25 сакавiка 2019, панядзелак, 1:04
Выклік для кожнага
Рубрыкі

Генадзь Фядыніч: Такога ярма, як у беларускіх працоўных, няма ў аніводнай з суседніх краін

82
ГЕНАДЗЬ ФЯДЫНІЧ
ФОТА: ПЦ «ВЯСНА»

Дэкрэт №29 павінен быць скасаваны.

У адказ на петыцыю за скасаванне тэрміновых працоўных кантрактаў прадстаўнік Міністэрства працы і сацыяльнай абароны паведаміў, што гэта немэтазгодна. Намеснік міністра Ігар Старавойтаў адзначыў, што тэрміновыя кантракты накіраваныя на забеспячэнне дысцыпліны і парадку на вытворчасці, падвышэнне адказнасці бакоў, а таксама падвышэнне стабільнасці вытворчых працэсаў, піша «Заўтра тваёй краіны».

А вось экспэрты мяркуюць, што такая практыка, наадварот, аслабляе абарону працоўных правоў работнікаў і пазбаўляе іх пэўных выгод, якія даюць бестэрміновыя працоўныя дамовы.

- Першапачаткова, калі прымаўся дэкрэт №29, ён меў свае плюсы. Дзякуючы дэкрэтам з'явілася магчымасць падвысіць заробкі спецыялістам, каб яны не сыходзілі з прадпрыемстваў, - успамінае дарадца-кансультант прафзвязу радыёэлектроннай прамысловасці (РЭП) Генадзь Фядыніч.

Але паступова нормы дэкрэта сталі «кароткім ланцужком», на якім арганізацыі трымаюць работнікаў гадамі. Нават прапрацаваўшы ў кампаніі больш за пяць гадоў, чалавек не можа прэтэндаваць на бестэрміновую працоўную дамову: укласці той ці іншы тып дамовы - гэта права наймальнікаў. І большасць з іх выбіраюць тэрміновы кантракт.

- Такога ярма, як у беларускіх працоўных, няма ў аніводнай з суседніх краін і краін СНД. І калі гадоў восем таму збіралі подпісы, каб правесці рэферэндум аб гэтым дэкрэце, нават чыноўнікі падтрымлівалі ідэю скасавання тэрміновых кантрактаў, - кажа Генадзь Фядыніч.

Экспэрты вылучаюць некалькі праблемных момантаў тэрміновых кантрактаў.

Самы распаўсюджаны - стрэсавы складнік для ўсіх працаўнікоў. Кожны год перад імі ўзнікае пытанне, ці падоўжаць кантракт ці давядзецца шукаць новую працу. Блізу траціны ўсіх працоўных дамоў - гэта кантракты тэрмінам на адзін год. І наймальнік можа не працягваць іх без тлумачэння прычын.

- Тэрміновыя кантракты не даюць матывацыі да працы. Чалавек павінен, як раб, падпарадкоўвацца наймальніку. І калі яго меркаванне на аплату або ахову працы, ці на тое, што адбываецца на прадпрыемстве або ў дзяржаве агулам, не адпавядае пункту гледжання кіраўніка, пасля заканчэння тэрміну работы паводле кантракту яму без тлумачэнняў уручаюць працоўную кніжку, - адзначае прадстаўнік прафзвязу РЭП.

Работнікі ж, з якімі ўклалі бестэрміновую дамову, адчуваюць сябе больш абароненымі.

- Гэта тычыцца як самой працы, так і жыццёвых планаў, да прыкладу, ці нараджаць яшчэ адное дзіцяці. Адна справа, калі ты ведаеш, што ў цябе ёсць пэўная падушка бяспекі, і іншая - калі разумееш, што ў рэгіёне не стае працоўных месцаў і незразумела, што рабіць, калі з табой не падоўжаць тэрміновы кантракт, - кажа навуковы супрацоўнік Беларускага эканамічнага даследчага адукацыйнага цэнтра (BEROC) Марыя Акулава.

Калі ж работнік знайшоў іншую працу, ён не можа звольніцца без згоды наймальніка да часу заканчэння кантракту. І калі наймальнік адмаўляе, работніку, даводзіцца выбіраць абходны шлях. Напрыклад, шукаць парушэнні працадаўцам выканання кантракту, каб звольніцца паводле артыкула 41 Працоўнага кодэкса, з віны наймальніка.

- Але пры такім запiсе ў працоўнай кніжцы не кожны новы наймальнік возьме такога спецыяліста на работу, - падкрэслівае Генадзь Фядыніч.

Тэрміновыя кантракты ўскладаюць на наймальніка менш сацыяльнай адказнасці.

- Калі б працадаўца ведаў, што пасля звальнення работніка ён будзе вымушаны выплачваць дапамогу як шэсць заробкаў, напэўна, некаторыя пастановы, у тым ліку аб звальненні, ён прымаў бы больш узважана, - мяркуе Марыя Акулава.

Тэрміновыя дамовы прыводзяць да таго, што працоўныя становяцца неабароненымі і ў высокай ступені залежаць ад волі наймальніка. Праблема абвастраецца ў выпадку звальнення. Калі пры бестэрміновым кантракце пры звальненні трэба выплачваць дапамогу, то тэрміновыя кантракты даюць магчымасць наймальнікам проста не пераўкладаць іх. А работнік сутыкаецца не толькі з пытаннем пошуку працы, але і з праблемай, дзе знайсці даход на гэты перыяд, адзначае Марыя Акулава.