26 красавiка 2024, Пятніца, 6:23
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Дзяржаўны сэктар цягне эканоміку долу

6
Дзяржаўны сэктар цягне эканоміку долу

МВФ намагае структурных рэформаў у Беларусі.

«Беларусь за апошнія 7-9 гадоў дэманстравала не самыя лепшыя паказчыкі эканамічнага росту, - адзначыў у часе адной з панэльных дыскусій «Кастрычніцкага эканамічнага форуму» старшы сталы прадстаўнік МВФ у рэгіёне Цэнтральна-Усходняй Еўропы Надым Ілахі. - Пасля крызісу 2008-2009 года назіраўся эканамічны рост, прыкладна 8%, можа і не вельмі трывалы, але ўсё ж рост быў. Пасля ж тэмпы росту эканомікі значна ўпалі», піша ej.by.

«Відавочная сітуацыя для шмат якіх эканамістаў, якія працуюць з Беларуссю, што эканамічны рост да крызісу 2008 года быў абумоўлены актыўным інвеставаннем. У гэты перыяд усе краіны свету прырасталі даволі актыўна. Гэта было наступства макраэканамічнага перакосу. Танны замежны капітал ды інвестыцыйны бум збольшага былі няўстойлівыя. Было ясна, што так працягвацца доўга не магло», - дадаў прадстаўнік МВФ.

Параўноўваючы паміж сабой эканамічную сітуацыю ў Польшчы і Беларусі за апошнія гады, Надым Ілахі звярнуў увагу на тое, што ў Польшчы растуць усе паказчыкі, у тым ліку расце прадукцыйнасць капіталу.

«Пры гэтым Польшча не толькі інвестуе, але і праводзіць структурныя рэформы, - заўважыў ён. - У Беларусі ж кардынальна іншая сітуацыя. Можна колькі хочаш напампоўваць эканоміку капіталам, але без павелічэння прадукцыйнасці гэтага капіталу сур'ёзных змен не адбудзецца».

Дзяржаўны сэктар цягне эканоміку долу

Яшчэ адной прычынай нізкага эканамічнага росту і нізкай прадукцыйнасці, на думку эканамістаў МВФ, з'яўляецца памер дзяржаўнага сэктару ў эканоміцы. Нават у Расеі, якая ідзе ў гэтым паказчыку следам за Беларуссю, ён істотна ніжэйшы.

На дзель дзяржаўных прадпрыемстваў у нас прыпадае практычна 30% ад агульнай колькасці занятых, траціна дададзенай вартасці генеруецца таксама тут. Пры гэтым сэктар характарызуецца нізкай прадукцыйнасцю.

«Паводле нашых даследаванняў, паказчыкі эфектыўнасці дзейнасці дзяржаўнага сэктару значна ніжэйшыя, чым у параўнальных прадпрыемстваў прыватнага сэктару», - падкрэсліў Надым Ілахі.

Паводле ягоных слоў, дамінаванне дзяржаўнага сэктару ў эканоміцы азначае, што яго трэба фінансаваць. Каналам фінансавання становяцца дзяржаўныя банкі. 70% банкавых актываў сёння засяроджана ў дзяржаўным сэктары, што само сабой стварае праблемы. Бо банкавы сэктар павінен нейкім чынам фінансаваць яшчэ і прыватны сэктар, мяркуе прадстаўнік МВФ.

Гандаль - арыентацыя на аднаго партнёра

Што да замежнага гандлю, калі не браць пад увагу нафтавы сэктар, у Беларусі не самая адкрытая эканоміка. Бо ўвесь гандаль краіны фактычна арыентаваны на аднаго партнёра. На дзель Расеі прыпадае блізу 50% усяго таварнага абарачэння Беларусі.

«Структура гандлю таксама не такая, якой бы ёй варта было быць. Ва ўсіх краінах рэгіёну пераважае вытворча-арыентаваны баланс замежнага гандлю, а Беларусь з'яўляецца фактычна краінай, што экспартуе рэсурсы. Гэта значыць, яна так і не здолела ўгнацца за тымі зменамі, якія адбываліся ў рэгіянальнай сістэме», - сказаў Ілахі.

Што трэба рабіць?

Рэформа дзяржаўных прадпрыемстваў - гэта ключавое для Беларусі, уважае Надым Ілахі, разважаючы на тэму таго, як палепшыць у Беларусі паказчыкі эканомікі. Трэба вызначыць, якія з іх могуць існаваць без рэструктурызацыі, у якіх трэба яе правесці, а якія трэба наогул зліквідаваць.

Прадстаўнік МВФ адзначыў, што таксама важна стварыць роўныя ўмовы для прыватнага сэктару, а банкі павінны даваць яму ўсё большую падтрымку.

«Шмат гаворыцца пра рост ІТ-тэхналогій у Беларусі і, вядома, гэта гісторыя поспеху, - у сваю чаргу падкрэсліў Надым Ілахі. - Але трэба разумець, што гэта ўсё ж сэктар, дзе няма дзяржаўных прадпрыемстваў, і ў гэтым яго перавага. Але ж ёсць і іншыя сэктары, якія маюць патрэбу ў дадатковых стымулах».

Таксама, на думку прадстаўніка МВФ, Беларусі трэба дыверсіфікаваць сваіх замежных гандлёвых партнёраў, а прадпрыемствы маюць становіцца больш арыентаванымі на экспарт.

«Што да падатковага манеўру з Расеяй, калі кампенсацыі ўсё ж не будзе, гэта стане яшчэ адным дадатковым выклікам для развіцця эканомікі. Тады пагатоў узнікне патрэба ў правядзенні тых рэформаў, аб якіх я казаў», - выснаваў Надым Ілахі.

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках