26 красавiка 2024, Пятніца, 5:27
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Менскі працоўны: Жэрці няма чаго і «свята» ў галаву не лезе

24
Менскі працоўны: Жэрці няма чаго і «свята» ў галаву не лезе
ІЛЮСТРАЦЫЙНАЕ ФОТА

Меркаванне, якое актуальнае і цяпер.

У рамках праекта «СССР: як гэта было на самай справе» выданне «Салідарнасць» публікуе аўтарскі цыкл «нярадасныя савецкія святы»:

– У савецкай сістэме грамадзянін павінен быў усё жыццё даказваць сваю вернасць рэжыму. Для гэтага было прыдумана мноства амаль рэлігійных рытуалаў, якія суправаджалі чалавека пажыццёва.

Упершыню з партрэтамі правадыроў і аповедамі пра самую лепшую на планеце краіну дзіця сутыкалася яшчэ ў яслях і дзіцячым садзе. Потым у школе ўступала паслядоўна ў акцябраты, піянеры і камсамол. Потым хлопцаў чакала савецкая армія. Для кар'ернага росту было абавязковым уступленне ў партыю, для чаго прэтэндэнт павінен быў прайсці праверку ў якасці кандыдата ў чальцы.

Урачыста абстаўляліся і іншыя этапы сталення: атрыманне савецкага пашпарта, першы ўдзел у выбарах і іншыя. Многія з іх суправаджаліся не толькі адмысловымі рытуаламі, але і вымаўленнем урачыстай клятвы, абяцання, прысягі.

Свая прысяга была ў піянера, камсамольца, вайскоўца. Прычым адмовіцца ад прыняцця гэтай клятвы было немагчыма. Такое прымусовае абавязальніцтва да вернасці. Потым чалавека заўсёды можна было не толькі прысарамаціць, маўляў, ты ж клятву даваў, але і падвесці да ваеннага трыбуналу за невыкананне вайсковай прысягі.

Падчас прыняцця прысягі супрацоўнікі паліторганаў (палітрукі, камісары) і адмысловых аддзелаў (асабісты) уважліва сачылі за прызыўнікамі.

2 траўня 1932 г. падчас чытання тэксту «чырвонай прысягі» чырвонаармеец 2 артпалка Уладзіміраў (беспартыйны, калгаснік, прызыву 1931 года) «не жадаючы даваць урачыстага абяцання, тэксту прысягі не паўтараў».

Чырвонаармеец 40 кавпалка Пятроўскі сказаў: «Мы паехалі прымаць прысягу ў той час, як дома галодныя сядзяць. А мы выехалі на плошчу ды пакрычалі ўра. Якая ад гэтага толькі карысць?»

Чырвонаармеец з сераднякоў таго ж года прызыву прадэманстраваў выдатнае веданне наступстваў парушэння прысягі: «Раней была прысяга, а цяпер урачыстае абяцанне, а паміж імі ніякай розніцы няма. Толькі раней было – хай пакарае мяне Пан Бог, а цяпер “рука рэвалюцыйнага закону”. А рука рэвалюцыйнага закону адразу возьме, і пікнуць не паспееш».

Стадыя ўступлення ў камсамол мела патрэбу ў паруцы старэйшых таварышаў, якія, калі што не так, адказвалі за свайго пратэжэ. Напрыклад, кандыдату ва УЛКСМ патрэбная была рэкамендацыя камуніста або двух камсамольцаў са стажам не меншым за дзесяць месяцаў.

Акрамя абавязковага для ўсіх дзяцей уступлення ў акцябраты, усе астатнія стадыі пасвячэння меркавалі, што на гэтую стадыю пераходзяць толькі самыя годныя. На самай справе, акцябратамі і піянерамі аўтаматычна станавіліся амаль 100% школьнікаў. За нявартыя ўчынкі чалавека маглі выключыць з піянераў, камсамолу ці партыі. Як правіла, суправаджалася гэта ўсеагульнай вымовай на лінейках і партсходах.

Найважнейшай падставай пераходу на наступную стадыю ператварэння ў сапраўднага савецкага чалавека была вернасць ідэалам марксізму-ленінізму-сталінізму і камуністычнай партыі. Такім жа абавязковым быў удзел грамадзянаў у розных грамадскіх і прафесійных арганізацыях: прафзвяз, Звяз ваяўнічых бязбожнікаў, ТСАВІАХІМ (пасля ДТСААФ), МАДР, Чырвоны крыж і паўмесяц, ТВВОД ...

Усе гэтыя «радасці», як і сяброўства ва УЛКСМ ці КПСС, патрабавалі ад сяброў выплаты невялікіх, але штомесячных унёскаў. За нявыплату выключалі.

Адмовіцца ад гэтага нібыта добраахвотнага ўдзелу было практычна немагчыма. У сутнасці, толькі на самым нізе сацыяльнай лесвіцы (просты працоўны ці калгаснік) дарослы чалавек мог дазволіць сабе раскошу не быць камсамольцам, кандыдатам ці сябрам партыі. Пры гэтым камсамольская або партыйная ячэйка меркавала не толькі сваім правам, але і абавязкам кантраляваць не толькі грамадскае, але і асабістае жыццё сябра арганізацыі.

Усё гэта былі абавязковыя этапы трансфармацыі індывідуальнай асобы чалавека ў нейкую ідэалагічна правільную калектыўную жывёлу. Але ўсе гэтыя стадыі савецкай ініцыяцыі грамадзянін найчасцей праходзіў адзін раз у жыцці.

Але былі ў СССР асаблівыя дні, калі вернасць даказвалася не толькі масава і публічна, але і рэгулярна. Такімі былі выбары дэпутатаў у саветы ўсіх узроўняў, а самымі частымі – савецкія святы. Прычым усе яны з добраахвотнага волевыяўлення ператварыліся ў абавязалаўку. У сутнасці, у сапраўдную спецаперацыю спецслужбаў.

Пабудова сацыялізму і камунізму, вывядзенне чалавека новага тыпу меркавала, што і святкаваць ён будзе зусім іншыя даты. Не тыя, што чалавек «старога ўзору». Вядома, адназначна адпадалі святы рэлігійныя – з імі ішла актыўная барацьба. Аднак цалкам іх зжыць не атрымлівалася, і на дапамогу прыйшла старая правераная методыка. Не забарона – замена і напаўненне новым зместам.

Калісьці так на месца паганскіх святаў прыйшлі хрысціянскія. Потым хрысціянскія святы трэба было замяніць савецкімі ці прынамсі нерэлігійнымі. Так адбылося са зрушэннем Калядаў на Новы год, нават з захаваннем некаторых знакаў. Віфлеемская зорка цалкам арганічна была замененая зоркай савецкай, а само свята так і засталося начным.

Вядомая ўсім нам сістэма дзяржаўных святаў канца 80-х амаль цалкам перайшла ў сучасную Беларусь, хоць сфармавалася далёка не адразу. У першыя гады і дзесяцігоддзі савецкай улады шырока адзначаліся і некаторыя цяпер забытыя святы, многія з якіх нават былі непрацоўнымі – «чырвонымі днямі» календара.

Напрыклад, гадавіна «Крывавай нядзелі» (22 студзеня), дзень зрынання самадзяржаўя (12 сакавіка), дзень Парыжскай камуны (18 сакавіка), дзень піянерыі (19 траўня), дзень нараджэння Камсамолу (29 кастрычніка), дзень Канстытуцыі («сталінскай», з 1936 да 1976 г. – 5 снежня).

Сярод святаў былі і цалкам міфалагічныя, за якімі не стаяла ніякіх рэальных значных падзей. Накшталт «дня савецкай арміі» 23 лютага. Фактычна ў гэты дзень уцекачы ад немцаў бальшавікі прынялі найцяжэйшыя ўмовы капітуляцыі ў Першай сусветнай вайне, вынікам якой стаў так званы «Брэсцкі мір». Такім чынам, сама падзея і яе святкаванне былі перакручаныя з дакладнасцю да наадварот.

Былі прыдуманыя і дзясяткі прафесійных святаў, накшталт дня настаўніка, будаўніка, міліцыі, ПДВ і іншых.

Асноўнымі савецкімі святамі, у якія праходзілі мітынгі, дэманстрацыі і парады, былі 1 траўня і 7 лістапада, якія адзначаюцца ў Беларусі і не змянілі свой сэнс і цяпер. Пасля да іх дадаўся Дзень Перамогі 9 траўня, а ў БССР – дзень вызвалення 3 ліпеня.

Цікава, што святы працоўныя людзі, якія паверылі ў будаўніцтва самай справядлівай, першай ў свеце дзяржавы, першапачаткова адзначалі добраахвотна і шчыра, ужо ў канцы 20-х і тым больш у 30-я сталі для іх амаль клопатам. А часам і лішняй падставай выказаць нязгоду з савецкай уладай.

Менавіта таму, а не толькі праз вялікую колькасць нецвярозых, савецкія святы заўсёды былі днём падвышанай боегатоўнасці міліцыі і спецслужбаў.

На галоўныя святы ўскладалася адказная задача: прадэманстраваць усяму свету, што савецкая ўлада – гэта ўлада народная, і яна карыстаецца абсалютнай усенароднай падтрымкай. Таму адной з галоўных задачаў было забеспячэнне высокай яўкі на ўрачыстыя сходы, мітынгі, дэманстрацыі, парады.

Былі і такія экзатычныя і цяпер забытыя мерапрыемствы як паходневыя шэсці, якія праводзіліся ў пачатку 30-х гадоў 1 траўня. Цяпер яны асацыююцца толькі з нацыстамі, а некалі савецкія ідэолагі працавалі над забеспячэннем на паходневыя шэсці 100% яўкі.

Было гэта не так лёгка. Не толькі таму, што ўжо праз пятнаццаць гадоў савецкай улады людзі моцна расчараваліся ў самой ідэі сацыялізму, але і таму што ў 30-я гады яны былі рэальна галоднымі.

Адной з самых частых прычынаў адмоваў ад удзелу ў дэманстрацыі было: у нас няма хлеба, у нас няма сілаў маршаваць. Плюс у многіх папросту не было абутку.

Цяпер у гэта складана паверыць, але пра гэта сведчаць тысячы доказаў, якія захаваліся ў справаздачах інфарматараў, што паступалі з усіх канцоў СССР праз чэкістаў партыйнаму і дзяржаўнаму кіраўніцтву.

Так, 2 лістапада 1931 года працоўны арцелі «Чырвоны Металіст» Маршак у размове з калегамі сказаў: «Свята прыходзіць, а есці няма чаго. Раней было мяса і рыба, а цяпер гэтага няма, а для таго, каб набыць на базары, то трэба атрымліваць не 130 рублёў, а больш. Раней за 10 рублёў на базары можна было атрымаць столькі прадуктаў, што хапіла б на вялікую сям'ю».

Працоўны фабрыкі «Усход» Шындзель казаў: «Што нам з гэтых святаў, калі есці няма чаго і нічога не даюць, а людзі ходзяць у лапцях, і яшчэ ганяюць на дэманстрацыі. Дзецям і тым нічога да свята не даюць».

Нават на такой адказнай працы, як пабудова новага Дома ўрада ў Менску, слесар Зайцаў заявіў: «Лепш бы гэтыя грошы, што марнуюць на ўпрыгажэнні, ужывалі б на шамоўку, а то людзі галадаюць і на свята нічога не даюць».

Чэкісты інфармавалі партыйнае кіраўніцтва пра атмасферу на менскай цукерачнай фабрыцы «Камунарка»: «Сярод працоўных не адчуваецца святочнага настрою».

Працоўны карамельнага цэха Цыпкін у размове сказаў: «Святкуем усяго два святы за год, але і тыя не даюць святкаваць. Прарывы пакрываем, гонім, гонім, і ходзім галодныя і босыя, і, чорт яго ведае, калі ўжо палепшыцца становішча».

Іншы працоўны Шышкевіч сказаў: «Свята то ідзе, але яно не адчуваецца, адно сарвалі, жэрці няма чаго і свята ў галаву не лезе, калі патрэба загрызае».

Артыкул апублікаваны ў рамках праекта «СССР: як гэта было на самай справе». Частка другая – у найбліжэйшыя дні...

Напісаць каментар 24

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках