26 красавiка 2024, Пятніца, 7:34
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Людзі павывозілі павільёны, каб не плаціць арэнду»

39
«Людзі павывозілі павільёны, каб не плаціць арэнду»
Фота: bymedia

Як расейскі шэры імпарт знішчае беларускія рынкі.

Рынкавы гандаль памірае на вачах. Раней на Салігорскім рынку прадпрымальнікі біліся за месцы, цяпер проста кідаюць іх пустымі. На адзін працоўны павільён - дзесяць, дваццаць пустых месцаў або закрытых боксаў. Некаторыя бізнэсоўцы яшчэ спрабуюць прадаць павільёны - але памяшканні нікому не патрэбныя.

«Людзі пазачыняліся і павывозілі павільёны, каб не плаціць арэнду, паведамляе «Белсат».

Бо арэнда шалёная. І штодня, лічы, вывозяць, вывозяць і вывозяць», - распавядае індывідуальны прадпрымальнік Таццяна Кучынская.

Абсталяваць ралетную кабіну раней каштавала дзве з паловай тысячы даляраў. Цяпер дзясяткі павільёнаў стаяць закінутыя - займай хто хоча. Арэнда месца каштуе 88 рублёў за месяц, але ахвотных арандаваць няма. Бо пакупнікоў мала, і яны толькі ў выходныя дні.

«Я год таму спрабавала прадаць свой павільён. За бесцань. Дык нават ніхто не спытаў кошт», - кажа індывідуальная прадпрымальніца Людміла Пушко.

Людміла гандлюе жаночым адзеннем беларускай вытворчасці. Толькі ў абсталяванне аднаго павільёна яна ўклала калісьці 15 тысяч даляраў, а колькі ў адзенне - не палічыць. Кінуць павільён шкада, а захоўваць няма дзе. Так і працую, па інэрцыі.

З таго, што прадам, штомесяц трэба заплаціць 129 рублёў арэнды, 76 рублёў падатку, плюс камуналку. За месяц Людміла прадае ў сярэднім трыццаць рэчаў. Год таму было ўдвая больш. Але ў снежні 2017 года продажы значна скараціліся. Эканомны пакупнік перайшоў да гандляроў з Азіі, якія дэмпінгуюць.

Многія рынкавыя прадпрымальнікі дапрацоўваюць апошнія месяцы. Новы год для іх абяцае быць яшчэ больш цяжкім. Уводзяцца ідэнтыфікацыйныя маркі на асобныя тавары. Выканаць новую норму многія не змогуць, бо нашым прадпрымальнікам такіх дакументаў не даюць аптовыя гандляры.

«Прыязджаюць на маскоўскія аптовыя рынкі, купляюць тавар оптам, ім не даюць суправаджальныя дакументы. Вось як у нас былі праблемы з гэтымі суправаджальнымі дакументамі. Ну і ёсць асцярогі, што тая ж сітуацыя будзе адбывацца з ідэнтыфікацыйнымі знакамі», - кажа прадпрымальнік Вячаслаў Піліпук.

Прадпрымальнікі не могуць уплываць на шэры імпарт Расеі. А вось падстаў патрапіць на штраф ці санкцыі на тавар падчас праверкі становіцца на адну больш. Не разгледжаная праблема і з онлайн-чэкамі, якія расейцы не заўсёды даюць, а мець іх беларусам трэба.

«Прадпрымальніцкая супольнасць спадзяецца, што нашы органы разумеюць гэтую сітуацыю, і колькасць праверак будзе адпаведным чынам змяншацца», - мяркуе Вячаслаў.

У Беларусі штогод павялічваецца колькасць сучасных гандлёвых цэнтраў і прысутнасць крам вядомых брэндаў. Таму плацежаздольны пакупнікі з рынкаў сыходзяць туды, дзе прыгожа, цёпла і ўтульна. У гэтым годзе ў Беларусі дадалося 17 гандлёвых цэнтраў - усяго іх цяпер амаль 600. А вось рынкаў стала на тры менш. Цяпер іх 386 на ўсю Беларусь.

Гандлёвыя цэнтры зацікаўленыя ў павелічэнні трафіку. Для гэтага яшчэ на стадыі будаўніцтва прадумваюць і размяшчэнне крам, і святло, і тэмпературу памяшкання. А маркетолагі ўжо прыдумляюць, чым завабіць да сябе пакупніка.

«Напрыклад, кірмашы рамеснікаў, актыўнасці для дзяцей, дзіцячыя спектаклі і забавы, майстар-класы, нейкія лекцыі цікавых спікераў, якія былі б карысныя», - падае прыклад Кацярына Вераскіна, кіраўніца аддзела маркетынгу і рэкламы ГЦ «Галерэя Менск».

Супрацьстаяць такому маркетынгу рынкі і дробныя прадпрымальнікі ніколі не змогуць. Таму ім застаецца карыстацца толькі адной перавагай - індывідуальны падыход да кожнага пакупніка. Але відавочна, што рынкі проста паступова знікнуць з карты Беларусі.

Напісаць каментар 39

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках