26 красавiка 2024, Пятніца, 14:28
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Якой будзе зіма ў Беларусі пасля анамальна цёплай восені

6
Якой будзе зіма ў Беларусі пасля анамальна цёплай восені

Якое надвор'е чакае нас у найбліжэйшыя тры месяцы?

Невялікі мароз пратрымаецца нядоўга. Ужо ў сераду, 4 снежня, распавёў naviny.by начальнік службы метэаралагічных прагнозаў Белгідрамета Аляксандр Бяганскі, з Атлантыкі пачне паступаць больш цёплае паветра, у Беларусі пацяплее, пройдзе дождж і мокры снег. Не абыдзецца без галалёду.

Атмасферныя працэсы, асабліва ў першай палове снежня, яшчэ захоўваюць рысы пераходнага сезона. Таму ў першым зімовым месяцы нярэдка назіраецца няўстойлівае надвор'е са значнымі ваганнямі тэмпературы паветра.

Даволі часта першая пяцідзёнка і нават першая дэкада месяца бываюць вельмі цёплымі. Гэты год не выключэнне.

«Першая дэкада прагназуецца крыху цяплейшай за кліматычную норму, - распавёў Аляксандр Бяганскі. - Тэмпературны фон будзе крыху адмоўны ў начны час і крыху дадатны ўдзень. У другой палове месяца прагназуецца няўстойлівы характар надвор'я. Перыяды пахаладання будуць змяняцца адлігамі, дождж будзе пераходзіць у снег і наадварот».

Агулам снежань прагназуецца крыху цяплейшым, чым звычайна - сярэдняя месячная тэмпература паветра чакаецца на 1°С вышэйшай за кліматычную норму (-1..-5°С).

Агулам у краіне ў снежні тэмпература паветра першай дэкады складзе -2,4°С, прычым яна будзе вагацца ад -3,9°С на паўночным усходзе да -0,4°С на паўднёвым захадзе краіны. У сярэднім за дэкаду выпадзе 15 мм ападкаў (34% месячнай колькасці).

Другая дэкада будзе халаднейшай за першую агулам на 1°С. У самую халодную трэцюю дэкаду сярэдняя тэмпература паветра складзе -4°С. Халадней за ўсё на паўночным усходзе (-5,3°С), цяплей за ўсё - на паўднёвым захадзе Берасцейскай вобласці (-2,3°С).

У снежні мы рэдка бачым сонца - працягласць сонечнага ззяння за месяц складае 24-33 гадзіны.

Самым цёплым выдаўся снежань 2006 года з сярэдняй рэспубліканскай тэмпературай паветра +2,6°С, што на 5,9°С вышэй за кліматычную норму. Халоднае надвор'е (ніжэй за кліматычную норму на 3-6°С) адзначалася ў снежні 1959, 1963, 1969, 1995, 1996, 2001, 2002, 2010 гадоў. Вельмі халодным (на 6,7°С ніжэй за кліматычную норму) выдаўся снежань 1978 года, калі сярэдняя тэмпература паветра склала -10°С.

Абсалютны мінімум снежань (-38,6°С) быў адзначаны на метэастанцыі Езярышча ў 1978 годзе, абсалютны максімум тэмпературы паветра ў снежні (+14,5°С) быў зарэгістраваны ў Берасці ў 1961 годзе.

Снег звычайна кладзецца на большай частцы Беларусі ў першай-другой дэкадах снежня, у крайніх паўднёвых раёнах - у трэцяй дэкадзе. Яго вышыня да канца месяца дасягае прыблізна 4-10 см.

Сёлета ў снежні будзе ісці то снег, то дождж, сказаў Аляксандр Бяганскі: «Спадзявацца на тое, што снег як выпадзе ў снежні, так і застанецца ляжаць, не даводзіцца. Так у апошнія гады адбываецца даволі рэдка. Мы, вядома, снег убачым, але такога, каб ён лёг вышынёй 40 см, а мы атрымлівалі ад гэтага асалоду, не будзе. Добра, калі нейкі ўстойлівы снежны полаг утворыцца ў другой палове першага месяца зімы».

Супярэчлівыя прагнозы на зіму

Белгідрамет не робіць прагнозаў на сезон. Пры гэтым, кажа Аляксандр Бяганскі, калі верыць амерыканскім сіноптыкам, то зіма ў Паўночным паўшар'і будзе суровай і снежнай.

Нагадаем, што ў 2017 годзе было шмат спекуляцый на тэму самай халоднай зімы стагоддзя. Для нашай тэрыторыі прагноз не спраўдзіўся, адзначыў Аляксандр Бяганскі. А вось у ЗША тая зіма сапраўды была халаднейшай, чым звычайна: «Узімку 2017 года часткова замерз Ніягарскі вадаспад».

Прагноз амерыканцаў на гэтую зіму супярэчыць звесткам расейскіх метэаролагаў, якія абяцаюць зіму халаднейшай, чым летась, але цяплейшай, чым звычайна.

Напрыклад, Расгідрамет прагназуе, што агулам за шэсць месяцаў халоднага паўгоддзя на большай частцы тэрыторыі Расеі, памежнай з Беларуссю, тэмпературны фон чакаецца блізу і вышэй за сярэднія шматгадовыя значэнні.

У 2018 годзе штогадовы прагноз на ацяпляльны сезон расейскіх сіноптыкаў у дачыненні да памежных з беларускай тэрыторыяй спраўдзіўся. Паводле ацэнак Гідраметцэнтра Расеі, апраўдвальнасць прагнозу за апошнія 18 гадоў вагалася ў межах 58-81%.

Ці ўплывае на надвор'е зімой тое, якой была восень?

Ці ўплывае на надвор'е зімой тое, якой была восень, спыталі naviny.by ў Аляксандра Бяганскага.

А сёлета восень «атрымалася цалкам еўрапейскай» - тэмпература паветра і ў кастрычніку, і ў лістападзе была на некалькі градусаў вышэйшай за кліматычную норму.

За ўсю гісторыю метэаралагічных назіранняў у Беларусі самай халоднай выявілася зіма 1939-40 гадоў з сярэдняй тэмпературай -10,9°С.

Са слоў экспэрта, наўпроставай сувязі паміж надвор'ем у адну пару года і ў іншую няма. Аднак у прыродзе дзейнічае закон захавання энэргіі:

«Да прыкладу, быў вельмі цёплым красавік і травень, чэрвень анамальна гарачым, а ліпень выявіўся дажджлівым. Так што цалкам магчыма, што калі ў нас цёплая восень, то які-небудзь з зімовых месяцаў або сакавік можа быць халаднейшым, чым звычайна».

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках