26 красавiка 2024, Пятніца, 19:34
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Аляксандр Філіпавіч: Дамо бой «Арсэналу» і ў Лондане

8
Аляксандр Філіпавіч: Дамо бой «Арсэналу» і ў Лондане
ФОТА: DAVID PRICE/ARSENAL FC/GETTY IMAGES

Абаронца БАТЭ пракаментаваў супрацьстаянне ягонай каманды з лонданскім «Арсэналам» у Лізе Еўропы.

Першым суразмоўцам карэспандэнта fcbate.by на зборы ў Англіі стаў сербскі абаронца БАТЭ Аляксандар Філіпавіч.

- Калі вярнуцца да бітвы з "кананіры" на "Барысаў-Арэне", то пра што трэнеры перш за ўсё прасілі да яе пачатку?

- Ясна, што нам супрацьстаяў сапраўдны супэрклуб. І было вельмі важна з максімальнай канцэнтрацыяй правесці стартавы адцінак сустрэчы, не прапусціць хуткі гол. Праўда, спаборнікі мелі забойны шанец ужо на 2-й хвіліне - дзякуй Дзянісу Шчарбіцкаму, які выратаваў і зноў пацвердзіў свой высокі клас. Але надалей аналагічных вастрынёй момантаў госці не стварылі.

- Гэта найперш заслуга БАТЭ?

- Безумоўна. Мы надзейна дзейнічалі ў абароне, добра пераймалі зоны, не саступалі ў барацьбе. Я і да матчу адчуваў поўную ўпэўненасць у камандзе, бо бачыў, з якімі настроем і жаданнем хлопцы рыхтуюцца. Так, "Арсэнал" дзейны, у лепшай фізічнай форме, аднак у футболе не заўсёды перамагае фаварыт. У чымсьці падобную гульню мы правялі ў лістападзе мінулага года з "Чэлсі". Тады таксама глядзеліся выдатна - шкада, ледзь не стала шанцавання. Цяпер пані Фартуна паквіталася.

Мы ўсведамлялі, што мусім імкнуцца максімальна выкарыстаць кожную контратаку і стандартнае становішча ў чужых уладанняў. Так і забілі перад самым перапынкам. Акрамя таго, неблагія магчымасці мелі Макса Скавыша і Нэманья Міліч. У другім тайме мы засяродзіліся на захаванні выгаднага ліку - і задачу выканалі. Было нялёгка, але не пахіснуліся і, паўтаруся, не дазволілі разгарнуцца ў сваёй штрафной апанентам.

- Фінальнага свістка ледзь дачакаўся?

- У канцы матчу час цягнуўся бясконца. 80-я хвіліна, потым нібыта праляцела цэлая вечнасць, а на табло толькі 84-я.

- Ты паўдзельнічаў у найбольш яскравым эпізодзе заключнай часткі сустрэчы. Гаворка аб выдаленні Лаказэта.

- Я ўчыніў тактычны фол у цэнтры поля і нават не ведаю, чаму французскі нападнік наважыў адмахнуцца. Напэўна, ад злосці, што ўсё ідзе не паводле сцэнару "Арсэнала". Лаказэт саўгануў локцем мне ў падбароддзе. Было балюча. Гэта найчыстае дырэктыўнае выдаленне.

- Твае першыя эмоцыі, калі вікторыя над "кананірамі" стала фактам?

- Шалёная радасць. Удзячнасць камандзе, якая завінулася і заслужыла поспех. Падзяку заўзятарам, якія далі файную падтрымку. Выступаць перад запоўненымі трыбунамі - велізарнае задавальненне.

- Якая атмасфэра панавала ў раздзявальні?

- На жаль, на самае цікавае я не патрапіў - адправіўся здаваць допінг-пробу разам са Шчарбіцкім. Калі вярнуліся, нікога ўжо не засталося. Нічога страшнага: выніку гэта не зменіць.

- Тэлефон, мусіць, разрываўся ад віншаванняў?

- О так. Пісалі родзічы, сябры, знаёмыя. Прычым шмат жа хто думаў, што ў "Арсэнала" не ўзнікне вялікіх праблем. І потым дзіваваліся: "Нішто сабе! Як вы здалелі?"

- На твой погляд, здарылася сенсацыя?

- Вядома. Мы хацелі перамагчы, але давайце глядзець праўдзе ў вочы. Нашы клубы аб'ектыўна знаходзяцца на розных узроўнях. Плюс БАТЭ толькі надоечы выйшаў з адпачынку, адпрацаваў турэцкі збор з трыма спарынгамі. Усе пачатковыя характарыстыкі былі за "Арсэнал". Але перамаглі менавіта мы.

- Гэта пакуль самая важная перамога ў тваёй кар'еры?

- Адназначна. На другое месца пастаўлю 3:1 у Салоніках у сустрэчы з ПАОК, дзякуючы чаму і праткнуліся ў 1/16 фіналу Лігі Еўропы.

- У Лондане будзе яшчэ цяжэй?

- Галоўнае, што мы прыехалі ў Англію не турыстамі - інтрыга ў супрацьстаянні жывая. Не сумняваюся: дамо бой і на "Эмірэйтс". А проста цяпер трэб як след папрацаваць у рамках збору пад Колчэстэрам.

- "Кананіры" прагнуць пераканаўча ўзяць рэванш.

- Але і мы маем надзвычайную матывацыю. Складана меркаваць, як будуць развівацца падзеі. Але скажу проста: у футболе ўсё магчыма!

Напісаць каментар 8

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках