26 красавiка 2024, Пятніца, 9:30
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Гарадку будаўнікам з лістапада не плацяць заробак

8
У Гарадку будаўнікам з лістапада не плацяць заробак

Прадпрыемстваў, куды б можна было ўладкавацца, у горадзе практычна няма.

- У навінах казалі, што Лукашэнка загадаў «падтрымаць будаўнікоў», павысіць ім заробкі, каб спецыялісты не ехалі на заробкі ў Польшчу ці Расею. А ў нас аб павышэнні і гаворкі не ідзе, хоць бы наогул нешта заплацілі. Апошнія грошы мы бралі ў лістападзе, а сёння на дварэ люты, - так пачынаўся ліст у рэдакцыю «Віцебскага кур'ера» ад жыхара Гарадка Віцебскай вобласці Івана (імя рэспандэнта на ягоную просьбу змененае).

Мужчына працуе на мясцовым прадпрыемстве ПМК-51 ужо далёка не першы год, ды вось толькі грошай не атрымлівае тры месяцы.

- Разліковыя лісткі нам выдаюць, а што ад іх карысці: з імі ж у краму не сходзіш, - расказаў Іван. - Грошай мы не бачылі з лістапада, людзям ні заробак не выплачваюць, ні на адпачынак тым, хто адгуляў у лістападзе-студзені, нават за дапамогі жанчынам у дзіцячым адпачынку ёсць запазычанасць. Пры гэтым усе ходзяць на працу, выконваюць свае абавязкі і чакаюць цуду.

Ды і куды дзявацца: прадпрыемстваў, куды б можна было ўладкавацца, у нашым горадзе практычна няма. Вось і перакідваюцца: хто калыміць, каму сваякі дапамагаюць.

Паводле слоў Івана, агулам на прадпрыемстве працуюць 62 чалавекі. Некалькі спецыялістаў ужо звольніліся, але разліку так і не атрымалі.

- З людзьмі рэгулярна размаўляюць дырэктар, прадстаўнікі мясцовай улады і прафсаюзаў, апавядаюць пра цяжкую сітуацыю, просяць крыху пачакаць. А колькі чакаць? Паводле апошняй інфармацыі, прынятая пастанова прадаць усю тэхніку, якая лічыцца на балансе ПМК-51, каб разлічыцца з працаўнікамі. Але пры гэтым усе разумеюць, што гэтых захадаў будзе недастаткова, - дзеляцца рабочыя.

На думку Івана, мясцовыя ўлады рыхтуюцца прадпрыемства зліквідаваць. Магчыма, менавіта для гэтага ў канцы мінулага года і змянілі кіраўніцтва ПМК-51. Папярэдняму дырэктару, які меў сувязі і утрымліваў прадпрыемства на плаве, не падоўжылі кантракт, а на ягонае месца прызначылі былога галоўнага інжынера. Паводле слоў Івана, новы дырэктар малады і здольны арганізаваць вытворчасць, а вось развязаць больш глабальныя пытанні і адбараніць ПМК яму не стае досведу.

- Цяпер кажуць, што ўсіх людзей уладкуюць на мясцовай кацельні. Але дзе яны знойдуць столькі працоўных месцаў? Ды і кім нашы спецыялісты будуць там працаваць, калі ў кацельні ні аб'ёмаў работ няма, ні вакансій, адпаведных нашай кваліфікацыі. Ды і нездарма, мабыць, цяпер даведваюцца, у каго калі заканчваецца кантракт, каб потым яго пры першай магчымасці не падоўжыць, - каментуе Іван.

"У нас вялікі фонд заробку, трэба яго памяншаць, маўляў, мы гэтулькі не зарабляем»

Пакуль жа людзі працягваюць працу на будаўніцтве дзіцячага садка. Раз рахункі ПМК-51 заблакаваныя, будаўнічыя матэрыялы закупляе сам аддзел адукацыі. Але ж работы выконваюцца. Чаму ж тады няма заплаты?

- Нам кажуць, што мы маем вялікі фонд заробку, трэба яго памяншаць, маўляў, мы гэтулькі не зарабляем. Пры гэтым сярэдні налічаны заробак на прадпрыемстве - 300-400 рублёў. Хіба гэта шмат? Куды тут памяншаць? - апавядае Іван.

Надоечы ў Гарадку заклалі новы дом. Вось толькі генеральным выканаўцам там выступае не мясцовая, а Шумілінская ПМК. Іван адзначыў, што яшчэ некалькі гадоў таму шумілінскае прадпрыемства таксама зазнавала праблемы, але мясцовыя ўлады яго падтрымалі, дапамаглі ўстаць на ногі, а вось у Гарадку махнулі рукой.

«Дапамажыце нам, дайце аб'екты, мы будзем працаваць»

Рабочыя кажуць, што калі б застаўся стары дырэктар, то, магчыма, сітуацыя магла б быць іншай. Усё ж такі чалавек з 1981 года на кіроўных пасадах, у свой час узняў кацельню, у працу ПМК-51 таксама ўнёс значныя змены. Нават у будынку, у якім размяшчаецца кантора, з'явілася нармальнае ацяпленне, і людзям больш не трэба ў куртках сядзець.

- У нас жа прадпрыемства неблагое, і людзі добрыя працуюць. Ёсць свой сталярны цэх, бетонны вузел, аўтапарк. Дапамажыце нам, дайце аб'екты, мы будзем працаваць, - расказвае Іван. - А так што застаецца: пакідаць свае сем'і і ехаць на заробкі ў Расею або Польшчу? Мужчыны яшчэ могуць так зрабіць, а што рабіць жанчынам-малярам, якія з дзецьмі? Таму ўсе проста чакаюць і спадзяюцца на лепшае.

Каб высветліць сітуацыю, журналісты паспрабавалі звязацца з кіраўніцтвам ПМК-51. Мабільны нумар дырэктара выявіўся заблакаваны. І гэта нядзіўна, улічваючы, што ён таксама не атрымлівае заплату. На службовы тэлефон таксама датэлефанавацца не выпала: як стала вядома, у канторы праз завінавачанасць вымкнулі электрычнасць, і тэлефон не дзейнічае.

Звязацца выйшла толькі з намеснікам старшыні райвыканкама ў будаўніцтве і жыллёва-камунальнай гаспадарцы Раманам Люлюком, які апекуецца над прадпрыемствам ПМК-51. Гутарыць ён адмовіўся, патлумачыўшы, што адкажа толькі на афіцыйны пісьмовы запыт на адрас райвыканкама.

Напісаць каментар 8

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках