19 лютага 2020, Серада, 15:49
Засталося зусім крыху
Рубрыкі

Беларускія дальнабойнікі – на мяжы забастоўкі

19
Беларускія дальнабойнікі – на мяжы забастоўкі
ІЛЮСТРАЦЫЙНАЕ ФОТА

Многім не далі дазволы на ўезд у Польшчу.

«Нас фактычна пазбавілі працы! Як жыць, плаціць крэдыты, што рабіць кіроўцам?» – уладальнікі невялікіх фірмаў і іпэшнікі, якія займаюцца аўтамабільнымі грузаперавозкамі і ездзяць у асноўным у Польшчу, сутыкнуліся з сур'ёзнай праблемай. Мінтранс не выдаў ім «дазволы» на праезд па польскай тэрыторыі. Праблема, паводле некаторых звестак, закранула блізу 400–600 дробных фірмаў-перавознікаў. У БАМАП запэўніваюць, што «дзялілі» ўсё па-сапраўднаму, бяда ў тым, што Польшча не хоча даваць беларускаму боку больш дазволаў на перавозкі грузаў, паведамляе tut.by.

«У мяне тры машыны, але няма "дазволу", а ў фірмаў з адной машынай – 5–7 дазволаў. Чаму?»

– Праблема ў асноўным закранула дробных перавознікаў, у якіх два-тры грузавікі. Амаль усе мы ездзім у Польшчу, для гэтага патрэбныя двухбаковыя «дазволы». Вядома, мы б хацелі ездзіць і ў трэція краіны, напрыклад, з Беларусі ў Польшчу, а адтуль ва Украіну. Але для гэтага патрэбныя ўжо трохбаковыя дазволы, а для нас яны заўсёды былі недасягальнай марай, – уводзіць нас у курс справы іпэшнік з Пінска Віктар. Ён займаецца грузаперавозкамі тры гады. Кажа, што сёлета польскія «дазволы» Мінтранс размеркаваў паводле новай сістэмы.

«Дазволы» – так на мове дальнабойнікаў называецца дазвол на праезд па тэрыторыі замежнай дзяржавы. Транспартныя ўстановы розных краінаў дамаўляюцца і абменьваюцца паміж сабой вызначанай колькасцю дазволаў, а потым ужо кожная краіна размяркоўвае іх паміж сваімі перавознікамі. Бланкі дазволаў правяраюць пры праходжанні мяжы. Дазвол паўторна выкарыстоўваць нельга, калі толькі праскочыць без адзнак ці не запаўняць яго, але гэта можа вынікаваць штраф некалькі тысячаў еўраў.

Віктар кажа, што пытанне з размеркаваннем «дазволаў» заўсёды стаяла востра: выдавалі іх не столькі, колькі прасілі перавознікі.

– Нядаўна Мінтранс прыдумаў новую працэдуру прыёму заявак на «дазволы»: нам трэба было запоўніць электронную форму на сайце – пазначыць там, якія дазволы мы просім, колькі ў нас машынаў, якая выручка. А ў пачатку снежня вывесілі спіс: каму колькі «дазволаў» вылучылі. На жаль, я ў яго не трапіў, нягледзячы на тое, што ў мяне тры машыны. Але ў некага ў спісе было і адно аўто, а ім далі пяць-сем дазволаў, гэта неяк дзіўна і нелагічна...

Іпэшнік тлумачыць, што Мінтранс пры размеркаванні «дазволаў» асаблівую ўвагу звяртае на выручку перавозніка. Віктар кажа, што ў ягонай фірме яна невялікая: у рэйсы ездзілі дзве машыны з трох, да таго ж зваротныя маршруты ў Польшчу аплачваюцца не так высока, як, напрыклад, у Італію або Бельгію. Але паехаць углыб Еўропы прадпрымальнік не можа не толькі праз «дазволы»: у яго 15-гадовыя машыны Еўра-3 (экалагічны стандарт, які рэгулюе ўтрыманне шкодных рэчываў у выхлапе аўто, самы «чысты» сёння – Еўра-6. – Заўвага. AUTO.TUT.BY). Праз гэта трэба больш плаціць за дарогі і рэйсы атрымліваюцца нявыгаднымі.

У выніку, паводле словаў Віктара, атрымалася замкнёнае кола: раз выручка невялікая, то дазволаў на першы квартал не далі. Але як іх атрымаць у другім квартале, калі працы не будзе ўвогуле?

Віктар звяртаўся ў БАМАП (Беларускую асацыяцыю міжнародных аўтамабільных перавознікаў), Транспартную інспекцыю, Мінтранс, прасіў растлумачыць, чаму з ім так абышліся, але выразных адказаў не атрымаў.

Перавознікі мяркуюць, што ўлады падтрымліваюць толькі буйныя кампаніі і пазбаўляюцца ад маленькіх. Цяпер абдзеленыя дазволамі дальнабойнікі стварылі групу ў мэсэнджары (там ужо больш за 700 удзельнікаў) і пастанаўляюць, што рабіць далей. Ужо гатовы і падпісваецца іх зварот да беларускіх уладаў, у якім яны выкладаюць сутнасць праблемы і патрабуюць зняць квоты на выдачу дазволаў і абмежаванні ў тэрмінах і колькасці іх атрымання, створаная петыцыя ў інтэрнэце. Але ёсць у перавознікаў і больш радыкальныя прапановы: напрыклад, арганізаваць мітынг на грузавіках або страйк на фурах проста на дарозе і нават перакрыць трасу каля мяжы.

«Сёлета быў рэкордны прырост грузавікоў, а дазволаў больш не стала»

– У Беларусі ў 2019 годзе быў рэкордны прырост грузавога транспарту – блізу 13-14 адсоткаў. Праз дылераў набылі блізу 2150 новых грузавікоў, а яшчэ невядома, колькі іх набылі з прабегам, але думаю, што лік значны. Вось і атрымліваецца: аўтамабіляў стала больш, а дазволаў – на жаль, не, – тлумачыць Зміцер Варанцоў, гендырэктар кампаніі «Янстронг», якая займаецца грузаперавозкамі ўжо 26 гадоў.

Дзмітрый Варанцоў адзначае, што з Польшчай праз «дазволы» заўсёды працавалі «на грані фолу», такая ж сітуацыя з польскімі дазволамі ва Украіне і Расеі. Наша заходняя суседка – самая буйная транспартна-лагістычная дзяржава ў Еўропе, і ў першую чаргу яна забяспечвае сваю эканамічную бяспеку. У Польшчы шмат невялікага прыватнага бізнэсу, які займаецца перавозкамі, і ў першую чаргу ягоныя інтарэсы абараняюць улады.

– Яны жорстка дыктуюць свае ўмовы і дазволамі не раскідваюцца. Хоць 7-8 гадоў таму палякі да беларусаў ставіліся вельмі прыязна. Дарэчы, тады мы раздавалі ім налева і направа дазволы на транзіт па беларускай тэрыторыі, спадзеючыся, што нашы добрыя крокі не застануцца незаўважанымі суседзямі.

Паводле звестак перавозніка, цяпер без польскіх дазволаў засталося 400–600 дробных беларускіх фірмаў і іпэшнікаў. Гэтая сітуацыя для рынку вельмі небяспечная тым, што з'ехаць працаваць за мяжу, у тую ж Польшчу ці Літву, могуць яшчэ больш мэнэджараў, экспедытараў, кіроўцаў.

БАМАП: «Выдадзеныя на гэты год Польшчай дазволы могуць скончыцца ўжо ў кастрычніку»

У БАМАП пра праблему з дазволамі у міжнародных грузаперавознікаў добра ведаюць. Там кажуць, што працэдура размеркавання «дазволаў» ажыццяўляецца сёлета паводле абноўленай Інструкцыі Мінтранса, якая пачала дзеянне 2 лютага 2019 года. Размяркоўваюць «дазволы» дэфіцытныя – патрэба ў якіх перавышае колькасць, атрыманую ад замежнай дзяржавы. Пры гэтым выкарыстоўваецца спецыяльная формула, у якую ўносяцца пэўныя звесткі канкрэтнага перавозніка.

– У інструкцыі прадугледжаныя адзіныя падыходы пры размеркаванні дазволаў незалежна ад таго, да якой катэгорыі адносіцца аўтамабільны перавознік – юрыдычная асоба або індывідуальны прадпрымальнік, малое або сярэдняе прадпрыемства. Уплыў чалавечага фактару пры размеркаванні выключаны – апавяла Наталля Высоцкая, намесніца генеральнага дырэктара БАМАП.

У БАМАП патлумачылі, што пры прыняцці пастановы пра выдачу дазволаў бярэцца да ўвагі выручка перавозніка ад перавозак грузаў на адну грузавую машыну. Пры ўмовах размеркавання двухбаковых / транзітных дазволаў Польшчы на першы квартал 2020 года аб'ём выручкі перавозніка павінен быў быць не меншы за 41 799 рублёў на адзін аўтамабіль за справаздачны перыяд студзень – верасень 2019 года.

Міжнароднымі аўтамабільнымі грузаперавозкамі ў Беларусі займаюцца блізу трох тысячаў суб'ектаў, якія забяспечваюць больш за 30 тысячаў працоўных месцаў.

Польскія «дазволы» сталі дэфіцытнымі з канца 2017 года, калі з'явілася неабходнасць павялічваць квоту дазволаў зыходзячы з патрэбаў беларускіх перавознікаў.

У 2017 годзе базавая квота дазволаў Польшчы складала 188 тысячаў двухбаковых, транзітных і ў / з трэціх краінаў дазволаў.

У 2018 годзе атрымалася дамовіцца на 203 тысячы дазволаў.

На 2019 і 2020 гады дазволы перададзеныя ў аднолькавай колькасці – 199 тысячаў. У такой жа колькасці ў Польшчу перададзеныя беларускія дазволы.

На 2017 г. да базавай квоты было ўзгоднена дадаткова 11 тысячаў польскіх дазволаў, але пазней Міністэрства інфраструктуры і развіцця Польшчы заняло пазіцыю абмену парытэтнай (роўнай) колькасцю дазволаў, прычым парогавае значэнне колькасці дазволаў для абмену вызначаецца зыходзячы з інтарэсаў польскага боку.

Цяпер палякам не патрабуюцца дадатковыя дазволы для праезду па тэрыторыі Беларусі і тая квота беларускіх дазволаў, якая ў іх ёсць, не выкарыстоўваецца імі ў поўным аб'ёме. Аднак у 2007–2016 гадах польскі бок штогод звяртаўся ў Мінтранс Беларусі па дадатковыя дазволы, пераважна транзітныя, і ім ішлі насустрач увесь гэты перыяд.

У БАМАП кажуць, што праз дэфіцыт дазволаў перавознікі прасілі, каб іх размяркоўвалі на адкрытых і празрыстых умовах, што і адбылося з прыняццем новай рэдакцыі інструкцыі Мінтранса. Усе вынікі размеркавання размяшчаюцца на сайце Транспартнай інспекцыі.

– Праз тое, што колькасць размеркавальных дазволаў меншая, чым іх трэба перавознікам, і эканамічныя паказнікі іх не аднолькавыя, то не ўсе задаволеныя вынікамі размеркавання, што і адбылося цяпер у дачыненні да дазволаў Польшчы, – адзначылі ў асацыяцыі.

Наталля Высоцкая сцвярджае: кожны год Мінтранс і БАМАП вядуць перамовы з кампетэнтнымі органамі замежных дзяржаваў, у тым ліку Польшчы, пра павелічэнне квотаў дазволаў.

Сёлета недахоп дазволаў быў у 32 напрамках перавозак, у тым ліку 31-й краіне для выканання перавозак у / з трэціх краінаў, 13 краінах для выканання перавозак у двухбаковых / транзітных зносінах.

Цягам года праведзеная праца з кампетэнтнымі органамі практычна ўсіх праблемных краінаў. З 23 з іх атрыманыя дадатковыя квоты дазволаў у колькасці большай за 50 тысячаў, што перавышае на 11% колькасць дазволаў, атрыманых дадаткова летась (Аўстрыя, Азербайджан, Арменія, Бельгія, Боснія і Герцагавіна, Грузія, Гішпанія, Латвія, Малдова, Манголія, Нідэрланды, Нарвегія, Польшча, Румынія, Сербія, Славакія, Таджыкістан, Турцыя, Туркменістан, Узбекістан, Украіна, Францыя, Эстонія).

Але ёсць краіны (Вугоршчына, Данія, Чэхія, Расея, Казахстан і інш.), якія адмаўляюць або абмяжоўваюць колькасць дазволаў. Яны тлумачаць гэта тым, што выконваюць парытэт перавозак, а таксама абараняюць інтарэсы нацыянальных перавознікаў.

Беларусь абменьваецца дазволамі з 46 краінамі. У 2019 годзе атрымана больш за 762 тысячы дазволаў, што на 7% больш, чым на 2018 год, і на 15% больш за ўзровень 2017 года. Сёлета колькасць выдадзеных дазволаў павялічылася ў 33 краінах у цэлым на 8%.

У 2019 годзе перамовы ў абмене дазволамі з Польшчай праводзілі на трох пасяджэннях змешаных камісій, была сустрэча на ўзроўні міністраў, абмяркоўвалі праблему на беларуска-польскім эканамічным форуме. Але квота засталася нязменнай і адзіная дамоўленасць, да якой прыйшлі: магчымасць выкарыстоўваць 10 тысячаў дазволаў з квоты 2020 года снежні бягучага года, бо апошнія дазволы гэтага года былі выдадзеныя 29 лістапада.

Наступныя перамовы з польскім бокам пройдуць у другім квартале 2020 года. Якую стратэгію на іх абярэ Мінтранс Беларусі і што пастановяць з квотамі – пытанне адкрытае. Вядома, найлепшым варыянтам для Беларусі было б вылучэнне Мінінфраструктурай Польшчы дадатковых дазволаў, неабходных для беларускіх перавознікаў.

– Каб палепшыць сітуацыю з забеспячэннем дазволамі Польшчы і яны не падлягалі размеркаванню, нам трэба не менш за 230 тысячаў дазволаў у год. Калі сітуацыю пакінуць як у 2019 годзе, то ў 2020-м дазволы могуць скончыцца ўжо ў кастрычніку. А гэта спародзіць наступствы ўжо для ўсяго транспартнага бізнэсу – увесь ён не зможа нармальна працаваць без наяўнасці дазволаў краіны, якая займае пазіцыю лідаркі пры выкананні двухбаковых перавозак у / з Беларусі і важнае транзітнае становішча для дастаўкі грузаў у / з краінаў Еўропы.