16 красавiка 2024, aўторак, 12:08
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Мянчук штодзень бегае па 10 хвілін і апавядае, як гэта паўплывала на здароўе

6
Мянчук штодзень бегае па 10 хвілін і апавядае, як гэта паўплывала на здароўе
ФОТА: INSTAGRAM.COM/VITALYA_RADYCK

Віталь Радзюк узяў прыклад з амэрыканца.

Мянчук Віталь Радзюк даў сабе абяцанне: на працягу года бегаць штодзень. Слова ён трымае ўжо два месяцы (і цвёрда мерыцца не здавацца яшчэ дзесяць), а справаздачы аб сваіх прабежках рэгулярна публікуе ў інстаграме. Tut.by пагаварыў з хлопцам пра тое, чаго можна дамагчыся, згадзіўшыся на такое выпрабаванне.

Віталь раней гуляў у баскетбол, а цяпер спалучае адразу дзве працы: галоўнага трэнера ў студыі здаровага цела «Медуза» і трэнера агульнай фізічнай падрыхтоўкі дзіцячай баскетбольнай каманды «Гарызонт».

У кастрычніку Віталь пачуў гісторыю пра амэрыканца, які бегаў 365 дзён запар.

- Чамусьці гэта мяне натхніла. Я падумаў: «Калі той хлопец здолеў, чаму б мне не паспрабаваць?», - успамінае Віталь. - Дык я наважыў штодзень бегаць хоць бы па 10 хвілін.

Вось ужо два месяцы мянчук спраўна выходзіць на прабежкі ў парк. Бегае не проста так - а ў карысным для сэрца тэмпе. Пагатоў 10 хвілін - не экстрэмальны цяжар, а задавальненне. Спыніцца складана, так што, калі ёсць магчымасць, Віталь перавыконвае сваю норму працягласці трэнінгу.

- Але з улікам таго, што я маю дзве працы і дзіця, знайсці час для прабежкі не так проста. Прыкладна два разы на тыдзень мае прабежкі праходзяць так: аб 11-й вечара я ўкладваю спаць дзіця - і абуваю красоўкі. Ці, напрыклад, у канцы мінулага тыдня мы 12 гадзін правялі ў самаходзе, пакуль даехалі з Менска ў Вільню - але пасля гэтага я выйшаў на прабежку. Па дарозе дадому я пабег, як толькі пераехалі беларускую мяжу: ад'ехалі крышку, я выйшаў з аўтамабіля - і патрухаў уздоўж дарогі.

ФОТА: INSTAGRAM.COM/VITALYA_RADYCK

Вынік ад такіх трэнінгаў Віталь ужо адчуў: праходзіў тэставанне на дыягнастычным апараце, які сочыць за здароўем сэрца. Да пачатку штодзённых прабежак ягоны паказчык быў пад 90 балаў з 100. А праз месяц - 100 з 100.

- Карысць ад такіх заняткаў вялікая. Палепшыцца постаць (калі паралельна сачыць за харчаваннем). Разаўеш дысцыпліну. І станеш больш упэўненым у сабе, бо штодзень даеш рады важнай задачы, - пералічвае трэнер.

На трэнінгі ён ужо матываваў свайго прыяцеля, які жыве на Кіпры: той далучыўся да Віталя на другі дзень заняткаў - і сумленна трымаецца дагэтуль. А вось жонка, прызнаецца мянчук, ідэю спачатку зусім не ўхваліла:

- Мая жонка – гандбалістка, і цяпер гуляе ў Паўднёвай Карэі. Яна адразу сказала: каб яна не была прафесійнай спартоўкай, наўрад бегала б штодзень для сябе. Але цяпер бачыць, што я не здаюся і мне гэта падабаецца, так што змяніла сваё стаўленне. Але я і не шукаю вялікай падтрымкі ад іншых: бегаю для сябе.

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках