26 красавiка 2024, Пятніца, 4:12
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Як працавала «Расейская пральня» ў Нямеччыне

4
Як працавала «Расейская пральня» ў Нямеччыне
ФОТА: MCPHOTO/BILDERBOX

Нанесены першы сур'ёзны ўдар у ЕЗ па адной з найбуйнейшых схем адмывання грошай з Расеі.

У Нямеччыне канфіскаваная маёмасць на 50 млн еўраў паводле справы "расейскай пральні".

"Мы перакрылі ім кран, і гэта галоўнае", - кажа dw.com супрацоўніца пракуратуры ў Мюнхене, тлумачачы сэнс нядаўняга рэйду паліцэйскіх Федэральнага ведамства крымінальных спраў. Цягам трохдзённай аперацыі паліцэйскія канфіскавалі ў баварскіх гарадах Нюрнбэрг, Рэгенсбург, Мюльдорф-на-Іне і ў гесэнскім Швальбаху-на-Таўнусе чатыры будынкі, а таксама арыштавалі рахункі, на якіх агулам знаходзілася амаль 8 мільёнаў еўраў. Агулам, сума канфіскаванага склала блізу 50 мільёнаў еўраў.

Камерцыйная нерухомасць і фінансы, арыштаваныя паліцыяй у Нямеччыне, наўпрост звязаныя з сістэмай адмывання грошай, якая мае розныя назвы: "Ландрамат", "Расейская пральня", "Малдаўская схема". Праз яе з Расеі былі выведзеныя каласальныя сумы - не менш за 22 мільярды даляраў толькі за тры гады, з 2011 да 2014 года.

Дапамога прыйшла ад выведвальнікаў з OCCRP

Падазраваных у гэтай справе ў Нямеччыне - трое. Адзін жыве з сям'ёй у Мюнхене, у яго "ёсць і нямецкі пашпарт", паведамілі DW у Мюнхенскай пракуратуры. Ён не знаходзіцца пад вартай, бо праваахоўныя органы мяркуюць, што рызыкі ўцёкаў няма. Іншыя дэталі аб падазраваных не паведамляюцца: афіцыйныя абвінавачванні супраць іх пакуль не выстаўленыя.

Гэта першы гучны ўдар у Заходняй Еўропе па "расейскай пральні", пра якую вядома з 2014 года, калі пра ашуканскую схему распавялі журналісты Цэнтра даследавання карупцыі і арганізаванай злачыннасці (OCCRP).

У пракуратуры прызнаюць, што даклад OCCRP, апублікаваны ў 2014 годзе, адыграў важную ролю ў працы следства. "Натуральна, гэта было важна", - сказала DW старшы пракурор Мюнхенскай пракуратуры Ганна Ляйдынг (Anne Leiding). Паводле ейных слоў, хоць следства ў Нямеччыне пачалося на год раней журналісцкіх публікацый, але да таго моманту паліцыі ўдалося выявіць толькі сам факт адмывання грошай, але не прасачыць усю схему аж да Расеі.

Як працавала "Расейская пральня"

Схема самага маштабнага з вядомага вываду грошай з Расеі выглядала так: ашуканцы атрымлівалі фіктыўныя пастановы малдаўскага суда аб спагнанні з падстаўных расейскіх фірмаў-аднадзёнак пазык на шматмільённыя сумы. Грошы ў кампаній, якія існавалі толькі на паперы, "цудоўным" чынам знаходзіліся і адпраўляліся фірмам-крэдыторам у Вялікабрытаніі ці ў афшорах. "Малдаўскую" схему празвалі яшчэ і таму, што большая частка сродкаў была выведзеная з дапамогай малдаўскага банка Moldindconbank. Яшчэ частка была адпраўленая далей, у Латвійскі Trasta Komercbanka, адкуль паступіла ў Нмеччыну, праз нямецкія Deutsche Bank і Commerzbank. Патрапіўшы ў юрысдыкцыю ЕЗ, грошы разглядаліся як "адмытыя".

З фігурантаў расследавання адказнасць панёс Малдаўскі бізнэсовец і суўладальнік Moldindconbank Вячаслаў Платон, асуджаны ў сябе на радзіме на працяглы тэрмін зняволення. Пад суд патрапіў і "кароль абналу" расеец Аляксандр Грыгор'еў. Праз падкантрольныя яму банкі ў Расеі грошы ішлі ў Малдову. І Платон, і Грыгор'еў, зрэшты, толькі часткова праследуюцца паводле эпізодаў, звязаных з "малдаўскай схемай". Суд над Грыгор'евым пакуль ідзе. Узаемадзеянне расейскіх і малдаўскіх следчых органаў затармазілася яшчэ з 2014 года.

Аб паходжанні мільярдаў і тым, хто стаіць за гэтымі грашыма, вядома дагэтуль няшмат. Сярод буйных бенефіцыяраў "пральні" OCCRP выявіў расейскіх "каралёў дзяржаўнай замовы" Аляксея Крапівіна і Валерыя Маркелава. Са звестак OCCRP, звязаны з імі холдынг "Група кампаній 1520" з'яўляецца найбуйнейшым падрадчыкам РЧ. Маркелаў, паводле інфармацыі СМІ, з лістапада 2018 года знаходзіцца пад арыштам паводле падазрэння ў крадзяжах, Крапівін - абвешчаны ў аператыўны вышук. А, напрыклад, у схеме адмывання грошай у Швайцарыі былі замяшаныя адразу некалькі супрацоўнікаў двух расейскіх абаронных кампаній, якія ўваходзяць у канцэрн "Растэх". Расейцы, як атрымалася высветліць мясцоваму выданню Beobachter, уваходзілі ў кіраўнічую раду гандлёвай кампаніі з горада Вінтэртур, уцягнутай у атрыманні брудных грошай з Расеі.

Нямеччына ў вельмі разгалінаванай сістэме адмывання грошай (усяго грошы разышліся па 732 банкам у 96 краінах свету) адыгрывала не самую значную ролю. 50 мільёнаў, канфіскаваныя паліцыяй, - гэта "істотная частка" ўсёй нелегальнай грашовай плыні, якую ўдалося выявіць, кажуць у мюнхенскай пракуратуры. З некаторых звестак, агульнае абарачэнне ў ФРГ магло скласці блізу 100 млн еўраў. Частка сродкаў пайшла на аплату нямецкіх прамысловых тавараў.

OCCRP: "Хоць бы на час перашкодзілі ім"

У Цэнтры даследавання карупцыі і арганізаванай злачыннасці навіну з Нямеччыны аб канфіскацыі маёмасці ўспрынялі з радасцю. "Вядома, мы рады! Гэта была дэталёвая, добра правераная праца", - сказаў DW выканаўчы дырэктар OCCRP Паўл Раду. Паводле ягоных слоў, яго радасць азмрочвае той факт, што ўцягнутыя ў расследаванне журналісты пасля публікацыі пацярпелі ад ціску. Не называючы імёнаў, Раду паведаміў, што калегам давялося змяніць краіну пражывання.

Ён таксама выказаў шкадаванне, што пасля выхаду дакладу ў многіх краінах ЕЗ былі зробленыя некаторыя юрыдычныя крокі, але "без наступстваў, так што ў такім сэнсе гэта поспех". Галоўным дасягненнем сваёй працы і працы калег Паўл Раду лічыць тое, што еўрапейскія банкі сталі "па-сапраўднаму больш дбайна правяраць" кліентаў, кажа выканаўчы дырэктар OCCRP.

Раду мяркуе, што праўдзівы размах адмывання грошай у разы больш. "Думаю, што нам удалося толькі паскрэбці па паверхні таго, што напраўду адбываецца".

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках