Лідары Аргенціны і Бразіліі прызналі Мадура дыктатарам
2- 16.01.2019, 20:28
- 11,353
Маўрысіа Макры і Жаір Балсанару наважылі ўзмацніць ціск на кіраўніка Венесуэлы.
Прэзідэнты Аргентыны і Бразіліі Маурысіа Макра і Жаір Балсанару паводле вынікаў праведзенай у сераду сустрэчы наважылі ўзмацніць ціск на кіраўніка Венесуэлы Нікаласа Мадура, паведамляе svoboda.org са спасылкай на агенцтва Reuters. Абодва лідары заявілі, што ўважаюць Мадура дыктатарам.
Падчас свайго візіту ў сталіцу Бразіліі, аргентынскі лідар патлумачыў пастанову не прызнаваць уладу Мадура тым, што некалькі краін, у тым ліку ЗША, ужо адмовіліся ўважаць яго легітымным лідарам Венесуэлы.
Прэзідэнт Аргенціны таксама асудзіў заключэнне многіх прадстаўнікоў венесуэльскай апазіцыі і заявіў, што ўважае сфальсіфікаванымі вынікі прэзідэнцкіх выбараў, на якіх перамог Мадура.
У аўторак амерыканскі тэлеканал CNN паведаміў, што ЗША разглядаюць магчымасць прызнання кіраўніка апазіцыйнага парламента Венесуэлы Хуана Гуаіда легітымным прэзідэнтам краіны замест Нікаласа Мадура. Крыніцы тэлеканала таксама распавялі, што ў Вашынгтоне не выключаюць узмацнення санкцый супраць Каракаса. Між іншым не выключаецца ўвядзенне поўнага эмбарга на венесуэльскую нафту.
ЗША і дзяржавы Лацінскай Амерыкі раней ужо называлі Нікаласа Мадура ўзурпатарам. Палітыка крытыкуюць за парушэнні правоў чалавека.
У Венесуэле не спыняецца гуманітарны крызіс. У 2018 годзе эканамічнае становішча краіны працягвала пагаршацца: паказчык інфляцыі ў Венесуэле перавысіў адзнаку аднаго мільёна працэнтаў за год. У большасці гарадоў назіраецца недахоп тавараў паўсядзённага карыстання, мільёны людзей эмігравалі з краіны ў пошуках працы.