26 красавiка 2024, Пятніца, 9:41
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

На Старым замку ў Горадні з'явіўся партрэт Баторыя

3
На Старым замку ў Горадні з'явіўся партрэт Баторыя

Група мастакоў-манументалістаў амаль скончыла афармляць брамную вежу замка.

Група мастакоў-манументалістаў з Менска амаль скончыла афармляць брамную вежу замка. Цяпер яе ўпрыгожваюць 12 партрэтаў, сярод якіх кароль Стэфан Баторый. Астатнія, як ні дзіўна, аказаліся рымскімі імператарамі, паведамляе «Белсат».

Выявы выкананыя ў тэхніцы зграфіта, характэрнай для Рэнесансу. Наносіцца адзін пласт тынкоўкі – каляровы. Па ім зверху кладуць яшчэ адзін – белы. Ну а далей мастак зразае белы пласт у патрэбных месцах, каб атрымалася выява. У гэтым выпадку – профільныя партрэты ў медальёнах, грыфоны ды раслінныя арнаменты.

АЗДАБЛЕННЕ Ў ТЭХНІЦЫ ЗГРАФІТА ЗАРАЗ СКАНЧАЮЦЬ НА БРАМНАЙ ВЕЖЫ ЗАМКУ. ФОТА — ВАСІЛЬ МАЛЧАНАЎ/«БЕЛСАТ»

Пры Баторыі партрэта Баторыя на вежы не было?

Даследчык, які займаецца гісторыяй фартыфікацыяў, Мікалай Волкаў мяркуе, што ў Беларусі наўпрост няма спецыялістаў, якія б кваліфікавана займаліся тэмай аздаблення замкаў той эпохі. Самі ж малюнкі – партрэты старадаўніх рымскіх манархаў, да якіх дадалі Баторыя – наўпрост запазычаная з аздаблення замку Красіцкіх у Красічыне (Польшча).

ФОТА — ВАСІЛЬ МАЛЧАНАЎ/«БЕЛСАТ»

«Выглядаюць выявы прыгожа, нічога не скажаш, – тлумачыць Волкаў, – Іншая справа, што брамная вежа, паводле «Хронікі Хашкоўскага», не была дабудавана пры жыцці самога Баторыя: увесну 1586 году яе толькі пачалі ўзводзіць, а ў канцы году кароль памёр. Як вядома, трон дастаўся дынастыі Вазаў, якія шанавалі сваіх папярэднікаў – Ягелонаў. А вось ці шанавалі адпаведным чынам Баторыя і ці маглі змясціць на вежы ягоны партрэт – зусім невядома. Звестак такіх няма. Пры самім жа Баторыі ніякіх зграфіта на гэтай вежы, з ягоным партрэтам або без, наагул не паспелі зрабіць».

ПАРТРЭТ БАТОРЫЯ. ФОТА — ВАСІЛЬ МАЛЧАНАЎ/«БЕЛСАТ»
АЗДАБЛЕННЕ Ў ТЭХНІЦЫ ЗГРАФІТА ЗАРАЗ СКАНЧАЮЦЬ НА БРАМНАЙ ВЕЖЫ ЗАМКУ. ФОТА — ВАСІЛЬ МАЛЧАНАЎ/«БЕЛСАТ»

«Фрэскі з партрэтамі прыгожыя, але сам трэці паверх вежы – фантазія»

Больш за тое, Волкаў ставіць пад пытанне існаванне трэцяга паверху брамнай вежы ў прынцыпе. Маўляў, на адным з нямецкамоўных планаў XVIII ст. напісана, што яна мела «два паверхі». Польскія даследчыкі міжваеннага часу ўжо ў ХХ ст. прачыталі інвентар па свойму, бо ў Польшчы першы паверх не лічыцца: адлік ідзе ад другога. Такім чынам, архітэктар Уладзімір Бачкоў наўпрост паўтарыў «польскую» трактоўку, дабудаваўшы на браме яшчэ адзін паверх, а зараз – яшчэ і прыкрасіўшы яго прыгожымі зграфіта.

СГРАФІТА НА СТАРЫМ ЗАМКУ Ў ГОРАДНІ ВЕЛЬМІ НАГАДВАЕ АНАЛАГ З ЗАМКУ КРАСІШЫН У ПОЛЬШЧЫ (ФОТА LOOKINGWIDE.PL)
АЎТЭНТЫЧНАЕ ЗГРАФІТА НА БРЫГІЦКІМ КАСЦЁЛЕ Ў ГОРАДНІ 1642 ГОДУ. ФОТА — ВАСІЛЬ МАЛЧАНАЎ/«БЕЛСАТ»
БРАМНАЯ ВЕЖА І ПАНАРАМА СТАРОГА ЗАМКУ. ФОТА — ВАСІЛЬ МАЛЧАНАЎ/«БЕЛСАТ»

«На другім паверсе месцілася капліца, – працягвае Волкаў, – Можна нават лагічна задумацца, ці мог над капліцай быць яшчэ нейкі паверх, зыходзячы з правілаў сакральнай архітэктуры? «У «Хроніцы Хашкоўскага» капліца названая «касцёлам», што паказвае на яе вялікае значэнне. Гэта значыць, што яе планавалі асвяціць. У такім выпадку, над сакральным будынкам не магло быць нікай іншай надбудовы, апроч даху. Што тычыцца зграфіта, паўтаруся: гэта міла і прыгожа. Але што рабіць, калі ўсё гэта выявіцца суцэльнай фантазіяй?»

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках