26 красавiка 2024, Пятніца, 7:00
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Беларусі падымуць пенсійны ўзрост

64
У Беларусі падымуць пенсійны ўзрост

З 1 студзеня 2020 году разам з павелічэннем пенсійнага ўзросту павялічыцца і страхавы стаж.

У новым годзе ідзе наступны этап пенсійнай рэформы, якая пачалася ў Беларусі ў 2017 годзе. У адпаведнасці з рэформай пенсійны ўзрост падрастае на 6 месяцаў кожны год. З 1 студзеня 2020 года пенсійны ўзрост для мужчын складзе 62 гады, для жанчын - 57 гадоў. З 1 студзеня 2021 года пенсійны ўзрост для мужчын складзе 62,5 года, для жанчын - 57,5. Да 2023 года ён дасягне 63 і 58 гадоў адпаведна, піша kp.by.

Разам з павелічэннем пенсійнага ўзросту павялічылі і страхавы стаж, г.зн. мінімальная колькасць гадоў, за якія трэба плаціць унёскі ў ФСАН. Да 2014 года страхавы стаж складаў 5 гадоў. У 2014 годзе яго павялічылі да 10 гадоў, у 2015 годзе - да 15 гадоў. Штогод гэтая планка падымаецца на 6 месяцаў - да 20 гадоў у 2025 годзе. Калі не стае стажу - замест пенсіі з прычыны ўзросту вы будзеце атрымліваць блізу 50 даляраў сацыяльнай пенсіі. У такую пенсійную пастку трапіла 3,5 тысячы беларускіх пенсіянераў.

Многія экспэрты мяркуюць, што гэта будзе не апошняе павышэнне пенсійнага ўзросту ў Беларусі і ўжо з 2023 года пачнецца другі этап рэформы. Хутчэй за ўсё, ён закране толькі жанчын. Ва ўрадзе варыянт павялічыць пенсійны ўзрост для жанчын да 60 гадоў разглядалі яшчэ пры распрацоўцы дзейнай пенсійнай рэформы, але ў выніку ад яго адмовіліся.

У Міжнародным валютным фондзе (які дае краіне крэдыты ў абмен на выкананне абавязацельстваў) мяркуюць, што рэформу трэба працягваць, не спыняючыся ў 2023 годзе. Яшчэ ў 2016 годзе МВФ раіў павысіць у Беларусі пенсійны ўзрост да 65 гадоў для абодвух полаў. Чаму? Экспэрты МВФ спасылаюцца на нізкую нараджальнасць і міграцыю. Цяпер кожны чацвёрты жыхар Беларусі - паджылы чалавек, а праз 30 гадоў колькасць пенсіянераў перавысіць лік усяго эканамічна актыўнага насельніцтва. Да прыкладу, у канцы 2018 гада ў Беларусі пражывала 2 млн 102 тысяч чалавек пенсіянераў з прычыны ўзросту. Пры гэтым кожны чацвёрты пенсіянер працягваў працаваць, а ў Менску - і зусім кожны трэці (35%).

Бюджэт ФСАН з такой нагрузкай не справіцца, нараджальнасць яшчэ больш ўпадзе, і эканоміку можа чакаць чарговы крызіс. Працаваць жа няма каму! Акрамя таго, жанчыны ў Беларусі жывуць у сярэднім на 10 гадоў даўжэй за мужчын: мужчыны - 69,3 года, жанчыны - 79,2 года. Адпаведна, і на пенсіі жанчыны жывуць недазваляльна (для эканомікі) доўга.

Ці прынесла пенсійная рэформа даходы бюджэту ФСАН, пакуль казаць рана. У чэрвені 2019 года правадыр даручыў чыноўнікам прааналізаваць яе эфектыўнасць. Пакуль вядома толькі тое, што ў ФСАН у 2020 годзе зноў плануюцца значныя ўліванні з бюджэту краіны.

Меркаванне

«Павелічэнне страхавога стажу зрабіла закладнікамі сітуацыі людзей перадпенсійнага ўзросту»

Пенсійная рэформа павялічыла страхавы стаж - перыяд, за які ў ФСАН паступалі ўнёскі за працаўніка. І тыя, у каго яго не ставала, апынуліся ў пенсійнай пастцы: замест працоўнай пенсіі сталі атрымліваць мізэрную сацыяльную. Але сусветная практыка забараняе распаўсюджваць новы закон на праваадносіны, якія існавалі да яго, калі гэты закон пагаршае становішча чалавека. Ці не парушылі гэта правіла пры павелічэнні страхавога стажу?

- Не, правіла аб неўжывальнасці зваротнай сілы закона не парушанае. Прававое становішча чалавека не пагаршаецца, бо ён не дасягнуў пенсійнага ўзросту на момант змяненняў заканадаўства, - мяркуе юрыст Дзмітрый Лабазінскі. - Парушэннем было б, калі б новаўвядзенне распаўсюдзілі на тых, хто ўжо атрымлівае пенсію. У той жа час нельга не адзначыць парушэнне агульнаграмадзянскіх прынцыпаў справядлівасці, разумнасці і канстытуцыйнага прынцыпу роўнасці. Бо асобы перадпенсійнага ўзросту сталі закладнікамі сітуацыі, калі іх калегі, якія паспелі атрымаць пенсію за паўгода да змен, апынуліся ў больш выгаднай сітуацыі. Пераходны перыяд для такіх змен павінен быць хаця б 10 - 15 гадоў, каб чалавек паспеў напрацаваць нястачу страхавога стажу. Паставіць чалавека перадпенсійнага ўзросту перад фактам таго, што трэба яшчэ папрацаваць, - гэта несправядліва, улічваючы яго нізкую канкурэнтаздольнасць на рынку працы.

Напісаць каментар 64

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках