18 кастрычнiка 2019, Пятніца, 15:19
Мы ў адной лодцы
Рубрыкі

«Заробак панчохамі і шкарпэткамі нам выдаюць ужо трэці раз»

13
«Заробак панчохамі і шкарпэткамі нам выдаюць ужо трэці раз»
Фота: «Белсат»

Супрацоўнікі гомельскай трыкатажнай фабрыкі абураныя.

Як стала вядома, на гомельскай трыкатажнай фабрыцы «8 сакавіка» частку заробку выдалі прадукцыяй: панчохамі, шкарпэткамі і ніжняй бялізнай. Паведамляецца, што супрацоўнікі прадпрыемства сутыкаюцца з гэтым ужо не ўпершыню.

«Белсат» паспрабаваў разабрацца, ці адпавядае гэтая інфармацыя рэчаіснасці і што на гэты конт думаюць супрацоўнікі фабрыкі.

Суразмоўца, які захацеў застацца невядомым, паведаміў, што сапраўды частку заробку памерам 80 рублёў выдалі двума сертыфікатамі 40 рублёў на гатовую прадукцыю «8 сакавіка». У разліковым аркушы пры гэтым асадкай было паказана «80 руб». Калі сталі з'яўляцца не згодныя з такім становішчам рэчаў, дырэктар выдаў загад, які павінен быў падпісаць кожны супрацоўнік:

«Сертыфікаты гэтыя выдаюць нам ужо прыблізна трэці раз. Такім чынам кіраўніцтва фабрыкі хоча выканаць загад кіраўніка краіны ў справе павышэння заробку бюджэтнікаў», – мяркуе працаўнік.

Іншыя ж супрацоўнікі, якія пагадзіліся на размову, кажуць, што сертыфікаты выдалі ў якасці падарункаў да Новага года:

«Гэтыя 80 рублёў – гэта плюс да заробку. Іх далі як падарунак на Новы год. Але не ўсе на самай справе задаволеныя гэтым падарункам, бо людзям трэба аплачваць камунальныя паслугі, харчавацца, і гэта немагчыма зрабіць гэтымі сертыфікатамі».

Атрымаць афіцыйную інфармацыю ад кіраўнікоў прадпрыемства не атрымалася: на тэлефанаванні ніхто не адказвае.