26 красавiка 2024, Пятніца, 16:29
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларускія кіроўцы ў Расеі сутыкнуліся з нечаканым «сюрпрызам»

24
Беларускія кіроўцы ў Расеі сутыкнуліся з нечаканым «сюрпрызам»

Што адбываецца?

Расейскія ўлады даўно хацелі ўзяцца за беларусаў і іншых замежнікаў, якія застаюцца беспакаранымі, хоць перавышаюць хуткасць на расейскіх дарогах, што фіксуюць камеры фотафіксацыі, піша abw.by.

Яшчэ б: прынцып няўхільнасці пакарання, фактычна, не працаваў, і можна толькі ўявіць, якія сумы губляў бюджэт Расеі праз адсутнасць штрафаў у замежнікаў штрафаў. Але, відавочна, усё мяняецца.

За беларусаў ДІБДР узялася вельмі сур'ёзна

Наш суразмоўца Аляксандр распавёў, што беларусаў у Расеі за камеры пачалі штрафаваць «пачкамі». Для гэтага супрацоўнікі ДІБДР спыняюць аўто з беларускімі «нумарамі» на стацыянарных пастах. Асабіста ён сам у пачатку лістапада быў спынены інспектарам і атрымаў адразу 9 пастаноў на выплату штрафу (усе адсканаваныя дакументы аўтамабіліст даслаў у рэдакцыю аўтабізнэсу). Былі ўлічаныя ўсе перавышэнні хуткасці, дапушчаныя ім за два апошнія месяцы. Больш раннія парушэнні «залічаныя» не былі.

Як відаць на фота, кіроўца трапляў на камеры, усталяваныя на адрэзках трасы М1:

102 км+372 м, Маскоўская вобласць, у кірунку Масквы. Тут камера «страляе» на 70 км/г;

77 км+355 м, населены пункт Ляхава Маскоўскай вобласці, у кірунку Масквы, камера настроеная на 60 км/г;

102 км+372 м, у кірунку Масквы, абмежаванне хуткасці 70 км/г;

63 км+695 м, населены пункт Кубінка, у кірунку Масквы, абмежаванне 60 км/г.

Аляксандр распавёў аўтабізнэсу:

- Я беларус, працую ў Маскве і на выходныя часта езджу ў Беларусь. Вядома, дзесьці і парушаю. Плынь аўто з Беларусі ў Маскву і назад вельмі вялікая і ў будныя дні, і ў выхадныя. Гэта і легкавы транспарт, і грузавікі, і мікрааўтобусы... Бачу, што за беларусаў ДІБДР узялася вельмі сур'ёзна. Паступіў, мабыць, загад спыняць замежнікаў і складаць пастановы за парушэнні, зафіксаваныя камерамі.

Мяне першы раз спынілі 4 лістапада на трасе М1 у Маскоўскай вобласці на першай паласе, адразу пасля Гагарына па шляху з Беларусі. Інспектар, які мяне афармляў, кудысьці тэлефанаваў (як потым высветлілася, у цэнтр відэафіксацыі ДІБДР ГУ МУС Маскоўскай вобласці), высылаў сканы маіх дакументаў пасведчанне, пашпарт, тэхпашпарт), а адтуль у адказ праз нейкую праграму прыйшлі пратаколы. У выніку выявілася, што камеры ажно 9 разоў зафіксавалі маё перавышэнне хуткасці за два апошніх месяцы, першае датаванае 16 верасня.

Вядома, я парушаў і раней, але ўлічылі толькі парушэнні за два апошнія месяцы. Адпаведна было аформлена 9 пастаноў у двух экзэмплярах: адзін аддалі мне на рукі, другі застаўся на пасадзе ДІБДР, я распісаўся. Зразумела, я не павінен парушаць, але адразу 9 пратаколаў - гэта быў сюрпрыз. Штрафы - 500 і 1000 расейскіх рублёў у залежнасці ад таго, наколькі была перавышаная хуткасць. Агульная сума - 6000 рублёў. Кожны ліст падпісаны інжынерам-электронікам цэнтра відэафіксацыі ДІБДР ГУ МУС Расеі Маскоўскай вобласці Іванам Ястрабавым.

З 1 студзеня пастановы будуць дасылаць беларусам на дом

На пасце перада мной афармлялі хлопцаў, таксама беларусаў, якія займаюцца камерцыйным возніцтвам, - у іх аж 15 пратаколаў за два месяцы! На шчасце, у Расеі існуюць скідкі для парушальнікаў: пры выплаце штрафу не пазней за 20 дзён з дня вынясення пастановы яго сума змяншаецца ўдвая. Яшчэ расейскае заканадаўства лаяльнае ў тым, што калі дазволеная хуткасць, скажам, 70, то плюс 20 кіламетраў на гадзіну ты можаш ехаць беспакарана, за 90 у гэтым выпадку ніхто не аштрафуе. Але асабіста ў мяне, каюся, іншыя лічбы: я езджу даўно і прыкладна ведаю, дзе няма людзей і можна расслабіцца.

На пасце ў той дзень сабралася цэлая чарга з беларусаў: за мной было яшчэ 3 ці 4 чалавекі.

Цікава, што 11 лістапада я вяртаўся на працу ў Маскву - зноў тармазілі ўсіх беларусаў, мяне ў тым ліку. Я ўжо падрыхтаваўся, узяў з сабой пастановы. Інспектар, калі ўбачыў іх, сказаў: «Ну, вольны!»А так стаялі 3-4 аўто беларускія.

Інспектар растлумачыў, што яны пачалі працу з 1 лістапада, цяпер такая практыка будзе ўвесь час - да Новага года далі каманду абкатаць сістэму. З ягоных слоў, з 1 студзеня 2020 года пастановы будуць дасылаць беларусам на дом. Нібыта ў іх ужо ёсць доступ да базы аўтамабіляў, зарэгістраваных у Беларусі. «Мы бачым, хто ўладальнік, і будзем адсылаць пастанову па месцы ягонага жыхарства ў Беларусі. Так што расейскія штрафы будзеце аплачваць ужо дома, у Беларусі», - сказаў мне інспектар. Будзе такое ці не, як гаворыцца, пажывем - пабачым.

У Маскве камер вельмі шмат, там я стараюся не парушаць, прычым яны «ловяць» не толькі на хуткасць, а фіксуюць розныя парушэнні, як, напрыклад, заезд за стоп-лінію, скрыжаванне суцэльнай лініі разметкі, праезд на чырвонае святло і т.п. інспектар сказаў, што Масква - гэта асобны рэгіён, там і будуць выносіцца пастановы.

Прымусіць беларусаў і іншых замежнікаў плаціць штрафы за парушэнні, зафіксаваныя камерамі хуткасці, - даўняя мара расейцаў. Яшчэ ў 2017 годзе са спасылкай на ДІБДР «Коммерсант» пісаў, што праваахоўныя органы Расеі, Беларусі і Казахстана наладзяць абмен інфармацыяй аб парушальніках.

«У выпадку, калі парушэнне фіксуецца ў аўтаматычным рэжыме, штраф кіроўцу, зарэгістраванаму на тэрыторыі краін Мытнага саюза, не прыходзіць. Сістэма фотавідэафіксацыі ў Расеі хоць і распазнае «нумар» аўтамабіля, не валодае звесткамі аб уладальніку, а значыць, не можа выслаць «ліст шчасця». Акрамя таго, парушэнне хуткаснага рэжыму не ўваходзіць у пералік узаемна прызнаных парушэнняў, замацаваных у Канвенцыі 1997 года. Для развязання гэтай праблемы, як растлумачылі «Коммерсанту» ў ДІБДР, і патрэбны доступ да базы звестак беларускіх праваахоўных органаў (ДАІ Рэспублікі Беларусь) і МУС Казахстана». Гэта значыць, цяпер, мяркуючы з усяго, доступ у расейцаў да базы беларускіх аўто ёсць, але дадому пастанова пакуль што не адсылаецца, а афармляецца проста на дарозе.

Тое, што беларусаў за парушэнні ПДР у Расеі пачнуць штрафаваць ужо ў першым паўгоддзі гэтага года, заяўляў у сакавіку 2019-га кіраўнік ДІБДР Міхаіл Чэрнікаў. Тады ж была праведзеная калегія з Беларуссю аб інфармацыйным узаемадзеянні і абмену Правіламі дарожнага руху. «І ўсе тыя парушэнні ПДР, як у Беларусі, так і ў Расеі, пасля заканчэння 70 дзён будуць перададзеныя на тэрыторыю той краіны, дзе пражывае той ці іншы грамадзянін, - гэта спагнанне ў прымусовым парадку штрафаў», - сказаў Чэрнікаў.

Паводле інфармацыі Газеты.ru, колькасць камер фотафіксацыі ў Расеі няўхільна павялічваецца. Калі ў 2017 годзе на трасах працавала 13 тысяч камер, то цяпер іх колькасць вырасла да 14 тысяч.

Часцей за ўсё выносяцца пастановы паводле арт.12.9 Каап РФ, якая рэгулюе перавышэнне хуткасці ад 20 да 40 км/г ад устаноўленага ліміту. За гэтае правапарушэнне аўтааматар павінен заплаціць 500 рублёў. Гэта мінімальны штраф, у 20-дзённы тэрмін яго можна выплаціць з 50-адсоткавай зніжкай.

Так ці інакш, але памятайце аб хуткасці на трасе М1, у тым ліку на расейскім адцінку. Цяпер можа здарыцца так, што пазбегнуць штрафу не атрымаецца. Хоць справа нават не ў пакаранні. Проста трэба думаць пра бяспеку, бо праз перавышэнне хуткасных рэжымаў на М1 адбываецца нямала жудасных ДТЗ.

Напісаць каментар 24

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках