22 лютага 2019, Пятніца, 22:33
Заклік Рады БНР
Рубрыкі

Парадокс: «Белэнэрга» занепакоены ростам выпрацоўкі альтэрнатыўнай электраэнэргіі

48

Чыноўнікі бачаць у чыстай энэргіі пагрозу для эфектыўнасці БелАЭС.

ВА «Белэнэрга» канстатуе значны рост выпрацоўкі электраэнэргіі ад аднаўляльных крыніц, заяўляе пра рызыкі выцяснення ЦЭЦ з энэргабалансу і пагрозу для эфектыўнасці БелАЭС, што будуецца.

«Высокія тэмпы развіцця аднаўляльных крыніц энэргіі (АКЭ) могуць прывесці... да замяшчэння таннай электраэнэргіі ад электрастанцый ДВА «Белэнерга» на дарагую ад аднаўляльных крыніц энэргіі і, як следства, - да павелічэння тарыфаў на электраэнэргію для спажыўцоў рэальнага сектара эканомікі», - сказана ў каментары, размешчаным на сайце «Белэнэрга», паведамляе «Интерфакс».

Да ліку рызык развіцця альтэрнатыўных крыніц энэргіі ў «Белэнэрга» адносяць выцясненне з энэргетычнага балансу электрычных магутнасцяў ЦЭЦ і неабходнасць абмежавання базавага рэжыму працы БелАЭС у міжацяпляльны перыяд.

«Прагназуецца, што на момант уводу ў эксплуатацыю Беларускай АЭС пры ўмове будаўніцтва ўсіх запланаваных аб'ектаў аднаўляльнай энэргетыкі сумарная электрычная магутнасць такіх установак (без уліку ДВА «Белэнерга») узрасце ў 2,5 разы (з 266 МВт у 2017 годзе да 665 МВт у 2020 годзе), а гадавы аб'ём водпуску электраэнэргіі ў энэргасістэму павялічыцца да 1,35 млрд кВт/г або ў 3,7 разы да ўзроўню 2017 года», - падкрэсліваюць у «Белэнэрга».

Пры гэтым цяпер, паводле звестак «Белэнерга», сярэднеўзважаны кошт куплі 1 кВт/г у АКЭ больш чым у 5 разоў перавышае выдаткі для яго вытворчасці на традыцыйных энергакрыніцах.

«У апошнія гады ні адзін від электрычнай генерацыі так інтэнсіўна не развіваецца, як генерацыя на базе АКЭ. За 2016 год электрычная магутнасць установак АКЭ прырасла ў 1,6 разы да 2015 года, у 2017 годзе - у 1,8 разы да 2016 года», - сказана ў паведамленні.

У сувязі з гэтым «Белэнэрга» падрыхтавала праект указа, накіраваны на ўзмацненне жорсткасці патрабаванняў да вытворцаў альтэрнатыўнай электраэнэргіі.

Між іншым, прапануецца пасля 1 сакавiка 2019 усталяваць квоты на стварэнне ўстановак АКЭ і даць ураду паўнамоцтвы на іх канфіскацыю. Таксама ўрад вызначыць умовы перадачы выпрацаванай на АКЭ электраэнэргіі па сетках дзяржаўных энергазабеспячальных арганізацый. Акрамя таго, плануецца абмежаваць выкарыстанне каэфіцыентаў павышэння пры закупцы электраэнэргіі ад АКЭ ў выпадку, калі былі парушаныя планавыя тэрміны іх уводу ў эксплуатацыю. Прадугледжаны таксама захады, якія будуць стрымліваць павелічэнне магутнасці раней уведзеных установак.

Асабліва парадаксальным выглядае гэтая заява на фоне сусветнай тэндэнцыі да пераходу да АКЭ.

У першай палове 2018 гадоў у Нямеччыне аднаўляльныя крыніцы далі больш электраэнэргіі, чым вугаль - 36% усёй электраэнэргіі.

Многія краіны нават называюць даты поўнага пераходу да АКЭ. Да прыкладу, Гішпанія цалкам пяройдзе на «зялёную» электраэнэргію да 2050 года.