23 лiпеня 2026, Чацвер, 0:28
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Брат загінулага ў Магілёве хлопца: Спадзяюся, гэтая смерць спыніць ахвочых пакатацца на горцы

25
Брат загінулага ў Магілёве хлопца: Спадзяюся, гэтая смерць спыніць ахвочых пакатацца на горцы

24-гадовы жыхар Магілёва, катаючыся з горкі, сутыкнуўся са слупом.

Трагічнае здарэнне адбылося 6 студзеня ў новым парку Падміколле ў Магілёве. На несанкцыянаванай горцы разбіўся юнак. Унізе горкі ён сутыкнуўся са слупам, удар прыйшоўся на галаву. Хуткая прыехала на месца праз 10 хвілін, але дапамагчы ўжо нічым не здолела, паведамляе «Белсат».

Загінулым аказаўся 24-гадовы жыхар Магілёва Аляксей. 6 студзеня ён прыйшоў на стыхійную горку разам з сябрамі, але яны ад каментароў адмовіліся.

Каб даведацца пра стаўленне сям’і да здарэння, мы паразмаўлялі з ягоным стрыечным братам Яўгенам Пазняковым:

– Мы з Аляксеем былі ў вельмі добрых стасунках, раслі разам, часта бачыліся. Зусім нядаўна ён тэлефанаваў мне і мы збіраліся сустрэцца.

Яўген даведаўся пра смерць брата толькі 7 студзеня ад сваякоў. Яўген удзячны ўсім, хто не застаўся абыякавым да іх трагедыі. На ягоную думку, чым болей чалавек даведаецца пра здарэнне, тым болей шанцаў, што яно не паўторыцца зноўку.

Слуп унізе горкі, з якім сутыкнуўся Аляксей, паставілі даслоўна за пару дзён да здарэння – пра гэта паведаміў tut.by са спасылкай на словы вартаўніка парку Аляксандра. Атрымліваецца, што людзі каталіся з гары ўжо як мінімум 3 тыдні, і раптам пад горкай з’яўляецца новая перашкода – слуп. Мы пастараліся знайсці доказы: апошняе відэа без слупа, якое нам удалося адшукаць, датуецца 24 снежня 2018 года. Гэта значыць, што як мінімум 24 снежня 2018 года слупа пад горкай яшчэ не было.

– Сёння Аляксея пахавалі ў вёсцы Душкі Горацкага раёну, адкуль ён сам родам, дзе жывуць ягоныя бацькі. Аляксей нарадзіўся і вучыўся ў вёсцы, а пазней пераехаў у Магілёў і працягнуў навучанне на зваршчыка. Аляксей шмат працаваў з дзяцінства, дома дапамагаў бацькам, пасля працаваў на магілёўскім заводзе «Строммашына». Служыў у войску, пасля якога паставіў мэту зарабіць грошы і стварыць сямʼю, дзеля гэтага нават паехаў на заробкі ў Расею.

Апошнія некалькі год Аляксей жыў у Магілёве. Здымаў кватэру, працаваў таксістам. Ён ажыццявіў сваю мару – стварыў сямʼю: у яго засталася жонка і сын-немаўля.

– Цешыць адзінае, што Аляксей паспеў пакінуць частку сябе – свайго сына. Як кажуць, Бог забірае самых лепшых. Аляксей заўсёды быў стрыманы, добра выхаваны, працавіты. Ён быў здольны вырашаць праблемы, – кажа стрыечны брат Аляксея Яўген Пазнякоў.

Сведкі здарэння паведамлялі, што хлопец разбіўся на цюбінгу. Але сёння сайт mogilevnews.by са спасылкай на следчы камітэт праінфармаваў, што маладыя людзі каталіся на аўтамабільнай шыне. Следчы камітэт распачаў даследчую праверку справы, праводзяцца пэўныя экспертызы.

Трагедыя моцна зачапіла грамадства Магілёва, бо людзей папярэджвалі пра небяспечную горку, але яны ўсё роўна ішлі на яе катацца. За дзень там маглі скаціцца з гары сотні гараджанаў. Калі з’явілася інфармацыя пра шматлікія траўмы, якія атрымалі аматары зімовых забаў у парку Падміколле, на гары паставілі таблічку, што катацца з яе забаронена. Але і гэта не спыніла людзей.

Горку ў Падміколлі раскаталі самі людзі, яна ніколі не была прызначаная для катання. Але ніхто і не перашкаджаў ахвочым спускацца з гары. Унізе стаяў нарад міліцыі, сачыў за парадкам у парку, але на людзей, якія катаюцца з гары, асабліва не звяртаў увагі.

Грамадзянам катацца з горкі ў Падміколле было вельмі зручна: парк знаходзіцца ў самым эпіцэнтры святаў, у цэнтры гораду. Да таго, ён яшчэ і бясплатны, у адрозненні ад афіцыйных месцаў катання.

Горка зусім не прыстасаваная для катання. Яна вельмі крутая, унізе абрывістая, як кажуць, з трамплінам. Людзі раскаталі абодва схілы ўздоўж лесвічнага спуску з фантанамі. З аднаго боку пад горкай стаіць дрэва і лаўкі, з другога - паставілі слуп, ляжаць паддоны. Раней тут яшчэ стаялі будаўнічыя матэрыялы на паддонах, але іх прыбралі пасля таго, як адзін з магілёўцаў пры з'ездзе з гары траўмаваў аб іх ногі.

Праз два дні на месцы здарэння ўсё яшчэ бачная кроў на снезе. На злашчасным слупу вісяць штучныя кветкі, а на зямлі пад ім ляжаць дзве гваздзікі з чорнай жалобнай стужкай.

– У смерці Аляксея мы не вінавацім нікога, ні ўладу, ні праваахоўныя органы, – кажа брат загінулага Яўген Пазнякоў. – Мы разумеем, што пра небяспечнасць горкі была гаворка і па тэлебачанню, і таблічкі стаялі. Гэта проста жудасны выпадак. Мы чулі, што пасля смерці Аляксея ўлады ўзмацнілі кантроль, паставілі патрульных наверсе гары. Канешне, нашай сямʼі гэта ўжо не дапаможа, але спадзяюся, што такіх выпадкаў болей не здарыцца ні з кім. Я спадзяюся, што гэтая смерць спыніць ахвочых пакатацца на той страшнай гары.

Напісаць каментар 25

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках