26 красавiка 2024, Пятніца, 16:38
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Хасіды з Нью-Ёрка прыязджалі ў Гародню маліцца на магіле праведніка

Хасіды з Нью-Ёрка прыязджалі ў Гародню маліцца на магіле праведніка

Аляксандр Зіскінд памёр 225 гадоў таму.

Група амерыканскіх хасідаў пабывала ў Гародні 25 сакавіка. Яны прыязджалі памаліцца на магіле габрэйскага праведніка Аляксандра Зіскінда, які памёр 225 гадоў таму, піша hrodna.life.

«Праведнік Аляксандр Зіскінд памёр у Гародні ў 1794 годзе. Ён напісаў знакамітую кнігу «Есод вешорэш аавода», - распавядае гарадзенскі рабін Іцхак Кофман. - Ён напісаў гэтую працу ў родным горадзе і яе вывучаюць дагэтуль многія габрэі».

Равін распавядае, што праведнік быў пахаваны на могілках, дзе сёння знаходзіцца стадыён «Нёман». Але пасля таго, як яго разбурылі ў канцы 1950-х гг., на Занёманскіх могілках зрабілі сімвалічную магілу. Туды прыязджаюць паломнікі з усяго свету.

«Сёння на магілу Зіскінда прыязджала шмат людзей. Некаторыя з хасідаў ехалі спачатку да стадыёна, дзе сёння вісіць мемарыяльная шыльда, а потым ужо ехалі на Занёманскія могілкі», - дадаў гарадзенскі рабін.

Пасля Гародні некаторыя паломнікі адправіліся ў Радунь - адзін з галоўных цэнтраў габрэйскага рэлігійнага турызму ў Беларусі. Там пахаваны знакаміты праведнік Хофец Хаім.

Даведка

Могілкі на Занёманскім Фарштаце былі заснаваныя ў 18 ст для габрэйскай супольнасці гэтай часткі горада. Гэта адзіныя габрэйскія могілкі, якія захаваліся ў Гародні да нашых дзён. Сёння там можна ўбачыць больш за 2 000 надмагілляў-мацеў (некаторыя цяжка распазнаць, бо яны з цягам часу сышлі ў зямлю). Надпісы на камянях збольшага на іўрыце, але ёсць і на мове ідыш. На гэтых могілках пахаваны равін Аляксандр Зіскінд, які памёр у 5554 (1794) годзе. У 1990-я гады на ягонай магіле быў усталяваны помнік.

Перад смерцю равін наказаў на адлегласці ста метраў ад сваёй магілы не хаваць нікога, акрамя праведнікаў. Там заўсёды было вольнае месца. Паводле гэтай прыкметы і адшукалі ў нашы дні тое месца, дзе ён знайшоў апошні прытулак. Са слоў Іцхака Кофмана, на Занёманскіх могілках была зроблена сімвалічная магіла праведніка.

АНГЕЛЬСКІЯ ШКОЛЬНІКІ МОЛЯЦЦА НА МАГІЛЕ ПРАВЕДНІКА АЛЯКСАНДРА ЗІСКІНДА, 2017 ГОД

Аляксандр Зіскінд жыў у Гародні ў другой палове 18 стагоддзя. Ён цалкам прысвяціў сваё жыццё вывучэнню Торы і малітве. Цягам многіх гадоў ён практычна не пакідаў свайго дома.

Праведнік напісаў кнігу «Есод вешорэш аавода» (Аснова і корань служэння), якая стала своеасаблівым кодэксам маральных паводзін і інструкцыяй да выканання запаведзяў. Упершыню кніга выйшла ў свет у 1782 годзе. Зіскінда асабліва падкрэсліваў значэнне трох фундаментальных асноў, на якіх будуецца служэнне Творцы: кавана - душэўны настрой і канцэнтрацыя на запаведзі, сімха - радасць, адчуваем ад магчымасці выконваць запаведзь, ды ітлаавут - натхненне і духоўнае абуджэнне, выкліканае яе выкананнем.

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках