26 красавiка 2024, Пятніца, 4:11
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Dzieciuki ўпершыню афіцыйна выступілі ў родным горадзе

Dzieciuki ўпершыню афіцыйна выступілі ў родным горадзе
ФОТА: «БЕЛСАТ»

Яркі рэпартаж з «самага важнага канцэрту».

Фолк-панк калектыў Dzieciuki быў заснаваны ў Гародні яшчэ ў 2012 годзе, але за 7 гадоў гурт толькі цяпер афіцыйна змог выступіць у родным горадзе. Раней гурт быў занесены ў так званы «чорны спіс» і вельмі доўга гарадзенскія панкі не маглі паўнавартасна выступаць на Радзіме, а аматары творчасці калектыву вымушаныя былі ездзіць на замежныя канцэрты, каб паслухаць «Дзецюкоў» жыўцом, паведамляе «Белсат».

Не толькі гарадзенцы

На канцэрце прысутнічала блізу 200 чалавек, цешыла, што не толькі гарадзенцы прыйшлі на выступ калектыву. Павандраваць па старонках гісторыі Беларусі разам з гуртом прыехалі слухачы з Менска, Шчучына, Слоніма, Беластока і Варшавы.

ФОТА: «БЕЛСАТ»

«Вельмі добрая падзея для гарадзенцаў і для палякаў таксама, я адмыслова з сябрамі прыехаў з Польшчы на канцэрт гурта “Дзецюкі”, нас прыехала 20 чалавек. Спадзяемся, што гэта не апошні канцэрт у Гародні», – падзяліўся ўражаннямі аматар творчасці гурта з Беластока.

Для гарадзенскага канцэрту калектыў склаў спецыяльную музычную праграму пад назвай «Пяршак», у якую ўвайшлі як песні з новага альбома – «Радыё Гродна», так і з папярэдніх двух альбомаў: «Гарадзенскі гармідар» і «Рэха».

ФОТА: «БЕЛСАТ»

«Гэта быў проста самы круты выступ за апошні час, дзікая энэргетыка, шалёныя эмоцыі, усё было цудоўна». «Было нечакана, было моцна, было шчыра і па-сяброўску. Шчыры дзякуй “Дзецюкам”», – эмацыйна выказваліся гарадзенцы пасля канцэрту.

Дазволу на выступ не было 7 гадоў

Гурт даўно хацеў даць канцэрт у родным горадзе, аднак, з невядомых прычынаў, дазволу на выступ доўга не давалі мясцовыя чыноўнікі, хоць у іншых беларускіх гарадах калектыў выступаў вельмі актыўна: «Магчыма наша чыноўніцтва больш сціплае, я не магу адказаць за іх, на жаль. 7 гадоў мы афіцыйна не маглі выступіць», – разважае з гэтай нагоды вакаліст гурта Аляксандр Дзянісаў.

ФОТА: «БЕЛСАТ»

Затое на гэтым канцэрце панавала не проста сяброўская, а нават сямейная атмасфера: «Я іду праз натоўпы людзей і з кожным вітаюся. Гэтым усё сказана, большасць прысутных у зале – я з імі знаёмы. Гэта была фантастыка. Для мяне гэта, бадай, самы важны канцэрт у маім жыцці», – прадаўжае дзяліцца ўражаннямі пасля канцэрта Аляксандр Дзянісаў.

У найбліжэйшых планах «Дзецюкоў» – наведаць з канцэртамі беларускія гарады, дзе яны яшчэ не гралі, і гэта не будуць абласныя цэнтры. Магчыма, гурт выступіць 2 лютага ў Менску на фестывалі «Узаемна» – у гонар дня нараджэння Кастуся Каліноўскага.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках