Зяленскі: Расія даваявалася да таго, што яе галоўны парад ужо залежыць ад Украіны
- 7.05.2026, 4:04
Прэзідэнт Украіны папярэдзіў РФ аб «справядлівых адказах».
Расія ўжо даваявалася да таго, што яе галоўны парад залежыць ад Украіны. Гэта ясны сігнал пра неабходнасць завяршаць поўнамаштабную вайну.
Пра гэта паведамляе Charter97.org са спасылкай на заяву прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага.
«Украіна гатовая працаваць дзеля міру. Украіна імкнецца годна завяршыць гэтую вайну. Расія даваявалася да таго, што і іх галоўны парад ужо залежыць ад нас. І гэта ясны сігнал: трэба завяршаць», — адзначыў ён.
Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што Украіна гатовая працаваць дзеля міру і імкнецца «годна завяршыць гэтую вайну».
«Расія атрымала ад нас ясную прапанову пра цішыню і дыпламатыю і ведае, як звязацца з Украінай або з партнёрамі, каб узгадніць падрабязнасці. Калі ж тую адну асобу ў Маскве, якая не можа жыць без вайны, цікавіць толькі адзін парад і больш нічога, гэта ўжо іншая справа», — падкрэсліў прэзідэнт.
Зяленскі адзначыў, што краіна-агрэсар адказала на прапанову Украіны аб спыненні агню новымі ўдарамі. Ён дадаў, што сёння фактычна на працягу ўсяго дня пра варожыя абстрэлы паведамлялі з розных абласцей.
«Ні адзін з відаў сваёй ваеннай актыўнасці Расія не спыніла. На жаль, не спыніла. Украіна будзе дзейнічаць сіметрычна. У залежнасці ад сітуацыі ўначы і заўтра таксама будзем вызначацца з нашымі цалкам справядлівымі адказамі», — заявіў прэзідэнт.