18 чэрвеня 2019, aўторак, 13:08
Мы ў адной лодцы
Рубрыкі

Чаму ідэя ўладаў пра ўласны «Х-фактар» - гэта дрэнна

2

Тлумачым на канкрэтных прыкладах.

У Беларусі павінен з'явіцца ўласны музычны праект кшталту «Голас» або «Х-фактар». Адпаведную задачу перад міністэрствам культуры і Белтэлерадыёкампаніяй паставіў намеснік прэм'ер-міністра Ігар Петрышэнка.

Выступаючы на калегіі Мінкультуры, ён выказаў устурбаванасць незапатрабаванасцю маладых талентаў, паведамляе «СБ». Адным з шляхоў развязання гэтага пытання можа стаць перапрафіляванне Моладзевага тэатра эстрады ў цэнтр для работы з таленавітай моладдзю. Педагогамі маглі б стаць такія вядомыя артысты і салісты тэтра Іна Афанасьева, Іскуі Абалян, Вольга Вронская, адзначыў чыноўнік.

Чаму беларускім прыхільнікам вышэйзгаданых шоў не варта цешыць сябе? Пачнем з галоўнага і самага відавочнага. Запуск камерцыйных забаўляльных праектаў, хай і нацыянальнага маштабу, гэта кампетэнцыя бізнэсу, але ніяк не ўрада. Сама па сабе гэтая навіна з першых радкоў выклікае ўсмешку. Але калі ўспомніць пра тое, чым заканчваліся ўсе папярэднія спробы дзяржавы залазіць не ў свой агарод, станавіцца сумна. «Салідарнасць» падае некалькі прыкладаў.

«Еўравізія»

Увага ўладаў да гэтага папулярнага еўрапейскага конкурсу прыкаваная практычна з дэбюту беларускіх выканаўцаў у 2004-м. Успомнім хоць бы асабістае ўмяшанне кіраўніка дзяржавы ў скандал падчас адбору ў 2012-м. Доўгія гады нацыянальны адборачны конкурс фінансаваўся Белтэлерадыёкампаніяй, выканаўцаў адпраўлялі на чарговы конкурс, як на фронт. Але вынік несуцяшальны: усе 15 выступаў так і засталіся спробамі.

«Міс Менск»

У 2013-м грымнуў скандал на конкурсе прыгажосці «Міс Менск». Як высветліла тады па гарачых слядах «Салідарнасці», шэраг пераможцаў і ўдзельніц былі танцоркамі go-go і стрыптызёркамі.

А пераможца і зусім «вызначылася»: было, што яна не раз агалялася ў абдымках мужчын у клубнай абстаноўцы, не саромеючыся фотакамер.

Арганізатарамі конкурсу ў тым ліку былі Менгарвыканкам, тэлеканал СТВ, Нацыянальная школа прыгажосці.

Кінафестываль «Лістапад»

Пра тое, у што выліваецца апека дзяржавы, пераканаліся ўдзельнікі кінафестывалю «Лістапад». Пачынаючы з 2018-га дырэкцыю фестывалю пазбавілі права адбіраць фільмы для нацыянальнага конкурсу. Канчатковая пастанова застаецца за камісіяй, на чале якой старшынюе намеснік міністра культуры.

Як толькі пра гэта стала вядома, рэжысёр Ева-Кацярына Махава папрасіла дырэкцыю «Лістапада» зняць іх фільм з конкурсу.

- Таму што мы за свабоду ад цэнзуры «мінкульту» і не хочам удзельнічаць у конкурсе, дзе пагарджаюць правамі і свабодай творчасці, - патлумачыла гэты крок рэжысёрка.

Як распавёў журналістам вядомы рэжысёр Сяргей Лазніца, ягоны фільмы «Майдан» і «Данбас» не прайшлі адбор на «Лістапад».

«Макаёнка, 9»

Пра здольнасці БТ стварыць падабенства папулярнага замежнага шоў кажа гісторыя са спробай стварыць клон «Вечернего Урганта».

Вечаровае шоў «Макаёнка, 9» з лета атрымала водгукі ў духу «наадзвычай бяздарна». А таксама рэкамендацыі прафесіяналаў, як зрабіць лепш.

Як рыцарскія турніры ператварыліся ў «Дажынкі»

У пачатку нулявых ў Беларусі сталі набіраць папулярнасць фэсты сярэднявечнай культуры. Першапачаткова ўлады выступалі ў ролі суарганізатараў, але неўзабаве відовішчныя шматтысячныя фэсты ператварыліся ў «дажынкі».