26 красавiка 2024, Пятніца, 10:57
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Аляксандр Кабанаў: У нас прэтэнзіі да ўладаў

1
Аляксандр Кабанаў: У нас прэтэнзіі да ўладаў
АЛЯКСАНДР КАБАНАЎ

Супраціўнік акумулятарнага завода адказаў на словы Лукашэнкі.

Лукашэнка падчас сустрэчы са студэнтамі і выкладчыкамі Акадэміі кіравання 18 кастрычніка раскрытыкаваў супраціўнікаў будаўніцтва акумулятарнага завода ў Берасці, якія вылучаліся кандыдатамі ў дэпутаты. Ягоны выступ паказаў тэлеканал «Беларусь 1», паведамляе «Белсат».

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што хацеў бы, каб моладзь «больш актыўна сябе праяўляла», «але моцна не крычала», як у Берасці.

«Я ж папярэджваў, калі ў вас быў на 1000-годдзе, што глядзіце, у вас некаторыя акумулятаршчыкі гэтыя, пачнецца перадвыбарчая кампанія, і вы зразумееце, чаму яны крычалі. Яны ўсе вылучыліся кандыдатамі ў дэпутаты. Гэта значыць, ім пофіг гэты акумулятарны завод, яны заўтра гатовыя матануць у Менск і тут блукаць па гэтай вуліцы і ціхенька паводзіць сябе ці ж крычаць ужо на менскіх плошчах», - сказаў Лукашэнка.

«Не так проста трох чалавек зрэзалі»

Усяго ў «парламент» сёлета балатаваліся чатыры супраціўнікі будаўніцтва акумулятарнага завода ў Берасці. Але зарэгістраваны з іх быў толькі Уладзімір Мароз. Адзін з прэтэндэнтаў у дэпутаты Аляксандр Кабанаў, якому ўлады адмовілі ў рэгістрацыі дэпутатам, пракаментаваў выказванне Лукашэнкі.

«Для мяне наогул было нечакана, што ён [Аляксандр Лукашэнка. - Рэд.] на гэта звярнуў увагу. Значыць, яго гэтая тэма хвалюе, на мой погляд. І не так проста трох чалавек, значыць, зрэзалі. Бо зрэзалі з надуманых прычын. І я падазраваў, што гэта з Менска каманда, але не думаў, з якой вышыні», - адзначыў суразмоўца.

На думку актывіста, Лукашэнку патрэбная моладзь, якая «будзе з ім збіраць кавуны, сядзець на футболе абціскацца», а супраціўнікі акумулятарнага завода б такім не займаліся.

Разам з тым Аляксандр Кабанаў прызнаў пэўную правату Аляксандра Лукашэнкі што да фразы «ім пофіг гэты акумулятарны завод».

«У нас жа прэтэнзіі не да завода. У нас прэтэнзіі да ўладаў, якія дапусцілі гэта будаўніцтва. Дапусцілі процьму розных парушэнняў, якія паўтара года ігнаравалі гэта ўсё. Таму ў нас галоўныя прэтэнзіі да ўлады. І мы супраць гэтага завода», - заявіў суразмоўца.

Прадпрыемства «АйПаўэр» пабудавалі ў свабоднай эканамічнай зоне «Брэст», але праз пратэсты берасцейцаў яно так і не пачало працу. Мясцовыя жыхары заяўлялі, што прадпрыемства небяспечнае для навакольнага асяроддзя.

З 25 лютага 2018 года супраціўнікі завода збіраюцца кожную нядзелю ў цэнтры Берасця, каб сімвалічна пакарміць галубоў. Удзельнікі гэтых сустрэч прызнаюцца, што міліцыянты пагражаюць ім расправай.

У чэрвені стала вядома, што завод не адпавядае экалагічным патрабаванням. У выніку за кратамі апынуліся прынамсі шэсць чалавек у рамках праверкі сітуацыі. У следчым ізалятары, напрыклад, знаходзіцца інвестар завода Віктар Лемяшэўскі.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках