26 красавiка 2024, Пятніца, 19:12
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Тролю вызначылі мяжу

26
Тролю вызначылі мяжу
Ірына Халіп

Гісторыя просценькая, але вельмі павучальная.

Расейка Ганна Багачова, затрыманая на запыт Інтэрпола ў Менску, на свабодзе. Зрэшты, гэта не зусім свабода: дарога ў заходнія дзяржавы, як цяпер зразумела, для яе закрытая.

Багачова - адна з 26 грамадзян Расеі, у дачыненні да якіх у ЗША пасля дакладу спецыяльнага пракурора Роберта Мюлера аб умяшанні ў выбары была распачатая крымінальная справа. Супрацоўніца прыгожынскай «фабрыкі троляў» абвінавачваецца паводле аднаго пункта: «Змова супраць ЗША». Справа распачатая ў акрузе Калумбія. Багачова, як і іншыя «ольгінскія», належыць да тых, хто хаваецца ад правасуддзя.

Яе затрымалі ў нядзелю, 13 кастрычніка, а дзясятай вечара. Ганна Багачова разам з мужам і дзіцем прыехала ў Менск, каб адтуль адправіцца на адпачынак. Багачову затрымалі ў гатэлі, але калі б паміж Беларуссю і Расеяй існаваў паўнавартасны памежны кантроль, гэта здарылася б раней, у час праходжання мяжы: памежнікі заўсёды звяраюць прозвішча падарожніка са спісамі тых, хто адшукваецца - ад унутранага да міжнароднага вышуку. Расейцы, якія прыязджаюць у Беларусь, працэдуру перасячэння мяжы не праходзяць. Аднак калі яны рэгіструюцца ў гатэлях, іх прозвішчы ўсё адно перадаюцца ў МУС. Так што ніякай змовы Беларусі з ЗША супраць Расеі не было: звычайная працэдура. З'яўляецца чалавек, які знаходзіцца ў вышуку Інтэрпола, - даецца каманда на затрыманне. Вось і ўсё.

У аўторак амбасада Расеі ў Менску паведаміла ў сваім твітэры, што Багачова на волі. Беларуская пракуратура не ўгледзела падстаў для ўзяцця пад варту - больш за тое, яна будзе хадайнічаць аб спыненні ў дачыненні да Багачовай вышуку на тэрыторыі Беларусі. Куды накіравалася пасля вызвалення Багачова з сям'ёй - невядома. Але хутчэй за ўсё, вярнулася ў Расею.

Гісторыя просценькая, без сенсацый і міжнародных скандалаў, але вельмі павучальная. Багачовай пашанцавала, што яна сабралася выехаць праз Беларусь. Магчыма, гэта наогул была «выведвальная вылазка»: працуе вышук Інтэрпола або толькі палохаюць? Калі працуе, то лепш гэта праверыць у хаўруснікаў. Калі не - тады можна рухацца далей. Выявілася, працуе. Вядома, беларусаў не вельмі цікавяць схемы «ольгінскіх» - свае ёсць, хоць і драбнейшыя маштабам. Так што рэзону затрымліваць, а тым больш выдаваць Штатам Ганну Багачову ў іх не было. Але геаграфія для яе звузілася з планеты Зямля не да СНД нават, і не да ЕАЭС, а ўсяго толькі да рамак млявай саюзнай дзяржавы. За межамі - Інтэрпол і арышт. Так што сігнал усім датычным прагучаў выразны: калі ты троль - сядзі дома і не рыпайся.

Ірына Халіп, «Новая газета»

Напісаць каментар 26

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках