27 красавiка 2024, Субота, 4:32
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Як кіраўніцтва спраў Лукашэнкі зарабляе мільёны на азёрах і рэках

26
Як кіраўніцтва спраў Лукашэнкі зарабляе мільёны на азёрах і рэках
ФОТА З АРХІВА NPP.BY

Улады шукаюць новыя спосабы рабавання людзей.

Нацыянальны парк «Прыпяцкі» хоча далучыць да сваёй тэрыторыі возера Чырвонае ў Жыткавіцкім раёне Гомельскай вобласці, што выклікала незадаволенасць мясцовых жыхароў. Людзі выступаюць супраць таго, каб возера, якое знаходзіцца пад апекай мясцовых арандатараў, перайшло ў рукі «васпанавых людзей».

Ні для кога не сакрэт, што ўсе нацыянальныя паркі Беларусі - «Браслаўскія азёры», «Белавежская пушча», «Нарачанскі», «Прыпяцкі», - знаходзяцца пад кантролем кіраўніцтва справамі Лукашэнкі. У першую чаргу, гэта дзяржпрадпрыемствы, створаныя для прыцягнення багатых аматараў папаляваць і парыбачыць.

Як мы здолелі даведацца ад замежнікаў, якія бывалі ў «Прыпяцкім», мінімальны тур на 2 дні палявання ў нацпарку каштуе 735 еўраў. 7-дзённы тур з шасцю днямі палявання - 1990 еўраў. Найбольш дарагі варыянт - 2500 еўраў.

Атрымліваецца, што ў выпадку з возерам Чырвонае, якое ў свой час прывялі ў парадак мясцовыя арандатары, улады думаюць аб нажыве, а пераход зямлі ў валоданне нацыянальнага парку - звычайны рэйдарскі захоп.

Вядома, што для беларускіх чыноўнікаў «грошы не пахнуць». Улады зазываюць у Беларусь шкодныя кітайскія прадпрыемствы, будуюць небяспечную БелАЭС, паліва з якой збіраюцца захоўваць на нашай з вамі зямлі, раздорваюць паляўнічыя ўгоддзі арабскім шэйхам і расейскім алігархам. Чаму прыродныя багацці і экалогія для нашых уладаў - проста артыкул даходу?

Сайт Сharter97.org звярнуўся па каментар да адной з удзельніц экалагічнага пратэсту ў Светлагорску Алены Маслюковай і эканаміста Льва Марголіна.

Леў Марголін: У Беларусі можа з'явіцца падатак на грыбы і ягады

- Як я стаўлюся да сітуацыі вакол гэтага возера Чырвонае? Чыноўнікі будуць лавіць рыбку, а з простых людзей будуць браць велізарныя грошы. Звярну ўвагу на тое, што ў Беларусі ўсё больш-менш каштоўнае належыць кіраўніцтву справамі Лукашэнкі, якое ўмее атрымліваць грошы практычна з усяго. У гэтым галоўны парадокс. Якая ім справа да запаведнікаў, заказнікаў і нацпаркаў?

Я думаю, што недалёкі той час, калі збіраць грыбы і ягады можна будзе толькі з ліцэнзіяй або спецыяльным дазволам. І будзе абавязковым насіць яго пры сабе. А кожнага аматара «ціхага палявання» будуць спыняць і правяраць дакументы. Усё вельмі проста: улады шукаюць новыя і новыя магчымасці збіраць з людзей грошы, - упэўнены эканаміст Леў Марголін.

- Беларускія ўлады раздавалі землі і арабскім шэйхам, і расейскім алігархам. Ці законна гэта?

- У нармальнай краіне такая практыка проста немагчымая. Ніхто не раздорвае зямлю з «панскага пляча», а дзейнічае закон, ёсць вяршэнства права - і гэта вышэй за ўсё.

Давайце паглядзім на заканадаўства: калі зямлю можна набываць і браць у арэнду, калі ласка, чаму і не. Хай бяруць і набываюць арабскія шэйхі. Але ўмовы павінны быць роўнымі для ўсіх. Дарэчы, у многіх краінах умовы пакупкі і арэнды зямлі для сваіх грамадзян больш ільготныя, чым для замежнікаў.

У нашых варунках гэта нават абмяркоўваць абсалютна бессэнсоўна. Бо такая ж сітуацыя ва ўсіх сферах, не толькі ў карыстанні прыроднымі рэсурсамі і зямлёй. Ва ўладаў дзейнічае іншы прынцып: «Што хачу, тое і кручу».

- Чаму нашы лясы, азёры, рэкі, які належаць кожнаму беларусу, ператварыліся ў яшчэ адзін артыкул даходаў чыноўнікаў?

- Лукашэнка, які аднаасобна прымае ўсе пастановы, вызначыў узяць гэтую галіну «пад патранаж». А раённая і абласная наменклатура, чыноўнікі, паводзяць сябе як дачаснікі.

У нейкай ступені гэта зразумела, бо пасада чыноўніка ў Беларусі вельмі небяспечная. Сёння ты на свабодзе - заўтра за кратамі. Таму паводзіны ва ўладаў вельмі простыя: атрымаў нейкую пасаду, рабуй, пакуль не закрылі.

Калі б у нас было развітае самакіраванне і былі рэальныя выбары, то чыноўнікі адчувалі б адказнасць.

Алена Маслюкова: якое права мае кіраўніцтва справамі Лукашэнкі карыстацца гэтымі землямі?

- Мне абсалютна не падабаецца сітуацыя вакол возера Чырвонае. Чыноўнікі павінны разумець, што яны такія ж грамадзяне гэтай краіны, як і ўсе астатнія. Гэта звычайныя мэнэджары, а мы іх наўпроставыя наймальнікі. Беларусы плацяць ім заробак са сваіх гаманцоў.

Улады не маюць ніякага права нажывацца і паразітаваць на гэтым возеры. Калі мясцовыя арандатары ўклалі дамовы - хай карыстаюцца гэтымі азёрамі. Якое права мае кіраўніцтва справамі Лукашэнкі туды соваць нос?

Яны неўзабаве ўсё тут забяруць. Зямлю, паветра, нетры нашай краіны. Забяруць і прададуць. Ведаеце, гэта абсалютна абсурдная сітуацыя. Я цалкам падтрымліваю людзей, якія выйшлі на абарону возера, - кажа адна з удзельніц экалагічнага пратэсту ў Светлагорску Алена Маслюкова.

- Нацыянальны парк «Прыпяцкі», які збіраецца ўзяць пад кантроль возера, нядрэнна зарабляе на аматарах палявання і рыбалкі. Як вы думаеце, гісторыя з возерам Чырвонае - гэта звычайнае жаданне чыноўнікаў нажыцца?

- Безумоўна. Вы ж разумееце, што ўсё будзе выкарыстоўвацца «ягонай каралеўскім вялікасцю» і кагортай набліжаных.

Давайце падумаем, які беларус можа сабе дазволіць такі адпачынак? Асабіста я не гатовая аддаць за паляванне на выходных 800 еўраў. І такіх беларусаў не ведаю. Ёсць чыноўнікі, якія нядрэнна зарабляюць. Усе разумеюць, што гэта для іх.

- А таксама для замежных сяброў Лукашэнкі...

- Я не супраць таго, каб сюды прыязджалі замежныя турысты: з Арабскіх Эміратаў, з Расеі. Беларусы - гэта вельмі гасцінны народ. Але хай яны прыязджаюць сюды не гаспадарамі, а менавіта гасцямі. Не ўладальнікамі. Прыязджайце, адпачывайце, прывозьце грошы. Але хто даў права чыноўнікам распрадаваць нашы землі і маёмасць? Я катэгарычна супраць гэтага.

- Чаму ў нашай наменклатуры такое спажывецкае стаўленне да прыродных багаццяў? Такое пачуццё, што яны проста не збіраюцца тут жыць.

- Я думаю, што гэтае пытанне трэба задаць Аляксандру Рыгоравічу і ягонай кампаніі, паглядзеўшы ім у вочы.

Я прывяду прыклад Светлагорска. Вось пабудавалі ўлады завод беленай цэлюлозы, які апрыёры з'яўляецца нікуды не вартым, а цяпер кожны дзень спрабуюць запусціць яго, труцяць людзей, забруджваюць раку Бярэзіну.

Уявіце, на заводзе цяпер усё завалена лесаматэрыяламі. Завод не запускаецца, лес гніе. Што ж прыдумалі нашы чыноўнікі? Яны наважылі проста спальваць драўніну. Навошта было ўкладваць грошы, пілаваць нашы беларускія дрэвы, каб проста спаліць усё на вуліцы?

Безгаспадарчасць і безадказнае стаўленне да багаццяў нашай прыроды ў нас паўсюды.

Тое самае магу сказаць пра БелАЭС. Ва ўладаў перад вачыма толькі даляры.

Час ужо беларусам патрабаваць ад чыноўнікаў адказу і адказнасці. Калі вы безгаспадарча марнуеце нашы грошы, закопваеце ў зямлю мільёны і мільярды даляраў, то вы павінны адказваць. Адказвайце паводле закона. А то як у нас? Калі ты чыноўнік, то закон на цябе не дзейнічае.

У адказе на ваша пытанне хачу сказаць, што нашы ўлады сапраўды тут жыць не збіраюцца. Не дай Бог што-небудзь здарыцца - чыноўнікі першыя збяруць валізкі і з'едуць адсюль. Яны - не гаспадары гэтай зямлі. Гэта не ўлады, а прыхвасні, якія сюды прыйшлі і рабуюць мільёны. Пара б ужо з гэтым разабрацца.

Напісаць каментар 26

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках