26 красавiка 2024, Пятніца, 4:26
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Павел Севярынец: Мы бачым апошнія сутаргі камуністычнай сістэмы

4
Павел Севярынец: Мы бачым апошнія сутаргі камуністычнай сістэмы
АРХІЎНАЕ ФОТА

Актывісты апавялі, чаму памяць пра Курапаты нязручная для ўладаў.

У Менску сустрэліся актывісты з усёй краіны, якія займаюцца пошукам і ўпарадкаваннем месцаў, дзе ў сталінскія часы адбываліся расстрэлы, паведамляе «Белсат».

Падчас сустрэчы ўдзельнікі адзначылі, што месцам пахавання ахвяраў сталінскіх рэпрэсій сённяшнія мясцовыя ўлады не аддаюць належнай увагі.

«Яшчэ ў 1990 годзе на Кабыляцкай гары ўлады ўсталявалі памятны знак, пазней усталявалі вялікі валун з шыльдай, шыльдачку скралі. Потым палітыка змянілася, і ўлады закінулі гэтае месца», апавядае каардынатар грамадскай ініцыятывы «Кабылякі. Расстраляныя ў Оршы» Ігар Станкевіч.

А часам наадварот, замест ушанавання расстраляных ставяць помнікі тым, хто расстрэльваў.

«Некалькі гадоў таму ў Магілёве ля будынку КДБ усталявалі помнік – пераемнасць ад будзёнаўкі да сённяшняй фуражкі, то-бок НКУС, ЧК, ВЧК, і ўсё астатняе. А насупраць гэтага будынка і была тая самая ўнутраная турма, дзе ў 1944 годзе ў адну ноч амаль 130 чалавек знішчылі», – апавядае актывіст з Магілёва Алег Аксёнаў.

Тое, што дзяржава недастаткова ўвагі аддае ўвекавечанню памяці ахвяраў, мяркуюць і апытаныя намі жыхары Магілёва:

«На дзяржаўным узроўні не вельмі, таму што ўсё яшчэ ў цені».

«Я ўвогуле ў нашым горадзе не ведаю такіх помнікаў, дзе была б сканцэнтраваная ўвага на гэтай праблеме».

«Далёка не дастаткова, я думаю, гэтыя пытанні не падымаюцца асабліва».

Архівы КДБ не раскрытыя да сёння, таму да гэтага часу невядомыя ні дакладная колькасць загінулых, ні ўсе месцы расстрэлаў. Сустаршыня Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Павел Севярынец адзначае: галоўная праблема ў справе мемарыялізацыі ахвяраў сталінскіх рэпрэсій – гэта супраціў дзяржаўнай машыны.

«Мы бачым, што адбываецца напал барацьбы, апошнія сутаргі камуністычнай сталінскай сістэмы, гэта адбываецца толькі з адной прычыны: сёння ўлады атаясамліваюць сябе з тымі, хто страляў, а не з тымі, каго расстрэльвалі», – мяркуе сустаршыня БХД Павел Севярынец.

Менавіта таму справу абароны месцаў пахавання ахвяраў сталінскага рэжыму павінна ўзяць у свае рукі грамадскасць, мяркуюць актывісты. Удзельнікі сустрэчы аб'ядналіся ў калектыўную ініцыятыву – Нарада даследнікаў камуністычнага тэрору.

«Улада не зацікаўленая адкрываць інфармацыю датычна рэпрэсіяў, і гэта мы бачым, але зацікаўленыя нашчадкі расстраляных людзей і ёсць вялікая патрэба, па-першае, ведаць месцы, па-другое – атрымліваць дакументы з архіваў», – адзначае Ігар Станкевіч.

Актывісты дамовіліся пра наступную сустрэчу ў больш шырокім коле ў студзені. Тады плянуюць прыняць рэзалюцыі і сфармаваць каманду для стварэння календара падзей, сайта Нарады і агульнай базы месцаў пахаванняў.

Найбліжэйшыя акцыі ўшанавання памяці рэпрэсаваных – Ноч расстраляных паэтаў 29 кастрычніка і традыцыйнае шэсце ў Курапаты 3 лістапада. На правядзенне шэсця і мітынгу падала заяўку Кансерватыўна-хрысціянская партыя БНФ.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках