26 красавiка 2024, Пятніца, 16:50
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Расея вымірае з рэкорднай за 11 гадоў хуткасцю

16
Расея вымірае з рэкорднай за 11 гадоў хуткасцю

Апублікаваныя ўражлівыя звесткі.

Расея прадаўжае паскорана каціцца ў дэмаграфічную прорву. За студзень – жнівень натуральнае змяншэнне насельніцтва паскорылася яшчэ на 30%, паведаміў у чацвер Расстат.

За 8 месяцаў у краіне нарадзіліся 994,3 тысячы чалавек, памерла – 1,213 мільёна. І хоць смяротнасць скарацілася (на 33,7 тысячы чалавек), тэмпы падзення нараджальнасці апынуліся вышэйшымі ў 2,5 разы (83,9 тысячы чалавек), піша finanz.ru.

У цэлым у краіне колькасць памерлых перавысіла колькасць народжаных у 1,2 разы; у 32 суб'ектах гэтае разыходжанне дасягала 1,5–2,1 разы.

Праз натуральнае змяншэнне краіна за 8 месяцаў страціла 219,2 тысячы чалавек – на 50,1 тысячы больш, чым за той жа перыяд мінулага года. У выніку гадавы дэмаграфічны прагноз урада, згодна з якім натуральнае змяншэнне павінна было стабілізавацца (на ўзроўні 219 тысячаў чалавек), быў перавыкананы ўжо да пачатку верасня.

Гэта вымусіла Мінэканамразвіцця пагоршыць прагноз. Паводле новай ацэнкі МЭР, хуткасць вымірання насельніцтва сёлета стане рэкорднай з 2008 года – 284,4 тысячы чалавек. Паказнікі вышэйшыя за гэтыя расейская статыстыка фіксавала толькі ў перыяд з сярэдзіны 1990-х да сярэдзіны 2000-х, калі штогод смяротнасць перавышала нараджальнасць на 500–600 тысячаў чалавек.

Прыток мігрантаў сёлета паскорыўся ўдвая, да 166,7 тысячы чалавек, паведамляе Расстат. Але кампенсаваць натуральнае змяншэнне ён цалкам не змог. У выніку за 8 месяцаў агульная колькасць насельніцтва скарацілася на 55,2 тысячы чалавек (146,7 млн).

Прадаўжаюць выміраць 69 з 85 суб'ектаў РФ. У кожным дзявятым сітуацыя блізкая да паўнавартаснай дэмаграфічнай катастрофы: 10 рэгіёнаў за перыяд з 1989 да 2017 г. страцілі больш за 20% жыхароў.

Насельніцтва Мурманскай вобласці скарацілася на 34%, Сахалінскай – на 31%, Архангельскай – на 26%, Пскоўскай – на 24%, Амурскай – на 24%, Кіраўскай – на 24%, Іванаўскай – на 22%, Цвярской – на 22%, Тамбоўскай – на 21%, Кастрамской – на 20%, Смаленскай – на 18%, Уладзімірскай – на 16%, Разанскай – на 16%, Арлоўскай – на 15%, Яраслаўскай – на 14%, пісаў раней загадчык аддзела рынкаў капіталу ІМЭМА РАН Якаў Міркін.

Ва ўмовах, калі перспектывы адсутнічаюць, амаль 20 мільёнаў чалавек жывуць за рысай беднасці, а кожны трэці мае прыбытак ніжэйшы за 15 тысячаў рублёў, людзі не імкнуцца нараджаць дзяцей, нягледзячы на заклікі пладзіцца, да якіх падключыліся чыноўнікі аж да прэзідэнта.

Ключавы паказнік нараджальнасці – каэфіцыент нараджэнняў першага дзіцяці на адну жанчыну – прадаўжае падаць, а паводле вынікаў 2018 года ягонае значэнне – 0,66 дзіцяці на адну жанчыну – стала мінімальным за 20 гадоў, паказвае дырэктар Інстытута сацыяльнага аналізу і прагназавання (ІНСАП) РАНГіД Таццяна Малева.

Адначасова зніжаецца каэфіцыент нараджэнняў другога дзіцяці. Расце нараджальнасць толькі ў шматдзетных сем'ях: каэфіцыенты трэціх і наступных нараджэнняў у 2018 годзе павялічыліся з 0,31 да 0,33 дзіцяці на жанчыну.

Людзі адкладаюць нараджэнне першынцаў, а значыць падставаў чакаць у Расеі ўсеагульнай мадэлі сям'і «хоць бы з адным дзіцем» становіцца ўсё менш, адзначае Малева: «У аснове падобнай дынамікі нараджальнасці могуць ляжаць два фундаментальныя чыннікі. На першых нараджэннях адбіваецца эканамічная рэцэсія, у тым ліку зніжэнне рэальных прыбыткаў насельніцтва з 2014 года, а таксама, магчыма, змена пакаленняў у вяках максімальнай рэпрадукцыйнай актыўнасці».

Напісаць каментар 16

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках