Былым брытанскім калоніям дазволілі выбіваць свой фунт стэрлінгаў
3- 6.01.2019, 21:33
- 11,415
Заморскія тэрыторыі і ўладанні Вялікабрытаніі будуць выбіваць манету з уласным унікальным дызайнам на рэверсе.
Вялікабрытанія дала права сваім заморскім тэрыторыям і ўладанням выбіваць манету наміналам £ 1 з уласным унікальным дызайнам на рэверсе. Пра гэта паведамляе прэс-служба парламента Злучанага Каралеўства, паведамляе РБК.
«Гэтую пастанову міністры прынялі ў знак падтрымкі тэрыторый і залежных ад Вялікабрытаніі ўладанняў і гарантавалі ім, што яны змогуць атрымаць выгаду ад выкарыстання больш абароненай новай 12-кантовай манеты», - гаворыцца ў заяве брытанскай Скарбніцы.
На рэверсе рэгіянальных манет, як чакаецца, з'явяцца выявы, якія адлюстроўваюць культурную спадчыну і гісторыю гэтых тэрыторый. На думку міністраў, гэта падкрэсліць сувязь заморскіх уладанняў з Лонданам.
«Новы дызайн будзе адлюстроўваць багатыя і разнастайныя брытанскія супольнасці ва ўсім свеце сапраўды гэтак жа, як ружа, цыбуля-пор, чартапалох і канюшына цяпер сімвалізуюць чатыры нацыі Вялікабрытаніі. Ад Фальклэндскіх выспаў да Гібралтара гэты крок ясна сведчыць пра нашу непахісную прыхільнасць нашым абшарам ва ўсім свеце», - адзначыў міністр фінансаў Вялікабрытаніі Робэрт Джэнрык.
У 2017 годзе Вялікабрытанія ўвяла ў абарачэнне 12-кантовую манету £ 1. У брытанскіх заморскіх уладаннях тым не менш дагэтуль выкарыстоўваюцца старыя манеты, якія адрозніваюцца памерам ад новай. Каб пачаць біццё ўласных манет, брытанскія тэрыторыі павінны праінфармаваць каралеўскі манетны двор пра сваю пастанову. Той, у сваю чаргу, забяспечыць мясцовыя манетныя двары загатоўкамі для біцця.
Уладанні брытанскай кароны:
выспа Мэн у Ірландскім моры;
выспы Гернсі і Джэрсі ў пратоцы Ла-Манш.
Заморскія тэрыторыі Вялікабрытаніі:
Ангілья (Карыбы);
Бэрмуды (Паўночная Атлантыка);
брытанскія антарктычныя тэрыторыі;
брытанская тэрыторыя ў Індыйскім акіяне;
Брытанскія Віргінскія выспы (Карыбы);
выспы Кайман (Карыбы);
Гібралтар;
Монтсэрат (Карыбы);
выспа Піткерн (Ціхі акіян);
выспы Святой Алены, Ушэсця і Трыстан-да-Кунья (Паўднёвая Атлантыка);
Паўднёвая Георгія і Паўднёвыя Сэндвічавы выспы (Паўднёвая Атлантыка);
выспы Тэркс і Кайкас (Багамы);
Акратыры і Дэкелія (Міжземнамор'е).