10 траўня 2024, Пятніца, 22:22
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Што больш карыснае — піва ці віно?

22
Што больш карыснае — піва ці віно?

У свеце мала напояў, якія гэтак жа выразна падзяляюць сваіх прыхільнікаў на два лагеры.

Карэспандэнт BBC Future паспрабаваў разабрацца ў наяўных фактах і развеяць міфы што да двух самых папулярных у свеце алкагольных напояў – піва і віна.

У свеце мала напояў, якія гэтак жа выразна падзяляюць сваіх прыхільнікаў на два амаль не перасякальныя лагеры, як піва і віно (ну хіба што яшчэ гарбата і кава).

Пакінуўшы ў баку пытанне смакавых пераваг, давайце паспрабуем разабрацца ў тым, як кожны напой дзейнічае на чалавечы арганізм і на стан нашага здароўя.

Ад якога з іх мы мацней набіраем вагу? Наколькі той ці іншы напой карысны ці, наадварот, шкодны? І, нарэшце, які з іх дае больш моцнае пахмелле?

Ад чаго мы хутчэй п'янеем?

Пінта (568 мл) светлага піва і сярэдніх памераў келіх віна змяшчаюць прыкладна аднолькавую колькасць этылавага спірту (дзве-тры стандартныя брытанскія адзінкі 16-24 грама).

Але каб ударыць у галаву, гэты спірт павінен для пачатку патрапіць у кроў. А хуткасць гэтага працэсу можа залежаць ад напою.

Мэк Мітчэл з паўднёва-заходняга медыцынскага цэнтра пры Тэхаскім універсітэце ў ЗША нядаўна правёў даследаванне, падчас якога папрасіў групу з 15 добраахвотнікаў мужчынскага полу ў розныя дні піць рознае спіртное.

Ён старанна падабраў змяшчэнне спірту ва ўсіх напоях такім чынам, каб яно прапарцыйна адпавядала масе цела падыспытных, і сачыў за тым, каб яны выпівалі эксперыментальныя вадкасці цягам аднаго і таго ж перыяду часу - за 20 хвілін.

Як і варта было чакаць, хутчэй за ўсё ў кроў трапляў моцны алкаголь (ён жа выклікаў і максімальныя пікавыя значэнні канцэнтрацыі спірту ў крыві), затым віно (пік наступаў праз 54 хвіліны пасля ўжывання) і, нарэшце, піва (62 хвіліны пасля выпівання).

Іншымі словамі, ад келіха віна п’янееш хутчэй, чым ад куфля піва.

Высновы: пасля піва меншая рызыка апынуцца ў дурной п'янай сітуацыі.

Ад чаго больш расце мужчынскае пуза?

Здавалася б, распаўсюджанае меркаванне з нагоды таго, што піўныя жывоцікі з'яўляюцца ад ужывання адпаведнага прадукту, павінна мець пад сабой падставы.

Калорыі ёсць і ў самым этылавым спірце і ў цукры, які робіць напой смачным. У пінце піва змяшчаецца 180 калорый - на 50% больш, чым у маленькім келіху віна. Дастаткова, каб набраць вагу пры празмерных выпіўках.

Але для тых, хто ўжывае напоі рэдка, розніца не такая ўжо вялікая. Нядаўна праведзены аналіз наяўных даследаванняў паказаў, што ні аматары піва, ні прыхільнікі віна ў кароткатэрміновай перспектыве вагі не набіраюць.

Але самы працяглы з прааналізаваных эксперыментаў доўжыўся ўсяго 10 тыдняў, і падчас доследу навукоўцы маглі не заўважыць нязначныя змены ў вазе.

А кожны лішні кілаграм, набраны за 10-тыднёвы перыяд, праз пяць гадоў ператварыўся б у піўны жывот масай 25 кілаграмаў - прыкладна восем сярэднестатыстычных нованароджаных немаўлятаў.

Дарэчы, нельга не адзначыць вось што: распаўсюджанае меркаванне, што ад піва ў мужчын могуць з’явіцца грудзі, практычна стоадсоткава з'яўляецца міфам.

Выснова: розніца невялікая, але віно, відавочна, злёгку лепшы варыянт.

Ад чаго цяжэйшае пахмелле?

Нягледзячы на ўсе старанні, навукоўцы пакуль ніяк не могуць перамагчы звыклы праклён усіх аматараў спіртнога: ранішняе пахмелле.

Нам нават не да канца вядома, чаму менавіта яно ўзнікае. Відавочна, што важную ролю ў гэтым працэсе адыгрывае абязводжванне (пад уздзеяннем алкаголю арганізм пачынае выводзіць больш вадкасці, чым у яго трапляе).

Але не выключана, што адзін з дадатковых фактараў - гэта пабочныя прадукты алкагольнай ферментацыі. Гэтыя арганічныя злучэнні, якія ўтвараюцца адначасова з этылавым спіртам, надаюць напою ўнікальны букет і смак, але могуць быць таксічнымі для арганізма, прымушаючы нас раніцой пасля бурнай вечарынкі шкадаваць аб зробленым.

Агулам прынята меркаваць, што чым цямнейшы напой, тым больш у ім гэтых неэтанолавых кампанентаў. Але наяўныя факты пакуль што дапускаюць рознае тлумачэнне.

Некаторыя моцныя цёмныя спіртныя напоі (скажам, бурбон) сапраўды могуць даваць больш цяжкае пахмелле, чым добра вычышчаная гарэлка, але розныя гатункі піва і віна ў гэтым сэнсе прыкладна раўнацэнныя.

Так што калі не пераходзіць на моцнае, то галаўны боль ад віна і піва павінен быць прыкладна супастаўным.

Выснова: наяўных звестак недастаткова для высноваў.

Што карысней (ці хаця б менш шкоднае) для здароўя?

Нярэдка можна пачуць, што келіх віна на дзень спрыяе амаладжэнню арганізма і зніжэнню рызыкі сэрцава-судзінных захворванняў, высокага крывянога ціску і дыябету.

Мяркуецца, што такім карысным эфектам валодаюць так званыя поліфенолы (асабліва іх шмат у чырвоным віне), якія здымаюць запаленні і дапамагаюць выводзіць з арганізма шкодныя хімічныя злучэнні.

Піва звычайна не вывучаецца падчас такіх даследаванняў, але ў ім ёсць нейкая колькасць поліфенолаў, гэта значыць, яно павінна даваць прыкладна такі ж эфект, як белае віно (меншы, чым чырвонае).

Зразумела, што такая выснова - не апраўданне бескантрольнага п'янства, але келіх на дзень сапраўды можа быць для кагосьці карысны (а можа, і не).

Выснова: чырвонае віно па-за канкурэнцыяй, але, мажліва, усё ж лепш выпіць піва, чым сядзець зусім цвярозым?

Агульная выснова: у тым, што тычыцца карысці (дакладней, меншай ступені шкоднасці) для здароўя, першае месца застаецца за віном.

Аматары піва могуць суцяшаць сябе даўняй гісторыяй гэтага напою. Некаторыя антраполагі нават мяркуюць, што любоў чалавецтва да піва магла ляжаць у аснове з'яўлення сельскай гаспадаркі, а значыць, і сучаснай цывілізацыі.

Што? У аснове нашай цывілізацыі ляжала...дакладней, плёскалася...піва? Ёсць аб чым задумацца пры выбары ля стойкі бара.

Напісаць каментар 22

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках