовага, але няўмольнага прасядання расейскай эканомікі.