19 лютага 2020, Серада, 15:50
Засталося зусім крыху
Рубрыкі

The Economist: На міжнародным рынку ўзбраенняў пануюць ЗША

The Economist: На міжнародным рынку ўзбраенняў пануюць ЗША

Расея адстае ад сваіх еўрапейскіх канкурэнтаў.

Мы вярнуліся ў эпоху барацьбы, можна сказаць пастаяннага канфлікту, паміж вялікімі дзяржавамі», - заявіў 5 снежня начальнік штаба абароны Вялікабрытаніі генерал сэр Нік Картэр (Nick Carter). Для большасці з нас гэта дрэнная навіна - але не для гандляроў зброяй. Даклад, апублікаваны 9 снежня Стакгольмскім інстытутам даследавання праблем міру, паказвае, што продажы ўзбраенняў і вайсковых паслуг у 100 найбуйнейшых абаронных кампаніях свету (без уліку кітайскіх, аб якіх няма поўных звестак) склалі ў 2018 годзе 420 мільярдаў даляраў. Гэта на 47% больш у рэальным вылічэнні, чым у 2002 годзе - першым годзе, для якога даступныя звесткі, піша выданне The Economist, (пераклад - inosmi.ru).

Мяркуючы з дакладу, на глабальным абаронным рынку пануе Амерыка. У першую сотню ўваходзяць 43 амерыканскія фірмы, якія агулам прадалі ў 2018 годзе зброі на 246 мільярдаў даляраў. Гэта складае 59% усяго аб'ёму продажаў. Таксама ў гэтым годзе амерыканскія кампаніі ўпершыню цалкам занялі першыя пяць месцаў у спісе. На дзель гэтай першай пяцёркі прыпадае больш за трэць усіх продажаў. Lockheed Martin, якая выпускае самалёты F-35, займае першае месца ўжо дзесяцігоддзе; далей ідуць Boeing, Northrop Grumman, Raytheon і General Dynamics. Іх росту спрыялі зліццё і паглынанне апошняга года, а таксама павелічэнне абаронных выдаткаў пры прэзідэнце Трамп.

У еўрапейскіх кампаній справы таксама ідуць нядрэнна, бо еўрапейскія краіны цяпер пераўзбройваюцца ў адказ на расейскую пагрозу. На дзель еўрапейскіх фірмаў прыпадае чвэрць продажаў у першай сотні. У спісе прысутнічаюць восем брытанскіх кампаній, шэсць французскіх, чатыры нямецкія, дзве італьянскія і па адной з Польшчы, Гішпаніі, Швэцыі, Швайцарыі і Украіны. Брытанскія кампаніі з продажамі на 35,1 мільярда даляраў, выперадзілі французскія (23,2 мільярда даляраў), хоць ад года да года гэтыя лічбы змяняюцца ў залежнасці ад падпісання і выканання новых дамоўленасцяў на пастаўку самалётаў.

Між тым расейская дзяржаўная абаронная прамысловасць усяго толькі цень былой савецкай. Вядома, за апошняе дзесяцігоддзе яе продажы ўзраслі дзякуючы грашам, якія Уладзімір Пуцін выдаткоўвае на мадэрнізацыю сваіх звычайных і ядзерных сіл. Аднак, відавочна, гэты бум падыходзіць да канца. Многія мяркуюць, што расейская аперацыя ў Сірыі стане ідэальнай вітрынай для яе ўзбраенняў - ад самалётаў Сухога да ракет «Іскандэр». У найбуйнейшай расейскай абароннай кампаніі «Алмаз-Антэй» продажы, сапраўды, падскочылі на 18% паміж 2017 і 2018 гадамі - збольшага дзякуючы экспарту зенітных ракетных сістэм С-400 такім сябрам Амерыкі, як Турцыя і Індыя. Тым не менш у гэтым годзе расейскія продажы ў спісе склалі агулам на 36,2 мільярда даляраў менш чым у мінулым годзе і ўтрая менш, чым агулам у еўрапейскіх канкурэнтаў.