13 снежня 2019, Пятніца, 3:51
Засталося зусім крыху
Рубрыкі

Трамп пра Балівію: Гэтыя падзеі пасылаюць магутны сігнал нелегітымным рэжымам

7
Трамп пра Балівію: Гэтыя падзеі пасылаюць магутны сігнал нелегітымным рэжымам
ДОНАЛЬД ТРАМП

Прэзідэнт ЗША вітаў адстаўку левага кіраўніка Балівіі Эва Маралеса.

Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп назваў адстаўку «важным момантам для дэмакратыі ў Заходнім паўшар'і» і папярэджаннем для «нелегітымных» рэжымаў Венесуэлы і Нікарагуа, паведамляе «Голос Америки».

«Гэтыя падзеі пасылаюць магутны сігнал нелегітымным рэжымам Венесуэлы і Нікарагуа, што дэмакратыя і воля народа заўсёды будуць пераважаць», - сказаў Трамп, маючы на ўвазе дзве іншыя лацінаамерыканскія краіны з левымі ўрадамі, супраць якіх накіраваны намаганні яго адміністрацыі.

Маралес, першы прадстаўнік карэннага насельніцтва Балівіі на пасадзе прэзідэнта, дамагаўся абрання на чацвёрты тэрмін, нягледзячы на канстытуцыйную забарону. Трамп назваў яго адстаўку «важным момантам для дэмакратыі ў Заходнім паўшар'і».

«Пасля амаль 14 гадоў [праўлення] і нядаўняй спробы абысці балівійскую канстытуцыю і волю народа, сыход Маралеса захоўвае дэмакратыю і адкрывае магчымасць для таго, каб голас балівійскага народа быў пачуты», - гаворыцца ў заяве Трампа.

«Злучаныя Штаты апладзіруюць балівійскаму народу за патрабаванні свабоды, а балівійскім вайскоўцам - за выкананне прысягі абараняць не аднаго чалавека, а канстытуцыю Балівіі», - дадаў ён.

Маралес сышоў у адстаўку ў нядзелю, пасля таго як сілы бяспекі адмовілі яму ў падтрымцы перад тварам грамадскіх пратэстаў і з'яўлення дакладу Арганізацыі амерыканскіх дзяржаў, якія ўказалі на парушэнні на выбарах у кастрычніку.

У панядзелак увечары ён вылецеў у Мексіку, якая дала яму палітычны прытулак.

Супрацоўнік Дзярждэпартамента адхіліў заявы, што Балівійскія вайскоўцы распачалі пераварот, назваўшы іх «ілжывай інтэрпрэтацыяй падзей».

«Вы, вядома ж, бачылі заявы Маралеса і яго прыхільнікаў, якія называюць яго ахвярай перавароту, нягледзячы на той факт, што ўсе гэтыя падзеі ясна паказваюць, што балівійскі народ проста стаміўся ад урада, які ігнаруе волю сваіх выбарцаў», - сказаў чыноўнік.