21 траўня 2024, aўторак, 15:49
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Чвэрць літоўцаў бачаць у Беларусі пагрозу

6
Чвэрць літоўцаў бачаць у Беларусі пагрозу

Больш за палову літоўцаў уважаюць за пагрозу знешнюю палітыку Расеі.

Ці пагражае Літве якая-небудзь дзяржава? Калі так - якая? І ці будуць жыхары Літвы абараняць краіну ў выпадку небяспекі? Гэта толькі частка пытанняў, якія задавалі падчас апытання жыхароў. Мэта апытання - высветліць стаўленне жыхароў да дэмакратыі, палітыкі, эканомікі, СМІ і г.д.

Расея - недружалюбная ў дачыненні да Літвы дзяржава, якая нясе эканамічную і вайсковую пагрозу. Гэтая характарыстыка, якую часта паўтараюць кіраўнікі Літвы і СМІ, падабаецца не ўсім. Некаторыя ўважаюць яе за неабгрунтаваную, якая ідзе насуперак з светапоглядам жыхароў Літвы. Пра гэта несупадзенне ў «меркаванні простых жыхароў Літвы» і эліты часта вяшчаюць расейскія інфармацыйныя каналы.

Аднак вынікі даследавання, атрыманыя Delfi, паказалі, што грамадства выразна разумее пагрозу ў геаграфічным плане, нягледзячы на тое, што некаторыя вынікі даследавання могуць здацца нечаканымі.

Апытанне было праведзенае ў 2018 годзе на замову Мінабароны і Цэнтра ўсходнееўрапейскіх даследаванняў.

Паводле звестак кіраўніка цэнтра Лінаса Каялы, грунтоўныя высновы на аснове гэтага даследавання рабіць не варта, бо трэба паглыбіцца ў канкрэтныя фактары.

Аднак некаторыя звесткі выразныя. Апытанне правяла кампанія Spinter tyrimai ў канцы жніўня 2018 года. У ім бралі ўдзел 1007 жыхароў Літвы 18-75 гадоў. Згодна з вынікамі апытання, з агульнай заявай, што расейская палітыка нясе наўпроставую пагрозу для краін Усходняй Еўропы, цалкам згодны ці згодныя 44% удзельнікаў апытання.

Што да іншых звестак, то вынікі падобныя. Напрыклад, 63% удзельнікаў апытання на пытанне, ці нясе замежная палітыка Расеі пагрозу для Літвы, далі станоўчы адказ. У асноўным гэта людзі з вышэйшай адукацыяй, з даходамі больш за 500 еўраў на месяц.

60% рускамоўных удзельнікаў апытання ўважаюць знешнюю палітыку Расеі пагрозай для Літвы (у красавіку 2016 г. такіх было 57%).

«Расею па-ранейшаму расцэньваюць як краіну, што нясе пагрозу, і колькасць грамадзян, якія так мяркуюць за два гады - з 2016 года, амаль не зменшылася. Гэта цікавая тэндэнцыя, бо казалі, што грамадства стомленае ад гэтай тэмы, акрамя таго, тэма Украіны радзей з'яўляецца ў цэнтры ўвагі. Толькі Расею ўважаюць краінай, якая нясе пагрозу», - заўважыў Каяла.

На другім месцы (23%, супраць 13% у 2016 г.) - Беларусь. Цікава, што пасля таго, як у ЗША прэзідэнтам стаў Дональд Трамп, павялічылася колькасць жыхароў Літвы, якія мяркуюць, што знешняя палітыка ЗША нясе пагрозу для Літвы (14% у 2018 і 7% у красавіку 2016 г.)

Яшчэ менш жыхароў мяркуюць, што пагрозу для Літвы нясе знешняя палітыка Нямеччыны (9%), Польшчы (5%), Швецыі, а 3% удзельнікаў апытання мяркуюць, што пагрозай для Літвы з'яўляецца знешняя палітыка Латвіі. Цікава, што 9,4% палякаў уважаюць палітыку Польшчы пагрозай для Літвы.

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках