28 лiстапада 2020, Субота, 19:45
Сім сім, Хартыя 97!
Рубрыкі

У Беларусі дастаткова патрыётаў, якія будуць абараняць краіну са зброяй у руках

22
У Беларусі дастаткова патрыётаў, якія будуць абараняць краіну са зброяй у руках
ЗМІЦЕР БАНДАРЭНКА

Ёсць мільёны беларусаў, якія не адмовяцца ад незалежнасці.

Заявы аб стварэнні «адзінага ўрада і парламента Беларусі ды Расеі» - гэта спроба Масквы атрымаць жаданае малым коштам. Такое меркаванне ў каментары выданню «Гордон» выказаў каардынатар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Зміцер Бандарэнка.

«Лукашэнка быў і застаецца марыянеткай Крамля праз сур'ёзную фінансавую, эканамічную і палітычную залежнасць ягонага рэжыму ад Масквы. Таму мы заўсёды крытыкавалі пазіцыю, што Лукашэнка нібыта з'яўляецца змагаром за незалежнасць Беларусі. Гэта ягоная палітыка прывяла да таго, што сёння пагроза суверэнітэту Беларусі вялікая як ніколі. Вядома, ён хацеў бы застацца ва ўладзе, нічога не змяняючы. Але так не бывае. РФ патрабуе ад яго здачы апошніх буйных беларускіх прадпрыемстваў, якія ёй яшчэ не належаць. Ды і палітычныя дывідэнды для Пуціна таксама важныя. Таму Лукашэнку будуць даціскаць. Мы, як беларускія патрыёты, выступаем за тое, каб яго не было. Толькі тады ў краіне пачнецца іншая палітыка, і Беларусь будзе бараніць свае нацыянальныя інтарэсы разам з Украінай і краінамі Балтыі», - адзначыў Бандарэнка.

Ён мяркуе, што на гэты момант Пуцін зацікаўлены ў стабільным транзіце газу ў Еўропу праз тэрыторыю Беларусі.

«Лукашэнка, вядома, можа паспрабаваць здаць Беларусь. Але спяшацца з высновамі праз заявы аб адзіным парламенце і кабінеце міністраў з РФ не варта. Бо тая ж Расея разумее, што ў Беларусі дастаткова патрыётаў, якія будуць абараняць незалежнасць сваёй краіны. У тым ліку са зброяй у руках. Таксама мы будзем разлічваць на дапамогу ўкраінскіх добраахвотнікаў. Бо сёння беларускія добраахвотнікі сапраўды гэтак жа дапамагаюць бараніць незалежнасць Украіны. Зразумела, што ў Пуціна могуць быць свае планы на Беларусь, але ў той жа час ён усведамляе, што цяпер гэта адзіны спакойны калідор для транзіту газу. А ў выпадку дэстабілізацыі ўсе трубаправоды апынуцца пад пагрозай. У Маскве разумеюць, што ў Беларусі ёсць мільёны людзей, якія не адмовяцца ад незалежнасці. І Лукашэнка тут не пры чым. Ён зручны Расеі і не будзе бараніць незалежнасць нашай краіны. А беларусы – будуць», - падкрэсліў суразмоўца.