26 красавiка 2024, Пятніца, 14:29
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Лукашэнка абняславіўся ў Аўстрыі

39
Лукашэнка абняславіўся ў Аўстрыі
ФОТА: АНДРЭЙ СТАСЕВІЧ/БЕЛТА

Візіт дыктатара ў ЕЗ атрымаўся занадта скандальным.

Беларускія афіцыйныя прапагандысты называюць візіт прэзідэнта Аляксандра Лукашэнку ў Аўстрыю «гістарычным», а яго прамову на бізнэс-форуме «яркай». Незалежныя экспэрты сцвярджаюць, што прамова была скандальнай, а сам візіт чыста сімвалічным. На думку аналітыкаў, візіт паказаў, што Менск і Брусэль вычарпалі магчымы парадак дня, піша «Независимая газета».

Візіт Лукашэнкі ў Вену адбыўся 11-12 лістапада. Там ён правёў перамовы з федэральным прэзідэнтам Аўстрыі Аляксандрам Ван дэр Беленам, сустрэўся са старшынёй Нацыянальнай рады Вольфгангам Саботкам і павячэраў са старшынёй Аўстрыйскай народнай партыі, дэпутатам Нацыянальнай рады Себасцьянам Курцам.

Лукашэнка, адыходзячы ад падрыхтаванага тэксту, крытыкаваў дэмакратыю, хваліў дыктатуру і лаяў еўрапейскую бюракратыю. «Мяне тут журналісты папракалі, што ў вас аўтарытарызм, дыктатура... а я ім кажу: слухайце, вы ў саміх бізнэсоўцаў спытайце, іх гэтая дыктатура ў Беларусі задавальняе? Калі задавальняе, то я буду арыентавацца на іх. Што займацца балаканнем і казаць пра нейкую дэмакратыі», - абураўся ён, актыўна жэстыкулюючы рукамі. «У вас жа ніякага рашэння немагчыма прыняць - так усё забюракратызавана», - абураўся дыктатар, які аднаасобна можа скасоўваць любыя нормы і законы.

Выходзячы далёка за межы дыпламатычнага пратакола, ён прызнаўся, што падчас візіту папярэдзіў ужо не толькі аўстрыйскіх, але і іншых еўрапейскіх палітыкаў аб тых пагрозах, якія тоіць у сабе дэмакратыя. «Глядзіце, каб вам з часам не прыйшлося вучыцца дэмакратыі ў Беларусі», - сказаў ён, маючы на ўвазе міграцыйную палітыку ЕЗ. Пры гэтым аўстрыйскія ўлады ён усё ж такі пахваліў, але папярэдзіў «як сяброў». «Ну добра, у Аўстрыі малайцы - яны супраць мігрантаў навучыліся змагацца, тут яшчэ ўлада моцна ўзялася за тое, каб неяк абараніць сваё насельніцтва, але ў эпоху глабалізму з гэтым змагацца вельмі складана. Глядзіце, каб ваша дэмакратыя вас жа не пахавала», - папярэдзіў Лукашэнка.

Запрашаючы аўстрыйскі бізнэс у краіну, Лукашэнка напалохаў патэнцыйных інвестараў «месцамі не гэтак аддаленымі», калі яны паспрабуюць у Беларусі даваць хабар, і паабяцаў у выпадку неабходнасці абараняць іх «узброеным шляхам». Праўда, не тых, хто хоча ў яго краіне «куш сарваць», а тых, хто будзе інвеставаць, «каб прынесці карысць таму народу, на тэрыторыі дзяржавы якой яны працуюць».

Колькі б мясцовыя эканамічныя экспэрты ні тлумачылі дыктатару, што для бізнэсу самае галоўнае аднолькавыя для ўсіх, стабільныя і пастаянныя ўмовы працы, Лукашэнка працягвае абяцаць персанальныя льготы. «Калі нейкаму праекту патрэбна персанальная дапамога і падтрымка - у нас ёсць такая практыка», - сказаў ён.

Палітолаг Валерый Карбалевіч нагадвае, што прэзідэнт Аўстрыі, з якім «вынікова» сустрэўся Лукашэнка, мае мізэрныя паўнамоцтвы. Рэальнай уладай валодае федэральны канцлер, аднак цяпер у Аўстрыі ёсць толькі часовы ўрад і в.а. канцлера, а яны не маюць паўнамоцтваў прымаць нейкія важныя рашэнні. У гэтай сітуацыі візіт Лукашэнкі ў Вену зусім не «трыўмф», а дыпламатычны промах, мяркуе ён.

Напісаць каментар 39

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках