26 красавiка 2024, Пятніца, 7:15
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларускай эканоміцы прадказваюць рэцэсію

7
Беларускай эканоміцы прадказваюць рэцэсію

Улады далёкія ад рэальных лічбаў і прагнозаў.

Паводле апошніх статыстычных звестак, за дзевяць месяцаў года эканоміка Беларусі вырасла толькі на 1%. Экспэрты МВФ прагназуюць, што налета рост і зусім спыніцца. Асноўныя страты краіна нясе на расейскім кірунку, піша «Независимая газета».

ВУП Беларусі ў студзені-верасні вырас усяго толькі на 1% у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года, паведаміў 16 кастрычніка Белстат. Гэта на 0,1 адсотка ніжэй, чым месяцам раней. Пры гэтым рэальныя грашовыя даходы выраслі на 6,8%. Нагадаем, што згодна з планамі ўладаў ВУП павінен паводле вынікаў года павялічыцца на 4%.

Мясцовыя эканамісты і міжнародныя экспэрты першапачаткова сумняваліся ў дасяжнасці гэтых планаў. Больш за тое, прагноз для Беларусі ўвесь час пагаршаецца. Напрыклад, Міжнародны валютны фонд чарговым разам знізіў свае чаканні наконт эканамічнага росту ў Беларусі. У справаздачы МВФ World Economic Outloo, у якой ацэньваюцца перспектывы развіцця сусветнай эканомікі, Беларусі прадказваюць рост 1,5%, а вясной прагноз складаў 1,8%. Прагнозы экспэртаў гэтай арганізацыі на 2020 год яшчэ больш песімістычныя - 0,3%, гэта значыць, фактычна рост спыніцца, хоць у красавіку меркавалася, што ВУП дадасць 2,2%.

Ацэнкі аналітыкаў МВФ наконт перспектыў гэтага года супалі з бачаннем Сусветнага банка. У той жа час у дачыненні да будучага года яго экспэрты больш аптымістычныя і чакаюць росту 1,3%. Праўда, яны схільныя меркаваць, што і за межамі 2020 года паскарэння чакаць не варта. Іх прагноз для Беларусі на 2021-ы складае 1,2%.

Аднак улады Беларусі далёкія і ад лічбаў, якія атрымліваюцца ў рэальнасці, і ад прагнозаў экспэртаў. Лукашэнка на нарадзе ў эканамічных пытаннях у сярэдзіне верасня заявіў, што намагае на выкананні прагнозу 2019-га, і прыстрашыў урад адстаўкай. «Калі не будуць выкананыя параметры развіцця на 2019 год, усе адказныя - ад прэм'ер-міністра - пойдзеце на спакой», - сказаў ён. Ніякія довады аб змяненні сітуацыі і форс-мажорных абставінаў Лукашэнку не цікавяць.

Між тым ужо пацвярджаюцца раней выказаныя экспэртамі асцярогі наконт таго, што праблемы з расейскай нафтай (падатковы манеўр і красавіцкае забруджванне нафтаправода «Дружба») прытармозяць беларускую эканоміку. Як паведаміў напярэдадні першы намеснік міністра замежных спраў Беларусі Андрэй Еўдачэнка, гэтыя два фактары каштавалі беларускай эканоміцы 1,5 млрд даляраў. З ягоных слоў, гэта негатыўна адбілася і на выкананні планаў дыверсіфікацыі экспарту. Згодна з імі, доля Расеі ў замежным гандлі павінна была змяншацца, а ЕЗ і трэціх краін - расці да прапорцыі 30:30:30. Аднак па факце «адбылося зрушэнне на карысць РФ». «Падатковы манеўр прывёў да ўзрастання долі Расейскай Федэрацыі і памяншэння рынку Еўрапейскага Звязу за кошт страт у пастаўках нафтапрадуктаў», - канстатаваў першы намеснік міністра.

Міжнародныя экспэрты наўпрост звязваюць узровень сваіх ацэнак патэнцыялу беларускай эканомікі са здольнасцю кіраўніцтва рэспублікі дамовіцца з Расеяй наконт нафтавай тэматыкі. Афіцыйны Менск усё яшчэ спадзяецца на пазітыўны для сябе вынік, аднак экспэрты ўжо не вераць у такі зыход падзей.

Пазіцыя Лукашэнкі ідзе насуперак і з меркаваннем экспэртаў, і з прапановамі ўрада што да планаў будучага года. Ён раскрытыкаваў прагноз, прадстаўлены ўрадам, які прадугледжваў рост ВУП у 2010 годзе на 2,5%, і адправіў яго на дапрацоўку. Зрэшты, як паказвае досвед, узмоцненыя на патрабаванне Лукашэнкі планы ўсё адно не выконваюцца.

Цяпер у Беларусі ідзе выбарчая кампанія, налета павінны адбыцца выбары прэзідэнта. Як бы Лукашэнка ні адмаўляў сувязь паміж непрапарцыйным ростам эканомікі і даходаў насельніцтва, а таксама падвышанымі планамі, якія не адпавядаюць патэнцыялу эканомікі, і выбарамі, мясцовыя назіральнікі перакананыя, што яна ёсць.

Палепшыць сітуацыю ў эканоміцы хоць бы ў сярэднетэрміновай перспектыве, на думку міжнародных аналітыкаў, здольныя структурныя рэформы. Напрыклад, зніжэнне выдаткаў на ўтрыманне дзяржпрадпрыемстваў і рэфармаванне неэфектыўных з іх ліку.

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках