26 красавiка 2024, Пятніца, 16:30
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Вольга Нікалайчык: Лукашэнка так спалохаўся, што з яго хочацца проста смяяцца

30
Вольга Нікалайчык: Лукашэнка так спалохаўся, што з яго хочацца проста смяяцца

Улада і беларускі народ – дзве абсалютна розныя планеты.

Пра гэта ў інтэрв'ю сайту Charter97.org апавяла кандыдатка ў дэпутаты ва Уруцкай выбарчай акрузе №09 горада Менска ад грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Вольга Нікалайчык.

– Вольга, больш за месяц Вы стаіце на пікетах і гутарыце з людзьмі. Раскажыце пра ўражанні ад ходу выбарчай кампаніі.

– Уражанні выключна пазітыўныя. Для сябе я зразумела, што з кожным беларусам – нават з тымі, хто мае іншую думку, можна пагаварыць, дасягнуць узаемаразумення і пасябраваць. Гэта самы яркі момант. Мы глядзелі адно аднаму ў вочы – без дакору, добразычліва, шукалі агульныя кропкі сутыкнення, гутарылі, выходзілі на кантакт. Цяпер мы раздаем візітоўкі, буклеты.

Людзі знаёмяцца адзін з адным, пачынаюць спрачацца, некаторыя могуць потым, дамовіўшыся, і піва разам выпіць. Вельмі падабаецца, што людзі ў выніку могуць знайсці агульную мову ў любой сітуацыі. Мужчыны застаюцца мужчынамі, у выпадку чаго – не паддаюцца на правакацыі. Не падпускаюць правакатараў.

Вельмі ўражваюць людзі – яны ўсе супраць сённяшняй улады, на 90%. Акрамя, напэўна, зусім ужо «цёмных» бабулек. Усе супраць дыктатуры!

Людзі разыходзяцца ў меркаванні, ці пойдзе Беларусь у Еўропу ці ў іншым кірунку – тут ёсць спрэчкі. Але самае галоўнае, што на гэты конт заўсёды можна знайсці агульную мову. Таму што мы – беларусы, нам трэба аб'ядноўвацца. Нам не трэба ваяваць адно супраць аднаго.

Сёння ўсім разам трэба пачаць будаваць новую Беларусь – без Лукашэнкі. Каб былі шчаслівыя нашы дзеці, каб раслі ўзровень і якасць жыцця, каб у людзей былі добрыя ўмовы для развіцця. Каб была адукацыя бясплатнай на самай справе, а не толькі на паперы. Каб была добрая медыцына. І каб людзі проста пачалі ўсміхацца.

На жаль, цяпер беларусам у закрытым грамадстве жывецца вельмі цяжка. Як той казаў: «выходзіш з дому – сам надзявай кайданкі». Сёння я гэтую сітуацыю бачу менавіта так, таму што цяперашняя ўлада для гэтага зрабіла ўсё. Улада і беларускі народ – дзве абсалютна розныя планеты.

– Якія пытанні больш за ўсё цікавілі людзей?

– Перш за ўсё закраналася такая тэма, як змена дзейнай улады. Усе хочуць пераменаў, прыбраць гэтую ўладу, але ніхто не ведае, як гэта зрабіць. Людзі спадзяюцца на тое, што хтосьці за іх гэта зробіць. Гэта – асноўная праблема.

Як змяніць уладу? Для гэтага нам трэба пазнаёміцца, пачаць кантактаваць адно з адным, пагаварыць паміж сабой. Калі падчас гутарак нават і будуць узнікаць нейкія канфлікты, трэба знайсці ісціну падчас спрэчак мірным шляхам. Трэба дасягнуць паразумення і разам стаць сцяной супраць гэтай шклоўскай банды. Таму што, калі мы гэтага не зробім – мы пакінем нашых дзяцей у такім рабстве, што ім проста не дадуць спакойна дыхаць.

– Як Вы думаеце, чаму ўлады не зарэгістравалі кандыдатамі ў дэпутаты Ірыну Халіп, Максіма Вінярскага і Андрэя Войніча?

– Гэтых людзей не зарэгістравалі праз страх! Увогуле я здзіўленая, што зарэгістравалі мяне. Мабыць яны мяркуюць, што «Нікалайчык мы адну пакінем, а потым, хутчэй за ўсё, на тэлевізію не дапусцім і яна здымецца сама, яна адна нічога не зробіць».

Ад грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» зарэгістраваныя некалькі чалавек, але ўлады не падумалі, што мы аб'яднаемся. Цяпер усе тыя, каго не зарэгістравалі – давераныя асобы. Нашы пікеты прадаўжаюцца. На вуліцах Менска стаяць са сцягамі нашы людзі, праца ідзе поўным ходам.

А тое, што Лукашэнка Ірыну Халіп баіцца як агню пасля 2010-га года, мяне вельмі радуе. Ірына, якая важыць 45 кілаграмаў, не валодае ні каратэ, ні айкідо, не катаецца на танку з «валынай» і гранатамётам, так палохае ўзброенага да зубоў дыктатара, што мне хочацца ўвесь час з гэтага проста смяяцца! Ірына настолькі запужала банду Лукашэнкі, што ён яе нават не зарэгістраваў у кандыдаты.

Я думаю, што ў «палатку» яна ўсё роўна не прайшла б, таму што ў нас абсалютна няма выбараў. Замест іх падробка, фальсіфікацыя. Ірына – геніяльная журналістка, мужная, якая нікога не баіцца і ідзе адна, без аховы. Яна ідзе ў імя свабоды, супраць гэтай зграі, супраць гэтай сістэмы!

І Лукашэнка так спалохаўся, што проста сорамна за яго і за ягонае асяроддзе, таму што яны – не мужчыны. Яны баяцца гэтай крохкай жанчыны, якая адна выходзіць і адна абараняе гэта залатое пяро. Камічная сітуацыя.

– Што людзі кажуць пра будаўніцтва ў Астраўцы БелАЭС?

– Тое, што беларусы супраць атамных станцый, – гэта ўжо на генетычным узроўні пасля аварыі на Чарнобылі. Колькі пасля гэтай трагедыі беларусы перажылі пакутаў – не перажыла ні адна нацыя ў Еўропе!

Улада нават і не імкнулася даведацца, што думаюць беларусы, будаваць АЭС ці не. Яны пабудавалі самі, яны ўзялі 10 мільярдаў даляраў крэдыту. БелАЭС яны будавалі няякасна – гінулі людзі, рэактар падаў. На мой погляд, яна нясе ў сабе страшную небяспеку для нашай краіны і для Еўропы.

Для Лукашэнкі станцыя будзе крыніцай узбагачэння. БелАЭС прапрацуе да першай паломкі, але да гэтага моманту ён нам будзе ўцюхваць гэтую электраэнэргію паводле вялікіх тарыфаў – трэба аддаваць крэдыт. У нас усё перавядуць на электраэнэргію, мы будзем выкупляць усё за свае апошнія грошы, а ўзбагачацца будзе Лукашэнка. Вось, што для мяне самае страшнае.

А людзі баяцца атама і не ведаюць, як гэтаму супрацьстаяць. Беларусы гэтым страшэнна напалоханыя.

– Яшчэ адзін з пунктаў праграмы «Еўрапейскай Беларусі» – годныя заробкі беларусаў на радзіме. Колькі павінны зарабляць беларусы ў сваёй краіне?

– Беларусы – вельмі дарагая працоўная сіла! Куды б мы ні прыехалі, адразу кажуць: «О, беларусы? Бярэм, бярэм!» Беларусаў на еўрапейскім рынку працы разбіраюць у першую чаргу. Таму што гэта – працавітая, добрасумленная нацыя адукаваных людзей. Беларусы вельмі арганізаваныя і працаздольныя. І іх праца вельмі добра аплачваецца за мяжой. Гэта праўда!

Таму мы павінны зарабляць у сваёй уласнай краіне гэтак сама, як за мяжой. На жаль, вялікая частка заробленых грошай ідзе на ўтрыманне дыктатуры і арміі чыноўнікаў, сілавікоў, проста арміі.

Яны ўсе ўтрымліваюцца з заробкаў настаўнікаў, лекараў, інжынераў, архітэктараў, простых працоўных. Гэтыя сродкі маглі б ісці на сацыяльныя патрэбы – на медыцыну, на адукацыю, на развіццё сацыяльных праграмаў. А ў выніку ўсё ідзе на нейкія забаўлялкі дыктатара, на спартовыя цацкі.

Людзі маглі б зарабляць значна больш. Напрыклад, настаўніца магла б атрымліваць не 300 рублёў, а 1000 еўраў. Лекар у паліклініцы мог бы зарабляць столькі ж! Простыя пенсіянеры маглі б атрымліваць пенсію 300–400 даляраў. А мы свае грошы аддаем Лукашэнку і ягонай хунце!

– Апошні пункт праграмы «Еўрапейскай Беларусі» – змена ўлады. Чаму гэта павінна адбыцца?

– Без змены ўлады мы не зможам зрабіць ніводнага прагрэсіўнага кроку наперад! Ніводнага! Таму ўладам гэта не трэба, ім трэба і далей высмоктваць з народу ўсе сокі, аж да хрыбта, да апошняй кроплі крыві, да апошняй капейкі ў кішэні!

Каб развівацца, трэба рухацца наперад, патрэбныя іншыя праграмы развіцця – эканамічныя, сацыяльныя, палітычныя. Апошніх у нас увогуле няма, таму што ў Беларусі толькі дыктатар і ягонае асяроддзе. У нас няма ні палітычных і прадпрымальніцкіх элітаў.

У нас мультымільярдэр толькі Лукашэнка – чалавек, які збанкрутаваў свой саўгас «Гарадзец». Красці – гэта ж не працаваць і не зарабляць!

– Што Вы пажадалі б беларусам, якія чакаюць пераменаў у сваёй краіне?

– Я зычу нашым беларусам не сварыцца, а аб'яднацца дзеля змены ўлады, супраць гэтай калгаснай дыктатарскай сістэмы! І аб'яднацца вакол тых, хто сёння стаіць у пікетах па ўсёй краіне пад нашымі сцягамі.

Убачылі нашы сцягі, нашых актывістаў? Падыходзьце, бярыце візітоўкі, пакідайце свае тэлефоны, каб мы ўсе аб'ядналіся і былі на сувязі. Пасля гэтага – калі нас будзе мільёны аб'яднаных людзей – мы будзем ведаць, што рабіць далей.

Трэба ісці за тымі, хто здольны прывесці да пераменаў, а гэта – мы! Гэта не тыя, хто прасядзеў на шыі ў народа 25 гадоў, а тыя, хто сёння выйшаў на вуліцы.

І каля нас ужо засяроджана шмат людзей. І гэтае кола павялічваецца, якраз гэтае кола і зробіць перамены, да якіх грамадства гатовае. А грамадства хоча, каб гэтая ўлада сышла! Усе кажуць: «Лукашэнка, сыходзь!»

Напісаць каментар 30

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках