26 красавiка 2024, Пятніца, 19:29
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Reuters: Boeing, які разбіўся ў Эфіопіі, пасля ўзлёту набраў незвычайна вялікую хуткасць

4
Reuters: Boeing, які разбіўся ў Эфіопіі, пасля ўзлёту набраў незвычайна вялікую хуткасць
КРЫНІЦА: ISNA

Сталі вядомыя дэталі перамоваў пілота з дыспетчарам.

Пасажырскі самалёт Boeing 737 MAX 8, які пацярпеў крушэнне ў Эфіопіі, пасля ўзлёту набраў нестандартна вялікую хуткасць. Пасля гэтага пілот паведаміў дыспетчару пра праблемы і папрасіў дазвол на хуткі ўздым. Праз яшчэ некалькі хвілінаў лайнер знік з радараў. Пра гэта са спасылкай на крыніцу, знаёмую з запісам гэтых перамоваў, паведамляе Reuters.

Гаворка ідзе пра лайнер, які разбіўся ў ваколіцах Адыс-Абебы 10 сакавіка праз шэсць хвілінаў пасля ўзлёту. У выніку авіякатастрофы загінулі 157 чалавек. Самалёт накіроўваўся ў Найробі.

Паводле словаў суразмоўцы агенцтва, да аварыі, перад тым, як тэрмінова запытаць магчымасць вярнуцца ў аэрапорт вылету, голас з кабіны пілота Boeing 737 MAX папрасіў у дыспетчара дазвол падняцца на 14 тыс. футаў (4,27 км) над узроўнем мора (прыкладна 6,4 тыс. футаў (1,95 км) над аэрапортам). Хуткасць самалёта пры гэтым дасягала 400 вузлоў (460 міляў за гадзіну ці 643,6 км/г), стандартная хуткасць пасля вылету звычайна складае 200–250 вузлоў (370,4–463 км/г).

Пасля гэтага на вышыні 10,8 тыс. футаў (3,29 км) самалёт знік з радараў, паказала крыніца.

«Ён [пілот] сказаў, што ў яго праблемы з кіраваннем палётам. Менавіта таму ён хацеў падняцца», – дадаў суразмоўца Reuters. Голас пілота, паводле ягоных словаў, быў няроўным, падрабязнасцяў пра гэтую праблему ён не паведаміў.

The New York Times адзначае, што голас на запісе быў голасам камандзіра паветранага судна Ярэда Гетач’ю. Крыніца Reuters гэтую інфармацыю не пацвердзіла, зазначыўшы толькі, што з дыспетчарам размаўляў толькі адзін з пілотаў.

Эксперты, як адзначае агенцтва, тлумачаць, што, як правіла, пілоты просяць дазвол падняцца, калі ў іх узнікаюць праблемы ля зямной паверхні. Такім чынам яны спадзяюцца атрымаць запас для манеўру і пазбегнуць набліжэння да цяжкапраходнай мясцовасці (Адыс-Абеба акружаная пагоркамі, а на поўначы – гарамі Энтато).

Вывучаць чорныя скрыні з кабіны пілотаў следчыя пачалі 16 сакавіка. Мяркуецца, што пасля, каб паспрабаваць вызначыць прычыну крушэння, гэтую інфармацыю таксама ацэняць улады Эфіопіі і ЗША і каманды Boeing і авіяцыйнай бяспецы ЕЗ. Дапамогу ў расшыфроўцы бартавых самапісцаў Адыс-Абеба запрасіла ў Парыжа, 14 сакавiка чорныя скрыні былі скіраваныя ў Францыю.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках