26 красавiка 2024, Пятніца, 5:37
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларускія Мальдывы адкрываюць для турыстаў

13
Беларускія Мальдывы адкрываюць для турыстаў
БЕЛАРУСКІЯ МАЛЬДЫВЫ АДКРЫВАЮЦЬ ДЛЯ ТУРЫСТАЎ
ФОТА: ЗМІЦЕР ЛАСЬКО

На крэйдавыя кар'еры дазволяць прыязджаць замежным і мясцовым турыстам.

Гэтымі днямі ў Беларусі аб'ядналі дзве бязвізавыя зоны і стварылі адну турыстычна-рэкрэацыйную зону «Берасце - Гародня». Да новай бязвізавай зоны дадалі пяць раёнаў Гарадзенскай вобласці: Ваўкавыскі, Лідскі, Шчучынскі, Бераставіцкі і Воранаўскі. Гэта значыць, што практычна на ўсёй тэрыторыі заходніх абласцей краіны замежнікі змогуць ездзіць без візаў, праўда, толькі ў складзе арганізаваных турыстычных груп пэўнымі маршрутамі, паведамляе kp.by.

У адзін з такіх маршрутаў уключаць беларускія Мальдывы - крэйдавыя кар'еры пад Ваўкавыскам. Месца вельмі прыгожае: смарагдавыя і бірузовыя азёры, а напраўду - вялізныя пясчаныя катлаваны - запоўненыя нябесна-блакітны вадой, таму ў народзе кар'еры і празвалі Мальдывамі. Праўда, месца гэта і небяспечнае. Кар'еры належаць прадпрыемству «Краснасельскбудматэрыялы», гэта тэхнічны аб'ект, які застаўся пасля здабычы мелу. Але вада колеру мора і залаты пясок вабяць прыезджых з усёй Беларусі: тут робяць фотасесіі, а калі цёпла - купаюцца. Але гэта і ёсць самае небяспечнае на кар'ерах.

БЕЛАРУСКІЯ МАЛЬДЫВЫ: НЕБЯСПЕЧНА, АЛЕ ДОБРА
ФОТА: ЗМІЦЕР ЛАСЬКО

Прадпрыемства-ўласнік праз свой сайт звяртаецца да турыстаў з просьбай не падвяргаць сябе небяспецы, а на галоўнай старонцы сайта самая першая спасылка - на тэматычны відэаролік «Смяротная ўтопія».

- Кар'еры маюць вялікую глыбіню і не прыстасаваныя для купання. Акрамя таго, барты кар'ераў могуць раптоўна маштабна руйнавацца. Значная плошча кар'ераў не дазваляе абгарадзіць іх па ўсім перыметры. Пры няшчасным выпадку надаць экстранную дапамогу і выратаваць чалавека на такіх аб'ектах вельмі складана. Несуцяшальнай з'яўляецца і статыстыка няшчасных выпадкаў, паводле інфармацыі выратавальнай арганізацыі толькі за апошнія гады на кар'ерах Ваўкавыскага раёна патанулі 10 чалавек.

Дадамо, што сёлета на кар'ерах таксама зафіксаваны няшчасны выпадак - загінуў 18-гадовы хлопец з Гарадзенскай вобласці.

ДЛЯ ТУРЫСТАЎ УЛАДКАВАЛІ ФОТАЗОНУ
ФОТА: ЗМІЦЕР ЛАСЬКО

Ужо шмат гадоў прадпрыемства і ўлады думалі, што рабіць з кар'ерамі: агароджвалі іх, ставілі знакі забароны, рабілі больш жорсткім кантроль, хацелі іх засыпаць... Але народная любоў перамагла і давяла, што крэйдавыя кар'еры - напраўду папулярны турыстычны аб'ект, да якога цягнуцца людзі. Аднак дагэтуль нікому з тураператараў не ўдавалася дамовіцца з уладамі і прадпрыемствам-уласнікам аб легальных экскурсіях па «Мальдывах». Але цяпер, дзеля прыцягнення замежных турыстаў «Краснасельскбудматэрыялы» адкрыюць доступ на кар'еры.

- Гэта будзе тычыцца толькі асобных, адмыслова добраўпарадкаваных для турыстаў месцаў. Там можна будзе зрабіць прыгожыя фатаграфіі на фоне кар'ераў. Наведванне аб'екта будзе дазволенае толькі арганізаваным групам, - распавялі на прадпрыемстве.

У райвыканкаме дадалі, што прапрацоўваецца магчымасць для усіх ахвочых, у тым ліку беларусаў, легальна прыязджаць на «Мальдывы»:

- Мы працуем над тым, каб кожны змог набыць квіток, сесці ў завадскі аўтобус і праехаць па вытворчасці, наведаць кар'еры ў спецыяльна адведзеных месцах.

Дарэчы, мясцовыя санаторыі найбліжэйшым часам чакаюць такога дазволу для сваіх кліентаў.

Напісаць каментар 13

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках