26 красавiка 2024, Пятніца, 12:16
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Гары Паганяйла пра «эскадрон смерці»: Вельмі добра, што загаварылі новыя сведкі

13
Гары Паганяйла пра «эскадрон смерці»: Вельмі добра, што загаварылі новыя сведкі
Гарри Погоняйло

Следства ў справе зніклых палітыкаў павінна быць адноўленае.

Пра гэта сайту Charter97.org заявіў старшыня юрыдычнай камісіі РП ГА «Беларускі Хельсінкскі Камітэт» Гары Паганяйла, які прадстаўляе інтарэсы сваякоў без вестак зніклых апанентаў Лукашэнкі:

- Нічога новага ў прызнанні Юрыя Гараўскага, акрамя некаторых дэталяў, мы не пачулі. Ёсць сведчанні байцоў САХРу, ёсць адпаведныя рапарты, дзе начальнік крымінальнай міліцыі МУС генерала Мікалай Лапацік распавёў як і пры якіх абставінах былі забітыя гэтыя людзі, ёсць пастанова старшыні КДБ Мацкевіча ў затрыманні Дзмітрыя Паўлічэнкі, дзе ёсць звесткі аб доўгай аператыўнай распрацоўцы групы гэтага чалавека. Паўлічэнка першапачаткова падазраваўся ў асабліва цяжкіх злачынствах - выкраданні гэтых людзей. Яго пасадзілі ў СІЗА КДБ на ўказ Лукашэнкі з фармулёўкай «барацьба з тэрарызмам».

Аднак па ўказанні таго ж Лукашэнкі яго вызвалілі без прыняцця якога-небудзь працэсуальнага дакумента. Пасля гэтага справа застапарылася. Не выключана, што паказанні байцоў САХРу былі знішчаныя. Таму вельмі добра, што загаварылі новыя сведкі. Аднак я не думаю, што ў Лукашэнкі будзе палітычная воля для расследавання гэтай справы, а без гэтага аніводны следчы ў гэты бок не рушыць. Бо ўжо даўно названы імёны, прозвішчы, афіцэрскія званні, пазначаны месцы службы. Усе зафіксавана органамі следства, калі звесткі не былі знішчаныя грубым чынам на каманду Шэймана, які быў прызначаны пасля апублікавання гэтых выкрывальных фактаў. Зноў жа, калі гэта так - трэба праверыць гэты факт, хто даў каманду знішчыць, хто знішчаў доказы гэтага страшнага замаху. Безумоўна, трэба і аднавіць следства ў дачыненні да людзей, якіх сёння згадаў баец САХРа.

Многія ўдзельнікі гэтых падзей пакінулі Беларусь, многія застаюцца ў яе межах, некаторыя знаходзяцца на пенсіі, як і сам Паўлічэнка. Нічога новага гэты баец не расказаў, але ўсе гэтыя звесткі, з улікам таго, што следчы Вараўка прыпыніў справу расследавання сваёй пастановай, павінны паставіць пытанне аб скасаванні гэтай пастановы. Следства павінна быць адноўленае, калі неабходна - трэба выехаць у тую краіну, дзе знаходзіцца баец САХРу, дапытаць яго «пад пратакол», далучыць іх да матэрыялаў крымінальнай справы.

Затым трэба дамаўляцца альбо аб яго выдачы, альбо аб працягу супрацоўніцтва і непрыцягненні за раскаянне і садзейнічанне следству. Але гэта ўсё магчыма толькі ў тым выпадку, калі будзе палітычная воля для расследавання справы.

Напісаць каментар 13

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках