26 красавiка 2024, Пятніца, 6:57
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Коммерсант»: Новага Генеральнага сакратара ў АДКБ не будзе яшчэ год

6
«Коммерсант»: Новага Генеральнага сакратара ў АДКБ не будзе яшчэ год

Арменія не дае згоды на зацвярджэнне беларускага кандыдата.

У АДКБ змірыліся з тым, што праз пазіцыю Арменіі ў арганізацыі яшчэ год не будзе паўнавартаснага Генеральнага сакратара, абавязкі якога працягне выконваць прадстаўнік РФ Валерый Семярыкоў.

"Зыходзім з таго, што да пачатку 2020 года кіраваць АДКБ будзе в. а. Генеральнага сакратара", - кажа інфармаваная крыніца "Коммерсанта" ў МЗС РФ. Суразмоўца, блізкі да АДКБ, пацвердзіў такі настрой: "Чакаем прызначэння ў наступным годзе. Калапсу і ступару ў арганізацыі няма, працуе ў адпаведнасці з планамі".

Кандыдатуру Станіслава Зася ў канцы мінулага года ўхвалілі пяць з шасці дзяржаў, якія ўваходзяць у блок (чальцы АДКБ — гэта Арменія, Беларусь, Казахстан, Кыргызстан, Расея і Таджыкістан). Прэзідэнты гэтых краін, уключаючы Уладзіміра Пуціна, сустрэліся з кандыдатам і выказалі яму падтрымку.

Не прыняў спадара Зася толькі прэм'ер Арменіі Нікол Пашынян. Праз ягоную пазіцыю ў альянсе і ўзнікла калізія з прызначэннем Генеральнага сакратара. Ерэван, які датэрмінова адклікаў з гэтай пасады свайго прадстаўніка Юрыя Хачатурава ў сувязі з адкрытай у дачыненні да яго на радзіме крымінальнай справай, зыходзіў з таго, што змяніць яго і дапрацаваць належны трохгадовы тэрмін павінен прызначэнец Арменіі.

З гэтым не пагадзіліся астатнія партнёры, найперш Менск, які прэтэндуе на гэтую пазіцыю ў адпаведнасці з прынцыпам алфавітнай ратацыі. Але такія пастановы прымаюцца кансэнсусам. Перамовы на розных узроўнях ні да чаго не прывялі і не раз правакавалі канфлікты, бо Нікол Пашынян намагаў свайго. На закрытых сустрэчах лідараў краін АДКБ жарсці часам напальваліся да таго, што, з інфармацыі "Коммерсанта", адзін з прэзідэнтаў у нейкі момант у адчаі кінуў армянскаму прэм'еру, што прызначаць генеральнага сакратара без аглядкі на Ерэван.

Тыдзень таму гэтая тэма зноў стала актыўна абмяркоўвацца. Каментуючы сітуацыю вакол Генеральнага сакратара АДКБ, прэс-сакратар МЗС Беларусі Анатоль Глаз сказаў: Менск з разуменнем паставіўся да таго, што ў Нікола Пашыняна не было магчымасці прыняць Станіслава Зася ў перыяд перадвыбарнай кампаніі ў Арменіі (у снежні там прайшлі парламенцкія выбары). "Але гэты перыяд закончаны, таму чакаем, што армянскі бок найбліжэйшым часам паведаміць аб тэрмінах гэтай сустрэчы»,— дадаў ён. "Допіс Генеральнага сакратара Міжнароднай вайсковай палітычнай арганізацыі - гэта не нумар у гатэлі, які можна рэзерваваць, нават калі няма ніякай магчымасці зноў ім скарыстацца", - заявіў спадар Глаз.

У Ерэване, аднак, спяшацца з зацвярджэннем беларускага кандыдата не маюць намеру. Адказваючы на пытанне аб тым, ці магчымая ў найбліжэйшай будучыні сустрэча Нікола Пашыняна і Станіслава Зася, афіцыйная прадстаўніца МЗС Арменіі Ганна Нагдалян спаслалася на заяву прэс-сакратара армянскага прэм'ера Уладзіміра Карапецяна, які заявіў, што канкрэтнай дамоўленасці аб такой сустрэчы няма.

Пры гэтым спадарыня Нагдалян падкрэсліла, што “АДКБ з'яўляецца важным складнікам сістэмы бяспекі Арменіі”. ”Зыходзячы з гэтага, мы вельмі сур'ёзна ставімся да ўсіх пытанняў, звязаных з АДКБ. І менавіта таму падвышэнне эфектыўнасці арганізацыі - найперш паляпшэнне прававой базы - з'яўляецца для нас прыярытэтам", - рэзюмавала прэс-сакратарка.

Гаворачы аб прававой базе, якую трэба палепшыць, у Ерэване маюць на ўвазе правілы замены Генеральнага сакратара АДКБ пры яго датэрміновым сыходзе з пасады. "Для нас прынцыпова вызначыцца з правіламі гульні ў выпадках датэрміновага спынення паўнамоцтваў Генеральнага сакратара. Пры вызначэнні гэтых правілаў гульні паралельна з іх юрыдычным афармленнем магчымая прапрацоўка пытанняў кандыдатуры новага Генеральнага сакратара на наступныя тры гады"— растлумачыў інфармаваны суразмоўца ў армянскіх дзяржструктурах. З нагоды заявы Анатоля Глаза, што АДКБ не гатэль, ён адзначыў: "У кожным гатэлі свае правілы. Ранні заезд прадугледжвае дадатковую плату".

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках