26 красавiка 2024, Пятніца, 22:44
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Клімкін заклікаў Захад узаемадзейнічаць з РФ з пазіцыі сілы, «а не з пазіцыі прымірэння»

1
Клімкін заклікаў Захад узаемадзейнічаць з РФ з пазіцыі сілы, «а не з пазіцыі прымірэння»
ПАВЕЛ КЛІМКІН
ФОТА: УНІАН

Міністр замежных справаў Украіны напісаў калонку для Washington Post.

Кіраўнік Міністэрства замежных справаў Украіны Павел Клімкін заклікаў сусветную супольнасць узмацніць ціск на РФ. Пра гэта ён напісаў у калонцы для выдання Washington Post (пераклад – gordonua.com) з нагоды пяцігоддзя з дня анэксіі Крыма Расеяй.

У артыкуле пад назвай "Прайшло пяць гадоў, а Расея дагэтуль акупуе тэрыторыю Украіны" Клімкін нагадаў, што ўпершыню з 1940-х гадоў еўрапейская дзяржава адважылася сілай захапіць тэрыторыю суседа.

Цяпер Крым ператварыўся ў "праваабарончую чорную дзірку", дзе жорстка пераследуюць карэннае крымска-татарскае насельніцтва, чаму спрыяе адсутнасць міжнароднай увагі, адзначыў Клімкін.

Паводле ягоных словаў, пасля анэксіі Крыма недастаткова жорсткая рэакцыя міжнароднай супольнасці мела доўгатэрміновыя наступствы не толькі для Украіны, але і для ўсёй Еўропы.

Гісторыя нагадвае, што "замірэнне і слабасць перад тварам агрэсіі маюць катастрафічныя наступствы", дадаў Клімкін.

Ён адзначыў, што цяпер асноўным прыярытэтам з'яўляецца вызваленне захопленых расейскімі сілавікамі ў раёне Керчанскага праліва 24 украінскіх маракоў, а таксама 70 украінскіх палітвязняў.

Кіраўнік украінскага МЗС заклікаў міжнародную супольнасць "прызнаць неўнікнёную небяспеку слабога адказу на расейскую агрэсію". Ён заявіў, што калі заходнія палітыкі цэняць дэмакратыю і вяршэнства закона, а таксама вераць, што заснаваная на правілах міжнародная сістэма робіць свет больш бяспечным, то яны павінны ўзмацніць ціск на Крэмль.

Паводле словаў Клімкіна, "з Расеяй трэба ўзаемадзейнічаць з пазіцыі сілы, а не з пазіцыі прымірэння".

Расея анэксавала Крым вясной 2014 года паводле вынікаў "рэферэндуму", вынікі якога не прызнаюцца Украінай і большасцю краінаў свету.

Пасля анэксіі Крыма пачаўся ўзброены канфлікт на Данбасе паміж украінскімі ўрадавымі сіламі з аднаго боку і баевікамі, падтрыманымі Масквой, і расейскімі войскамі з другога.

У сувязі з анэксіяй Крыма і канфліктам на Данбасе Еўразвяз, ЗША, Канада і іншыя дзяржавы ўвялі супраць РФ эканамічныя санкцыі.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках