26 красавiка 2024, Пятніца, 13:46
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Bloomberg: Беларусь займае 81-е месца паводле ўзроўню здароўя насельніцтва

12
Bloomberg: Беларусь займае 81-е месца паводле ўзроўню здароўя насельніцтва
ІЛЮСТРАЦЫЙНАЕ ФОТА

Якасная медыцына ў нашай краіне - толькі для чыноўнікаў?

Bloomberg склаў рэйтынг краін паводле ўзроўню здароўя насельніцтва, абапіраючыся на звесткі Сусветнай арганізацыі аховы здароўя. Беларусь заняла ў ім 81-е месца.

Першае месца ва ўзроўні здароўя насельніцтва ў свеце заняла Гішпанія, вынікае са спісу, складзенага аналітыкамі Bloomberg на падставе звестак Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, аддзела народанасельніцтва ААН і Сусветнага банка, паведамляе РБК.

У першай дзясятцы следам за Гішпаніяй размясціліся Італія, Ісландыя, Японія, Швэйцарыя, Швэцыя, Аўстралія, Сінгапур, Нарвегія і Ізраіль.

Беларусь - на 81-м месцы. Вышэй у рэйтынгу, напрыклад, Куба (30), Чылі (33), Турцыя (51) і нават Іран (69).

Рэйтынг складзены з улікам розных звестак, напрыклад, такіх, як чаканая працягласць жыцця і доступ насельніцтва да чыстай вады, а таксама з улікам дадатковых рызык, такіх як паленне, атлусценне і рызыка смерці ад перадазіроўкі наркотыкаў.

Паводле такога крытэру, як чаканая працягласць жыцця пры нараджэнні, сярод краін Еўрапейскага Звязу таксама лідаруе Гішпанія.

Акрамя таго, параўнальна высокія адзнакі атрымалі Швэйцарыя, Японія і Сінгапур. Экспэрты зрабілі такія высновы з улікам узроўню даступнасці медыцынскай дапамогі і прафілактычных медпаслуг, якія ў гэтых краінах могуць атрымаць дзеці ў першыя гады жыцця (навучаныя медсёстры, неадкладная меддапамога для дзяцей і інш.).

Даследчыкі Bloomberg таксама адзначаюць, што сур'ёзна ўплываюць на ўзровень здароўя нацыі харчовыя звычкі.

Напрыклад, жыхары краін, дзе пераважае «міжземнаморская дыета», якая змяшчае аліўкавы алей і карысныя арэхі, радзей пакутуюць на сур'ёзныя сэрцава-судзінныя захворванні, чым, напрыклад, жыхары краін, якія проста спажываюць невялікую колькасць тлушчаў.

У Паўночнай Амерыцы Канада (16) значна апярэдзіла ЗША (35) і Мексіку (53) у чаканай працягласці жыцця. Экспэрты патлумачылі гэта значна больш нізкай рызыкай смерці ад перадазіроўкі наркотыкаў і самагубстваў.

Высокае месца Кубы (30) абумоўленае, на думку аналітыкаў, тым, што ў гэтай краіне вельмі развітая сістэма прафілактычнай медыцыны і дзейнічаюць эфектыўныя праграмы выяўлення небяспечных захворванняў на ранняй стадыі.

На афрыканскія дзяржавы на поўдзень ад Сахары прыпадае 27 з 30 краін з самым нездаровым насельніцтвам у рэйтынгу (пакінутыя тры - Гаіці, Афганістан і Емен). Самае ж здаровае насельніцтва ў гэтым рэгіёне, паводле звестак Bloomberg, на Маўрыкіі (74-е месца ў свеце), дзе ўзровень смяротнасці ад інфекцыйных захворванняў ніжэйшы, чым у суседзяў.

У рэйтынг Bloomberg увайшлі краіны з насельніцтвам, не меншым за 300 тысяч чалавек «і дастатковымі звесткамі». Усяго даследаваннем было ахоплена 169 дзяржаў.

Напісаць каментар 12

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках