28 сакавiка 2024, Чацвер, 19:28
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Нянавісць людзей да Лукашэнкі і Ярмошынай вырасла шматкроць

48
Нянавісць людзей да Лукашэнкі і Ярмошынай вырасла шматкроць
ФОТА: DW / G. KESNER

Гэта і ёсць галоўны вынік «выбараў».

Пра гэта ў інтэрв'ю Charter97.org заявіў каардынатар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Зміцер Бандарэнка, каментуючы прамінулыя ў нас у краіне 17 лістапада «парламенцкія выбары».

– Што Вы думаеце пра вынікі і асаблівасці гэтых «выбараў» у Беларусі? Чым яны адрозніваліся ад папярэдніх?

– З боку ўлады вынікі былі прагназаванымі. Улада надзімае шчокі, хоць сядзіць на парахавой бочцы і размахвае паходняй.

І гэтая парахавая бочка неўнікнёна выбухне, таму што мала таго, што на ёй паходняй махаюць – дык яна яшчэ і на печы стаіць.

Падчас кампаніі выявіліся два цікавыя моманты. Відаць, што беларусы часова страцілі волю да супраціву.

А іншая рэч, якая выявілася, – гэта абсалютнае непрыманне ўлады і абсалютнае ігнараванне так званых «выбараў» у «парламент».

І складанасць для апазіцыі была ў тым, што нават выкарыстоўваючы кампанію выключна для камунікацыі з народам, ёй даводзілася адказваць на пытанні: «Вы што? Якія “выбары”? Які “парламент”?».

Такая рэакцыя – гэта дыягназ сістэме, у якой улада і беларускі народ жывуць на цалкам розных планетах.

Відаць, што лагічнае развязанне гэтай дылемы – пасіўнасці і адначасова поўнага непрымання гэтай улады – адбудзецца ў самы блізкі час. Беларусы ўжо адкрыта дакаралі ў размовах Лукашэнку і ягоных памагатых.

Яны пакуль не вераць, што могуць скінуць Лукашэнку. Але падзенне дыктатураў – гэта, як модна цяпер казаць, сусветны трэнд. Адзін за адным падаюць і паміраюць змоўнікі Лукашэнкі ва ўсім свеце.

Я б усё гэта назваў нават не асаблівасцю гэтай «парламенцкай» кампаніі, а асаблівасцю гістарычнага моманту.

– Як Вы ацэньваеце палітычную кампанію, якую падчас «выбараў» правяла «Еўрапейская Беларусь» і яе хаўруснікі?

– Было дынамічна. Многія апазіцыйныя партыі, калі змагаліся з байкотам на папярэдніх «выбарах», якія праводзяцца «Еўрапейскай Беларуссю», казалі: «Не, трэба ўдзельнічаць у кампаніі, працаваць з народам».

Але рэальна сёлета працавалі з народам «Еўрапейская Беларусь» і – адзін месяц – «Народная Грамада». Гэта значыць, структуры, якія ўваходзяць у Беларускі нацыянальны кангрэс.

Парадавала, што ў гэтай кампаніі было сапраўды шмат маладых людзей, якія актыўна дзень і ноч стаялі ў пікетах, хадзілі па кватэрах, удзельнічалі ў акцыях, наладжвалі камунікацыю.

Без стасункаў з простымі людзьмі нічога зрабіць нельга.

Гэта пачатак кансалідацыі беларускага грамадства. Бо ўсё грамадства – супраць гэтай улады і супраць Лукашэнкі, але пакуль не аб'яднанае і яшчэ не верыць у свае сілы.

На самай справе «Еўрапейская Беларусь» сёлета правяла кампанію актыўнага байкоту выбараў. Назіральнікі гэты байкот зафіксавалі, а міжнародныя арганізацыі – ПАРЕ, АБСЕ, ЕЗ – адзначылі нават рэгрэс у дзеяннях улады.

– Паводле звестак незалежных назіральнікаў, адбыўся байкот «выбараў». Пра гэта таксама афіцыйна заявіў Зянон Пазняк і партыя КХП-БНФ. Што гэта гаворыць пра настроі ў беларускім грамадстве?

– Я скажу, што ўсе «парламенцкія выбары» ў Беларусі на самай справе не адбыліся: заўсёды быў байкот, пачынаючы з 2000 года. Ён тады быў зафіксаваны, і нават праз Беларускую тэлевізію тады было абвешчана, што нідзе «выбары» не адбыліся. З таго часу ні адны «парламенцкія выбары» ў Беларусі не адбыліся.

І калі на прэзідэнцкія выбары моцныя кандыдаты могуць арганізаваць гэты кворум, гэтую яўку – мы бачылі гэта ў 2010 годзе, мы бачылі гэта ў 2006 годзе – то з так званым «парламентам» беларускі народ ніяк не звязвае сваё жыццё.

З аднаго боку добра, а з другога боку – дрэнна. Добра – тое, што людзі рэалісты. Беларусы – гэта людзі практычнай жылкі, практычнай кемлівасці. І яны разумеюць, што гэта не зразумей што, і хадзіць няма куды – толькі калі цябе сілком не пагоняць, з пагрозай страты працы або волі. А гэта яшчэ больш выклікае супраціў.

А дрэнна – тое, што беларусы сотні гадоў таму мелі ў гарадах самакіраванне, якое рэальна адстойвала правы грамадзянаў горада, розных арганізацый, цэхаў рамеснікаў. Была рэальная судовая сістэма. Атрымліваецца, што за сотні гадоў мы на самай справе дэградавалі.

Але немагчыма мець нармальную эканоміку, знаходзячыся ў еўраатлантычным рэгіёне, і пры гэтым мець такую архаічную палітычную сістэму.

Вынікі выбараў АБСЕ ўжо не прызнала. Як нелегітымнасць палаткі можа ўскладніць жыццё апошняму дыктатару Еўропы?

– Я думаю, што Захад разумее, што ніякіх выбараў няма, разумее, што Лукашэнка на самай справе злачынец. Бо фальсіфікацыя выбараў – гэта і ёсць злачынства.

Але сёння ў свеце дамінуе такі палітычны эгаізм, што проста не да Беларусі.

Ну зафіксавалі рэгрэс, а ў асабістых гутарках палітыкі нават у Польшчы, у Еўропе кажуць: «Калі беларусы не пратэстуюць, значыць, яны з гэтым згаджаюцца».

У той жа час і інвестыцый ніякіх не будзе. Лукашэнка вырваўся адзін раз у Аўстрыю (а я думаю, што Пуцін праплаціў гэты візіт, і гэта не быў ніякі антырасейскі дэмарш), і там у размовах з бізнэсмэнамі палохаў іх, што «я вас адпраўлю ў месцы не надта далёкія, калі хабар даваць будзеце».

Пра што гэта кажа? Гэта проста правальны візіт. Таму Захад, калі б нават хацеў дапамагаць рэжыму, не стане гэтага рабіць пасля такога.

Мы ўсе знаходзімся перад сутычкай, якая неўнікнёная і якая адбудзецца ў наступным годзе: беларускі народ супраць дыктатара Лукашэнкі. За ёй усе будуць назіраць: нехта будзе дапамагаць нам, нехта будзе дапамагаць Лукашэнку. А сама гэтая сутычка – яна неўнікнёная. І ад яе вынікаў будзе залежаць наша жыццё і лёс краіны.

– Лукашэнка, мабыць, гэта таксама адчувае: нездарма ён назваў гэтыя «выбары» рэпетыцыяй генеральнай бітвы ў 2020 годзе. Ці можна казаць пра тое, што ягоныя пазіцыі перад генеральнай бітвай пагоршыліся?

– Так. І як яшчэ адзін з паказальных чыннікаў, якія адрозніваюць гэтую кампанія ад папярэдніх, можна назваць такі: нават у падкантрольных, псеўданезалежных СМІ галоўнай тэмай была фальсіфікацыя. Яна настолькі відавочная, што гэта немагчыма нават схаваць.

Акрамя таго, прыхільнікі чакання, каго прызначаць «любімай жонкай», атрымалі поўху, нават мокрай анучай у фізіяномію атрымалі, спадзеючыся, што кагосьці прызначаць у гэтую «палатку».

І, я думаю, што самы дрэнны сігнал для Лукашэнкі – гэта абуджэнне моладзі. Хай яшчэ вельмі нясмела, як на сустрэчы гледачоў фільма NEXTA «Лукашэнка. Крымінальныя матэрыялы» і сустрэчы свабодных людзей. Але гэтае абуджэнне пачалося.

А галоўным сімвалам гэтай кампаніі стала гэта відэа, «крык душы» гэтай дзяўчынкі Ганны Толчыкавай. Гэта – крык пакалення, праклён усім гэтым махлярам з выбарчых камісій.

І сапраўды, можа быць, хто-небудзь з так званых настаўнікаў-фальсіфікатараў задумаецца. Збольшага ёсць, вядома, годныя прадстаўнікі педагагічнай прафесіі, якія скончылі ўніверсітэт імя Танка або іншыя педагагічныя ВНУ Беларусі: гэта і Яўген Афнагель, і Таццяна Севярынец, і іншыя годныя настаўнікі.

Але ўвогуле сістэма адукацыі ў Беларусі стала стаўпом падтрымкі гэтай гнілі, калгаснай дыктатуры. Збольшага, будынак Педуніверсітэта ў Менску заслугоўвае разбурэння – не ведаю, у фізічным або ў ментальным сэнсе. Адказнасць з гэтых «сейбітаў разумнага, добрага, вечнага», а на самай справе разбэшчвальнікаў душы моладзі, настаўнікаў-фальсіфікатараў, якія калечаць краіну, – гэтую адказнасць ніхто не здыме. Гэта чорная пляма на ўсёй прафесіі.

– Як, на Ваш погляд, будуць развівацца падзеі ў 2020 годзе?

– Лукашэнка давёў краіну да ручкі і ягонае жаданне пайсці на сёмы тэрмін можа апынуцца фатальным не толькі для яго асабіста, але і для ўсяго драздоўскага клана. Ён думае, што проста чарговы раз яны разам з Ярмошынай намалююць патрэбныя лічбы і ўсё. Не, нянавісць людзей да іх узрасла шматкроць. Гэта і стала галоўным вынікам «выбараў».

Нездарма гэты факт канал Еўраньюс адзначыў, і нездарма дзяржаўнае АНТ на гэтую тэму цэлы сюжэт зрабіла.

Улада будзе хітрыць, выкручвацца, «паляпшаць» Канстытуцыю, аднак народ падмануць не атрымаецца і як раней ужо не будзе. Беларусь стаіць на парозе радыкальных зменаў.

Напісаць каментар 48

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках