26 красавiка 2024, Пятніца, 16:45
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Пра тое, чаму Беларусь не IT-краіна

30
Пра тое, чаму Беларусь не IT-краіна
ВІКТАР БАБАРЫКА
ФОТА: TUT.BY

Кіраўнік Белгазпрамбанка даў вялікае інтэрв'ю.

Кіраўнік Белгазпрамбанка Віктар Бабарыка ў інтэрв'ю YouTube-каналу «Баранцавая. Інтэрв'ю» прадставіў свой погляд на незалежнасць Беларусі і распавёў, чаму яна ніякая не IT-краіна.

«Салiдарнасць» прапануе найбольш цікавыя вытрымкі.

Пра незалежнасць Беларусі ад Расеі

- Я скажу цяпер крамольную рэч, але адзіны ўнікальны шанец стаць незалежнай краінай у рэспублікі быў у канцы 20 стагоддзя, калі распалася імперыя і мы атрымалі магчымасць пабудаваць уласную дзяржаву. Уся гісторыі пра Вялікае княства Літоўскае, пра Беларускую народную рэспубліку, якая праіснавала, умоўна, два-тры гады, - усё гэта, вядома, добра і выдатна, але на самой справе самы ўнікальны шанец пабудаваць самастойную дзяржаву ў нас быў менавіта пасля распаду СССР. На мапе свету з'явілася магчымасць сфармаваць дадаткова яшчэ 15 дзяржаў - такога ў сучаснай гісторыі вельмі мала. Мы знаходзіліся ва ўнікальнай сітуацыі, але мы скаціліся туды, куды скаціліся: да мары аб танных энэргарэсурсах і марнавання часу. І мы, я думаю, на жаль, шанцам да канца не скарысталіся.

У Ларса фон Трыера ёсць фільм «Мандэрлей», дзе вельмі выразна гаворыцца: з падзеннем рабства і смерцю гаспадара рабоў рабы ні разу не становяцца свабоднымі. Мы не да канца, на жаль, змаглі сфармаваць незалежную краіну, мы цалкам эканамічна залежым. Так, мы канстытуцыйна суверэнныя, але мы не самастойныя. І, на жаль, нам гэта падабаецца, не кажу пра ўсіх, але ў большай ступені. У нас асноўная мара, каб нам хто-небудзь што-небудзь даў. Усе перамовы: дайце нам нешта.

Пра работу з дзяржавай

- Нявеста вельмі пераборлівая. Напрыклад, мы, «Арт-Беларусь», сфармавалі калекцыю, зрабілі найлепшы тэатральны фестываль, і настала стадыя, што ў нас стала не хапаць памяшканняў. Мы прыйшлі да дзяржавы і кажам: давай зробім дзяржаўна-прыватнае партнёрства, з цябе толькі будынак. Будынак? Добра, але купі. Але ж дзяржаўна-прыватнае партнёрства - гэта як бутэрброд: чыясьці каўбаса, чыйсьці хлеб, і разам ямо. Але дзяржава кажа: так, ямо мы разам, але каўбаса і хлеб вашыя. Я неяк знерваваўся з гэтай нагоды. Таму мы вымушаныя былі купіць будынак і працягваць нарошчваць каштоўнасць «жаніха», каб дзяржава змяніла сваю ацэнку нашых добрых якасцяў як партнёра.

Пра тое, чаму Беларусь - не IT-краіна

- Сёння айцішнікі прыходзяць да 8-класнікаў і кажуць: пацаны, хто хоча атрымліваць 500 даляраў? Выбіраюць найлепшых і даюць ім прафесію, не развівалі кругагляд і інтэлект. Для краіны з пункту гледжання атрымання ў 8-м класе прафесіі айцішнікаў або слесара розніцы ніякай няма. Ты спакусіў іх грашыма і ператвараеш проста ў працоўны матэрыял. Я не лічу, што гэта вельмі класна. Таму што іх трэба напампоўваць ведамі, а не даваць прафесію ў рукі ў 8-м класе. Я лічу, што з пункту гледжання IT-галіны - гэта класна, з пункту гледжання дзяржавы для мяне гэта сумнеўная гісторыя.

І яшчэ гісторыя з падаткамі. Яны плацяць 1% з абароту. Гэта значыць мільярдная выручка, якую яны далі ў нейкім годзе, гэта 10 мільёнаў падаткаў. І тут як раз нестыкоўка. Я ўважаю, яны малайцы, яны пралабіравалі сабе класную палёгку. Але калі б мы сумясцілі дзве рэчы...

Бо сёння IT-краіна - гэта хто? З майго пункту гледжання, гэта калі паслугі ў гэтай краіне аблічбаваныя, і калі я прыходжу ў паліклініку, а там у рамках распрацаванага ПА не трэба весці картку, ёсць электронныя гісторыі хвароб - вось гэта IT-краіна.

А тое, што 60 тысяч чалавек працуе ў IT-індустрыі - ну, не ведаю, сумнеўна. У сельскай гаспадарцы працуе больш, але мы ж не называем сябе аграрнай краінай. Як мераць? Я ўважаю, што пранікненне IT ва ўсе сферы жыцця - гэта крытэр IT-краіны. Я не супраць галіны, я проста сумняваюся, што ў тым выглядзе, у якім яны ёсць, яны моцна дапамогуць Беларусі.

Напісаць каментар 30

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках