27 красавiка 2024, Субота, 1:50
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Спадчына» Шчоткінай

24
«Спадчына» Шчоткінай

Разбірацца з ёй давядзецца яшчэ доўга.

Паводле звестак СМІ, Мар'яну Шчоткіну пераводзяць на працу ў сталы камітэт «саюзнай дзяржавы». Чыноўніца ўжо падала заяву пра вызваленне ад пасады намесніцы старшыні «савета рэспублікі».

Гэты перавод выглядае для Шчоткінай паніжэннем – мала хто ведае, што гэта ўвогуле за структура – сталы камітэт «саюзнай дзяржавы». З усяго відаць, найбольш значнымі пастамі ў кар'еры чыноўніцы застануцца пасада міністаркі працы і праца ў «савеце рэспублікі».

UDF.BY апавядае, як словы і дзеянні Шчоткінай паўплывалі на жыццё краіны.

Павышаны пенсійны ўзрост і страхавы стаж

Яшчэ ў 2015 годзе Мар'яна Шчоткіна сцвярджала: павышаць пенсійны ўзрост не плануецца. Але прайшло зусім няшмат часу пасля прэзідэнцкіх выбараў, і міністарка кардынальна змяніла пазіцыю. Пры яе ўдзеле было распрацаванае заканадаўства, згодна з якім пенсійны ўзрост паэтапна павышаецца да 63 гадоў для мужчынаў і 58 гадоў для жанчынаў.

Аналагічная сітуацыя з павышэннем страхавога стажу. У 2015-м Шчоткіна запэўнівала: пытанне пра далейшае павышэнне стажавага парога на парадку дня не стаіць.

Насамрэч страхавы стаж, неабходны для атрымання працоўнай пенсіі, штогод рос і прадаўжае расці – да 2025 года ён складзе ўжо 20 гадоў. Тысячы беларусаў трапляюць у «пенсійную пастку».

Санкцыі ў дачыненні да «дармаедаў»

Пад кіраўніцтвам міністаркі працы і сацыяльнай абароны Марыяны Шчоткінай распрацоўваўся сумна вядомы дэкрэт «аб дармаедстве». Прычым чыноўніца сцвярджала, што «пытанне пра сацыяльнае ўтрыманства пайшло не зверху, яго паднялі самі людзі».

Насамрэч увядзенне падатку для «дармаедаў» выклікала масавыя пратэсты ў краіне. Але Шчоткіна памылку так і не прызнала.

Ужо пасля яе адстаўкі быў прыняты абноўлены дакумент: цяпер «дармаеды» будуць аплачваць ацяпленне паводле сабекошту. Намесніца старшыні «савета рэспублікі» вітала дакумент, заявіўшы, што ён накіраваны супраць асобаў, «якія ігнаруюць працоўную дзейнасць і вядуць асацыяльны лад жыцця».

«Сцяна Шчоткінай»

Упартасць Шчоткінай прывяла да дзікай сітуацыі. Пакутуюць людзі, якія вымушаныя працаваць без працоўнай кніжкі і якім і так не налічваецца страхавы стаж. Сярод іх, напрыклад, тыя, хто не змог знайсці годную працу на радзіме і з'ехаў у цяжкія ўмовы на заробкі ў Расею, каб іхнія сем'і маглі жыць нармальна.

Жабрацкая дапамога ў беспрацоўі

Дарэчы, адна з прычынаў таго, што ў Беларусі шмат незарэгістраваных «дармаедаў», заключаецца ў неадэкватна нізкай дапамозе ў беспрацоўі. Але Мар'яна Шчоткіна заяўляла, што яе павышаць не будуць, бо «Ніхто з голаду не памрэ» – у выпадку чаго будзе зробленая адрасная сацыяльная дапамога.

Сёння сярэдні памер дапамогі ў беспрацоўі складае 27 рублёў – нават цяжка ўявіць, як можна выжыць на гэтыя грошы.

Праўда, ёсць надзея, што сітуацыя з гэтай «спадчынай» ад міністаркі Шчоткінай у перспектыве развяжацца. На мінулым тыдні дэпутаты Палаты прадстаўнікоў прапанавалі перагледзець памер дапамогі ў беспрацоўі – нават сярод прадстаўнікоў улады стала відавочная неадэкватнасць вызначаных парадкаў.

Засакрэчванне інфармацыі пра катэджы чыноўнікаў

Сёлета быў прыняты закон «Аб персанальных звестках», у якім змяшчаецца норма пра забарону на публікацыю інфармацыі пра нерухомасць чыноўнікаў. На першы погляд, Шчоткіна да яго прамога дачынення не мае. Але яна была адной з першых, хто жорстка раскрытыкаваў падобную практыку, – магчыма, да яе думкі прыслухаліся.

У 2016-м чыноўніца абурылася:

«Журналісты ўжо вызначылі, якая ў мяне кватэра, колькі я плачу за камунальныя паслугі. Вы мяркуеце, гэта нармальна?»

Між тым у еўрапейскіх краінах звесткі пра нерухомасць і выдаткі прадстаўнікоў улады спрабуюць зрабіць максімальна адкрытымі. Праз утойванне пэўнай інфармацыі чыноўнікаў нават перыядычна звальняюць.

Вось такую «спадчыну» ад Шчоткінай атрымала сучасная Беларусь – разбірацца з ёй давядзецца яшчэ доўга.

Напісаць каментар 24

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках