26 красавiка 2024, Пятніца, 21:24
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Еўрапейская Беларусь»: Калгаснай дыктатуры - баста!

6
«Еўрапейская Беларусь»: Калгаснай дыктатуры - баста!
Фота: «Радыё Свабода»

Заява грамадзянскай кампаніі.

Перадвыбарчыя пікеты, якія праходзяць на вуліцах Менска, напалохалі дыктатара і ягоных памагатых. Цягам двух дзён вынесеныя папярэджанні кандыдатам у дэпутаты ад «Еўрапейскай Беларусі» Арцёму Чарняку і Вользе Нікалайчык, на пасяджэнні камісій выкліканыя Аксана Юшкевіч і Павел Юхневіч. Больш за ўсё ўлады раздражняе лозунг «Калгаснай дыктатуры - баста» на агітацыйных стэндах і плакатах, - гаворыцца ў заяве грамадзянскай кампаніі.

Упершыню беларусы пазнаёміліся з калгасамі ў 20-ых гадах мінулага стагоддзя. Разам з ім ва ўжытак жыхароў краіны ўвайшлі тэрміны «калектывізацыя», «рэпрэсіі», «высылка», «працадні». Калгасы сталі інструментам бальшавіцкага рэжыму для запрыгоньвання і знявагі беларускіх сялян. Праз дзесяцігоддзі гэтае слова стала яшчэ і сімвалам адсталасці і неэфектыўнасці савецкай сістэмы, галечы і разладу, да якой яна давяла краіну.

Рэжым Лукашэнкі - ідэйны спадчыннік «саўка», пра што не раз заяўляў і сам дыктатар. Наўзамен эканамічным і палітычным рэформам нам прапануюць усё той жа калгас. Жыхарам вёскі замест свабоды і заахвочвання асабістай ініцыятывы навязваюць наглядчыкаў і новае прыгоннае права. Дыктатар не хоча перадаць зямлю тым, хто на ёй жыве і працуе, затое распрадае яе сваім сябрам і змоўшчыкам.

«Еўрапейская Беларусь» з павагай ставіцца да працаўнікоў сяла, якія таксама, як усе заслугоўваюць годнае жыццё і годныя прыбыткі. Мы выступаем за правядзенне аграрнай рэформы, за тое, каб даць магчымасць грамадзянам краіны ажыццяўляць гаспадаранне на зямлі на аснове ўсіх формаў уласнасці.

Калгасная дыктатура, якая завяла краіну ў нявыкрутку, павінна застацца ў мінулым.

Калгаснай дыктатуры - баста!

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках