26 красавiка 2024, Пятніца, 12:28
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Як Беларусь страчвае малочны рынак Расеі

5
Як Беларусь страчвае малочны рынак Расеі

Пачатак 2019 года таксама мае адмоўную дынаміку.

Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Беларусі праз рост колькасці абмежаванняў у Расеі зноў рэкамендуе айчынным малакоперапрацоўчым заводам дыверсіфікаваць рынкі збыту, піша «Заўтра тваёй краіны».

На V-м экспартным форуме «Беларусь малочная» ў Менску начальнік галоўнай управы замежнаэканамічнай дзейнасці Мінсельгасхарча Аляксей Багданаў распавёў аб трывожных прагнозах для галоўнай экспартнай галіны Беларусі ў гэтым годзе.

«На жаль, даводзіцца канстатаваць, што з прычыны ўведзеных абмежаванняў за 2018 год невыкананне аб'ёмаў паставак малака і малочных прадуктаў з Беларусі ў Расею склала 617 тысяч тон у пераліку на малако. Пачатак 2019 года таксама мае адмоўную дынаміку», - сказаў Аляксей Багданаў (цытуецца па БелТА).

Указанні ўладаў на неабходнасць дыверсіфікацыі экспарту малочных прадуктаў гучаць цягам апошніх трох гадоў, цягам якіх, скарыстаўшыся гандлёвай вайной Расеі з ЗША і Еўразвязам, Беларусь выйшла ў лік найбуйнейшых пастаўшчыкоў малочнай прадукцыі на расейскі рынак.

На падставе звестак Нацыянальнага статыстычнага камітэта Беларусі, дзель Расеі ў экспартных пастаўках малочных прадуктаў з 2015 да 2018 года скарацілася з 96,6% да 77,9%.

Калі ў 2015 годзе з усёй сумы экспарту 1,73 млрд даляраў, на Расею прыпала 1,672 млрд даляраў, то ў мінулым годзе пры сукупным аб'ёме паставак 2,013 млрд даляраў - 1,568 млрд даляраў. Часткова праз уведзеныя расейскай стараной абмежаванні, часткова - праз пераарыентацыю паставак згушчаных вяршкоў і сухога малака і масла. Калі ў 2015 годзе паводле гэтых найважнейшым пазіцый малочнага экспарту на расейскі рынак прыпадала звыш 95%, то у 2018 годзе ўжо 50-60%.

Агулам у малочным экспарце істотна выраслі дзелі Казахстана і Кыргызстана. У мінулым годзе буйныя партыі сухога малака і сыроў былі адгружаны ў Кітай, масла - у Турцыю.

У 2015 годзе дзель найбуйнейшага пасля Расеі пакупніка беларускай малочнай прадукцыі Казахстана складала ўсяго 2,3%. У «нерасейскую пяцёрку» ўваходзілі таксама Азербайджан (0,3%), Украіна (0,2%), Малдова (0,12%) і Турцыя (0,11%).

У 2018 годзе Казахстан імпартаваў малочнай прадукцыі з Беларусі на суму звыш 200 млн даляраў, што складае 10,5% ад усіх замежных паставак беларускіх малакаперапрацоўчых камбінатаў. Дзель Кітая склала 3%, Кыргызстана - 2,9%, Украіны - 1,4%, Турцыі - 0,7%, Азербайджана - 0,6%.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках