Колькі чаго можна везці беларусам праз мяжу
3- 19.12.2019, 21:14
- 23,798
Рэкамендацыі спецыялістаў.
Як прывезці бытавую тэхніку, колькі прадуктаў і алкаголю можна ўвозіць у Беларусь у залежнасці ад частаты перасячэння мяжы, што змянілася ў мытным заканадаўстве і нормах увозу, распавялі vgr.by ў Гарадзенскай рэгіянальнай мытні.
Непадзельнага тавару больш няма?
З 1 студзеня 2020 года пры ўездзе ў Беларусь не будзе прымяняцца паняцце «непадзельны тавар».
Што такое непадзельны тавар? Гэта адна рэч для асабістага карыстання вагой больш за 35 кг, напрыклад лядоўня, пралка або пасудамыйка. Калі раней мыты вылічвалі ад усяе вагі тавару, то цяпер - толькі ад лішніх кілаграмаў.
З 1 студзеня 2020 года на такі тавар будуць дзейнічаць існыя нормы:
- калі перасякаеш мяжу адзін раз у тры месяцы і радзей, то можна бязмытна ўвозіць тавары на суму 500 еўраў і вагой не больш за 25 кг;
- калі перасякаеш мяжу часцей за адзін раз у тры месяцы, то можна везці тавары на суму 300 еўраў і не больш за 20 кг.
Уявім сітуацыю. Чалавек едзе першы раз за тры месяцы і вязе посудамыйку за 300 еўраў вагой 36 кг. У гэтым выпадку дзейнічае пункт пра перавышэнне вагі. Яму можна везці 25 кг, лішнія - 11 кг. У гэтым выпадку выплачваецца альбо 30% кошту, альбо 4 еўры за кожны лішні кілаграм. Атрымліваецца, што за тэхніку давядзецца заплаціць мыту 44 еўры (11 кг памнажаем на 4 еўры).
Звярніце ўвагу, што калі ў вас толькі пасудамыйка і вы вычарпалі свой ліміт, то бязмытна больш везці нічога нельга. За пральны парашок, прадукты давядзецца таксама заплаціць мыту.
Два тэлефоны ў год і адзін тэлевізар
З 2 жніўня ўвайшлі ў дзеянне змяненні ў правілы ўвозу з-за мяжы тавараў для асабістага карыстання. Цяпер на працягу аднаго каляндарнага года можна ўвозіць па адной адзінцы такіх тавараў: газавая альбо электрычная пліта, кухонная варачная панэль, выцяжка, духавая шафа, воданагравальнік, касілка для газонаў, абсталяванне для бытавой мыйкі аўто, манітор, ноўтбук або нэтбук, тэлевізар, ровар, надзіманая лодка, лодкавы рухавік, гульнявая прыстаўка і іншае.
На працягу аднаго каляндарнага года можна ўвозіць для асабістага карыстання два мабільныя тэлефоны, друкаркі, сканары, планшэты, два дзіцячыя вазкі.
Што з зімовымі шынамі?
У год можна ўвозіць не больш за чатыры новыя пнеўматычныя шыны, а таксама колы б/у да кожнага аўто і мотатранспарту пры ўмове, што звесткі пра тавары пазначаны ў пасведчанні аб рэгістрацыі транспартнага сродку альбо ў іншым дакуменце (рахунку-даведцы, дамове куплі-продажу, дамове дарэння і іншых). Былыя ва ўжыванні покрыўкі ў Беларусь увозіць забаронена!
Што тычыцца тавараў, то раз у тыдзень для асабістага карыстання можна везці не больш за адну адзінку кожнага наймення.
Прадукты харчавання і алкаголь
Раз у месяц і часцей можна везці не больш за 10 кг прадуктаў, а раз на тыдзень - не больш за 5 кг. Але калі ездзіш за мяжу некалькі раз у дзень, то дазваляецца браць не больш за 1 кг.
Раз у сем каляндарных дзён і болей - не больш за 5 кг прадуктаў харчавання, з іх алкагольных напояў і піва - не больш за 1 л для тых, хто перасякае мяжу транспартам, 0,5 л - для пешых або на ровары. Калі перасякаеш мяжу некалькі раз у дзень, то увозіць можна толькі 100 грамаў.
Як быць, калі вярнулі з мяжы
Калі выехалі ў Польшчу першы раз за тры месяцы, але ў Кузніцы вас развярнулі назад, то ў наступны раз (нават калі паедзеце за мяжу хоць на наступны дзень) беларускія мытнікі не будуць прымяняць да вас зрэзаныя нормы 300 еўраў і 20 кг.
Галоўнае перадаць супрацоўнікам мытні дэкларацыю з адзнакай «Пасля вяртання», пастаўленай у графе для службовага карыстання, а таксама пашпарт (ці іншы дакумент) з адзнакай сумежнага боку аб адмове ва ўездзе грамадзяніна. У польскіх памежнікаў гэта, як правіла, ануляванне штампа.