26 красавiка 2024, Пятніца, 19:34
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Менску ўзбунтаваліся дзясяткі кіроўцаў тралейбусаў

39
У Менску ўзбунтаваліся дзясяткі кіроўцаў тралейбусаў
ФОТА: ВІКТАР ГІЛІЦКІ

Кіроўцы тралейбуснага парка незадаволеныя ўмовамі працы і адпачынку.

«Мы гаворым на сходах пра праблемы – але ніхто не хоча іх развязваць»

Скандал разгарэўся ў сталічным тралейбусным парку №3. Больш за 60 кіроўцаў напісалі скаргу ў дэпартамент дзяржаўнай інспекцыі працы Мінпрацы і ў пракуратуру на ўмовы працы і адпачынку, піша kp.by.

На некалькіх лістах яны апісалі парушэнні. Напрыклад, на замену кіроўцы і праверку тралейбуса адводзіцца ўсяго 4 - 5 хвілін, пры 9-гадзінным працоўным дні на абед - менш за паўгадзіны. Кіроўцам паменшылі плату за звышурочныя, працу ў выходныя, прыбралі даплату за гадзіны розруху.

- Яны проста прыбралі само паняцце час розруху! Даплачвалі за яго рублёў 20, але і гэта грошы, - кажа Руслан, адзін з кіроўцаў, якія падпісалі зварот. Неўзабаве ён і зусім звольніўся.

Як кажуць кіроўцы, апошняй кропляй стала атэстацыя працоўных месцаў па ўмовах працы:

- Усё было па паперцы, ніхто не правяраў тралейбусы, кіроўцаў не прыцягнулі. У выніку знізілі клас шкоднасці працы, нібыта ўмовы працы сталі лепшыя! Парадокс: у 2013 годзе, калі тралейбусы былі навейшыя, нашы працоўныя месцы не прызнавалі зручнымі, а у 2018 раптам прызналі. Праз гэта паменшылі колькасць дзён дадатковага адпачынку, даплаты, - тлумачыць кіроўца. - Кіраўніцтва нас не чуе. Мы гаворым на сходах пра праблемы, але ніхто не хоча іх развязваць.

«Вымушаныя ехаць з рызыкай для бяспекі руху»

У звароце кіроўцы распавялі і пра іншыя нязручнасці.

- Час на рэйс скарацілі, і, каб выконваць рэгулярнасць, мы вымушаны ехаць з рызыкай для бяспекі руху. Даводзіцца не стаяць на станцыях належны час, а ехаць без перапынкаў, на мяжы тэхнічных магчымасцяў тралейбуса, каб нагнаць адставанне ад раскладу. Час бесперапыннага кіравання тралейбусам можа складаць да 4 - 5 гадзін у інтэнсіўным гарадскім руху, - пазначана ў звароце. - Не заўсёды ўхіляюцца няспраўнасці. Пасля запісу кіроўцы ў кнізе тралейбуса аб няспраўнасці ставіцца роспіс і штамп майстра аб выкананні штодзённага тэхабслугоўвання. І тралейбус з тымі ж няспраўнасцямі выязджае на лінію. У многіх тралейбусаў дрэнныя тармазы. Знос гумы вышэй за норму практычна на ўсіх тралейбусах.

- Ёсць неспакой і за пасажыраў, - пацвярджае Руслан. - Колькі цяпер ДТЗ з тралейбусамі: то токам ударыць, то ўрэжацца ў аўтобус. Гэта ўсё - тэхнічны стан рухомага складу.

Кіроўцы скардзяцца, што ўзімку ў кабіне да +5 градусаў, а ўлетку да +36.

- Так у 20 - 30% ад агульнага складу, - кажа кіроўца. - У маёй машыне было +10... +12 пры ўмове, што на вуліцы мінус 10. Калі стаіш, нібыта нармальна, але пачынаеш рух - адразу мерзнеш. Кабінкі дзіравыя, вецер падзьме - скразняк! Калі дождж, кабіны цякуць. Кандыцыянеры не працуюць: кнопкі адарваныя, кампрэсара і праводкі няма.

Мінпрацы: «Пастановы будуць прыняты на наступным тыдні»

Калектыўны зварот кіроўцы адправілі 20 студзеня.

- Паводле гэтага звароту цяпер сумесна працуюць пракуратура, камітэт працы занятасці і сацыяльнай абароны Менгарвыканкам і дэпартамент дзяржаўнай інспекцыі Міністэрства працы і сацыяльнай абароны. Ідзе разбіральніцтва паводле факта, выкладзенага ў звароце. Патрабуюцца неабходныя дакументы і тлумачэнні ад наймальніка (адміністрацыі тралейбуснага парку). Канкрэтныя рашэнні па скарзе будуць прынятыя на наступным тыдні, - сказалі ў прэс-службе Міністэрства працы і сацыяльнай абароне.

Кіроўца аўтобуса на вачах у пасажыраў саскочыў у раку

У 2017 годзе кіроўца аўтобуса ў Горадні саскочыў з моста ў раку на вачах у пасажыраў. Ён застаўся жывы, доўгі час правёў у шпіталі. Адной з версій такога ўчынку было тое, што ён мог сарвацца праз напружаны графік працы. Пасля гэтага выпадку ў аўтапарку пачаліся праверкі, якія выявілі, што кіроўцы тут перапрацоўвалі норму ўдвая. Той самы кіроўца, дарэчы, адтуль звольніўся.

Напісаць каментар 39

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках