26 красавiка 2024, Пятніца, 10:33
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Сіноптыкі распавялі, калі ўжо можна саджаць бульбу

14
Сіноптыкі распавялі, калі ўжо можна саджаць бульбу

Да канца сакавіка будзе цяплей, чым звычайна.

Сёлета кліматычная вясна наступіла на 15 дзён раней, чым звычайна. Якой будзе тэмпература ў канцы месяца і калі ўжо можна саджаць бульбу? Пра гэта tut.by распавялі прадстаўнікі Белгідрамета.

Сакавік сёлета цяплейшы, чым звычайна

- Трэба сказаць, што за мінулы перыяд сакавіка тэмпературны фон быў вышэйшы за кліматычную норму на 2-5 градусаў, - распавядае Аляксандр Бяганскі, начальнік службы метэаралагічных прагнозаў Рэспубліканскага цэнтра гідраметэаралогіі, кантролю радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя. - Паводле папярэдніх прагнозаў, да канца месяца тэмпературны фон чакаецца вышэйшы за норму на 2-4 градусы. Сакавік сёлета цяплейшы, чым звычайна.

Якім будзе красавік? Такія высновы рабіць рана, кажа Аляксандр Бяганскі, бо прагнозы ў Белгідрамеце больш чым на тыдзень не складаюцца.

- Паводле сярэдніх кліматычных паказчыкаў красавік крыху цяплейшы за сакавік, у сярэднім на 1 градус.

Экспэрт распавядае: у кліматалогіі вясна надыходзіць тады, калі сярэднедзённая тэмпература паветра вышэйшая за нуль. Сёлета такі «пераход праз нуль» адбыўся ў перыяд з 2 да 9 сакавіка.

- Гэта на паўтары дэкады раней, чым звычайна, а на паўднёвым захадзе краіны пераход наогул здарыўся яшчэ ў лютым.

Што з паводкамі?

Экстрэмальных паводак гэтай вясной нідзе на тэрыторыі Беларусі не зафіксавана, распавядае Людміла Журавовіч, начальніца службы гідралогіі і аграметэаралогіі Рэспубліканскага цэнтра гідраметэаралогіі, кантролю радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя.

- Паводкі ў Беларусі былі, проста вышыня ўздыму вады была нязначнай і не прывяла да экстрэмальных значэнняў. Максімальныя ўзроўні ўздыму былі блізкія да сярэдніх або некалькі ніжэйшыя за норму. Метэаралагічныя ўмовы спрыялі павольнаму раставанню снегу. Бо высокія паводкі назіраюцца тады, калі ідзе масавае раставанне снегу. Сёлета ўсе раставала паступова.

Калі ўжо можна саджаць бульбу?

У Белгідрамеце мяркуюць, што кожны дачнік павінен сам вызначыць, калі ўжо надвор'е будзе спрыяць таму, каб саджаць бульбу і агулам займацца агародамі. У кожным выпадку трэба дачакацца, калі прасохне глеба.

- Пакуль тэмпературны фон павышаны, - кажа Аляксандр Бяганскі. - Але перад тым, як прыступаць да ўсякіх сельскагаспадарчым работ, трэба, каб цалкам высахла глеба і яе тэмпература стала аптымальнай для пасеву. Снежнае покрыва на тэрыторыі Беларусі канчаткова сышло толькі ў пачатку гэтага тыдня.

Паводле слоў спецыяліста, жыхарам паўночна-ўсходняй часткі краіны пакуль рана разлічваць на тое, што яны проста сёння могуць прыступаць да якой-небудзь працы ў агародзе. Але на паўднёвым захадзе краіны снежны полаг сышоў раней, да таго ж там традыцыйна цяплей.

- Я думаю, у спецыялістаў, звязаных з сельгаспрацамі, ужо ёсць план. А вось для сваіх лецішчаў кожны павінен вызначаць сам, - рэзюмаваў эксперт.

Ці будзе лета засушлівым?

Спецыялістам пакуль складана спрагназаваць, ці будзе лета засушлівым. Але вось мінулыя вясна і лета такімі былі, нягледзячы на тое, што ў ліпені 2018 года выпала дзве з паловай нормы ападкаў.

- Дэфіцыт ападкаў у траўні мінулага года быў адзначаны ў першы ці другі раз пасля заканчэння Другой сусветнай вайны. Таму прагназаваць такое складана. Што тычыцца гэтага года, нічога канкрэтнага сказаць не магу. Няма магчымасці спрагназаваць, будзе засуха ці не, - адзначыў Аляксандр Бяганскі.

Напісаць каментар 14

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках